Сур’ёзная ўвага ахове працы на вытворчасці надаецца не толькі дзеля прадухілення прамых выдаткаў на магчымую аплату бальнічных лістоў. Ёсць яшчэ і ўскосныя страты: прастойванне абсталявання, зрыў запланаваных паказчыкаў па выпуску прадукцыі, невыкананне кантрактаў і зніжэнне рэпутацыі вытворцы. У большасці выпадкаў падобныя выдаткі на парадак перавышаюць прамыя расходы.
Каб дапамагчы прадпрыемствам і арганізацыям раёна, створана мабільная група райвыканкама, якая аказвае метадычную і практычную дапамогу ў выкананні заканадаўства па ахове працы. Яна рэгулярна праводзіць абследаванне вытворчых аб’ектаў наконт выканання правілаў бяспекі на працоўных месцах. На мінулым тыдні яе члены разам з карэспандэнтамі «Раённых будняў» наведалі філіял «Аранчыцкае ХПП» і ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка».
Яшчэ па дарозе спецыяліст раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ж.М.Клімец паведаміла, што гэтыя арганізацыі надаюць забеспячэнню бяспекі працы сур’ёзную ўвагу.
— Менавіта ў плане стаўлення да рэкамендацый рабочай групы адносна выяўленых недахопаў,— зазначае Жанна Мікалаеўна.— Зразумела, што ў рабоце практычна ва ўсіх могуць здарацца ўпушчэнні: складана наладзіць кантроль за дзеяннямі кожнага работніка прадпрыемства. Але тут імкнуцца выправіць недахопы, на якія мы звярнулі ўвагу адказнага спецыяліста.
Менавіта з гэтай мэтай і была створана рабочая група па ахове працы, у якую ўключаны работнікі многіх службаў, што ажыццяўляюць кантроль за выкананнем правілаў бяспекі на вытворчасці. Праводзяцца абследаванні, па выніках якіх даюцца неабходныя парады. Калі да іх не прыслухоўваюцца, то ўступаюць у дзеянне іншыя механізмы.
Напрыклад, пры нядаўнім наведванні мабільнай групай структурных падраздзяленняў ААТ «Айчына» на некаторых участках былі паўторна выяўлены парушэнні патрабаванняў бяспекі, на якія звярталася ўвага раней. Як зазначае спецыяліст упраўлення, асабліва трывожыць сітуацыя на тэрыторыі мехмайстэрняў у аг.Харава, дзе беспарадак можа прывесці да трагічнага выніку. З улікам гэтага ўнесены прапановы кіраўніцтву аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці трох адказных асоб з адпаведных падраздзяленняў.
Іншую сітуацыю мы ўбачылі на тэрыторыі хлебапрыёмнага прадпрыемства ў Аранчыцах. Адразу прыцягвае ўвагу парадак на тэрыторыі і ўнутры вытворчых аб’ектаў. Нават кацельня прадпрыемства стварае ўражанне, што абсталяванне ў памяшканні нібыта толькі-толькі зманціравана, а не выкарыстоўвалася доўгія гады. На іншых участках таксама захоўваецца парадак, што бачна па дагледжаным абсталяванні. А спраўны інструмент заўсёды сведчыць пра клапатлівае стаўленне да даручанай справы і выканання патрабаванняў бяспекі.
Хаця пэўныя заўвагі са свайго боку выказалі спецыяліст упраўлення Ж.М.Клімец і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук. Пераважная большасць недахопаў выяўлена ў вядзенні дакументацыі, што неабходна выправіць у абавязковым парадку. Пры ўзнікненні канфліктных сітуацый толькі скрупулёзная рэгістрацыя ўсіх дзеянняў службы аховы працы дасць магчымасць устанавіць справядлівасць.
Крыху больш недахопаў члены працоўнай групы разгледзелі на тэрыторыі мехмайстэрні ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка». Тут трэба зрабіць «скідку» на большую колькасць работнікаў ды і інжынер па ахове працы А.Д.Антановіч зусім нядаўна прыступіла да выканання абавязкаў. Хаця па ўсім бачна, што спецыяліст адказна ставіцца да сваёй работы: Алена Дзмітрыеўна запісвала ўсе рэкамендацыі дасведчаных спецыялістаў, задавала дадатковыя пытанні адносна кантролю абсталявання
З пачатку бягучага года на вытворчасці было зарэгістравана 15 няшчасных выпадкаў, з якіх адзін закончыўся трагічна і 5 — цяжкім вынікам. У асноўным прычынамі здарэнняў сталі парушэнні пацярпелымі інструкцый і правілаў па ахове працы (7 выпадкаў) і парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы адказнымі асобамі (3 выпадкі). Відавочна, што работа мабільнай групы набывае актуальнасць на фоне росту сумнай статыстыкі. Неабходна толькі дадамагчыся адпаведнай рэакцыі з боку тых спецыялістаў, якія адказваюць за бяспеку працы непасрэдна на вытворчасці.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара.