Вторник, 8 октября 2024

Качели для Луи. Чудесная история питомца кобринского приюта для животных

459

Хочам вас пазнаёміць з сабачкам па мянушцы Луі. Гэты “дваранін” цяпер жыве ў любячай сям’і, дзе ў яго не толькі ўдосталь смачнай ежы, але і ёсць свой асабісты дом з мноствам цацак. Нават арэлі на двары ён таксама лічыць асабістай уласнасцю. Малому гарэзу сходзяць з рук (ці з лап?) і шматлікія свавольствы, ўласцівыя шчанюкам усіх парод.


А вось пачынаўся яго жыццёвы шлях зусім не так радасна.
Ранняй вясной сабачку, зусім маленькага, выкінулі да кас чыгуначнай станцыі суседняга раёна. На шчасце, у Кобрыне ёсць прыватны прытулак для жывёл, і ў хуткім часе Луі трапіў на ператрымку да мясцовых валанцёраў, дзе, дарэчы, і атрымаў такое гучнае імя.


У гэты ж час у Пружанах сям’я з двума дзецьмі шукала надзейнага чатырохлапага сябра. Пошукі прывялі іх на сайт https://sos-kobrin.by. Валанцёры ўважліва выслухалі пажаданні патэнцыйных гаспадароў і падабралі сабаку пад іх патрэбы. Ужо на наступны дзень Луі быў бясплатна дастаўлены да месца новага жыхарства.


— Што мяне прыемна здзівіла, дык гэта тое, што сабаку нам перадалі з ветэрынарным пашпартам, дзе адзначаны ўсе адпаведныя яго ўзросту прышчэпкі. Ён быў апрацаваны і ад паразітаў, — дзеліцца ўражаннямі гаспадыня Людміла. – Больш таго, валанцёр Ангеліна рэгулярна цікавіцца жыццём свайго былога падапечнага, нагадвае пра наступныя прышчэпкі і дае слушныя рэкамендацыі.

Дарэчы, сярод рэкамендацый валанцёраў – кастрацыя ці стэрылізацыя. Гэтая працэдура дапамагае знізіць колькасць бадзяжных жывёл, а таксама робіць гадаванцаў больш паслухмянымі і зводзіць да мінімуму іх жаданне збегчы на пошукі “другой палавінкі”.

Наша парада:
Як выбраць сабаку ў прытулку? Гэта вельмі проста. Замест таго, каб разглядаць фотаздымкі, падумайце, які сабака вам падыдзе: баявы ці спакойны, вялікі ці маленькі, шумны ці ціхі. У сабакі будзе магчымасць знаходзіцца на двары дома ці большасць часу ён будзе бавіць у гарадской кватэры? Сфармулюйце спіс характарыстык, паведаміце іх валанцёрам — і праз паўгадзіны патрэбны сабака знойдзецца. Магчыма, ён будзе не зусім такім, якога вы бачылі на фота, але сапраўды вашым.

На галоўнай старонцы сайта https://sos-kobrin.by/ ёсць невялікае апытанне, якое таксама дапаможа вам зрабіць свой выбар.
Кацярына Пашкевіч.