Чаго мы чакаем ад Новага года? Канечне, здзяйснення жаданняў. А іх у кожнага з нас хоць адбаўляй, маленькіх і вялікіх. Заўсёды ў чаканні лепшага ў надыходзячым годзе і нашы сельскія працаўнікі.

Здаецца, прырода паснула, адпачывае, так было і так будзе заўжды. Усё ў гэтым свеце хоць які час павінна знаходзіцца ў стане спакою, набірацца сіл. Толькі нашым земляробам, нават калі рукі адпачываюць, усё роўна даводзіцца працаваць галавой. На вуліцы зіма, хоць, на жаль, і бясснежная, а наш мужык-беларус ужо плануе будучую сяўбу, а як жа там усходы падымуцца ці парадуе цэнтнерамі будучы ўраджай? І нічога не парадзіш, інакш нельга, калі душой прыкіпеў да роднай зямлі, хочаш быць на ёй гаспадаром, а не праезджым госцем. На такіх вось шчырых працаўніках і па сённяшні дзень трымаецца сельская гаспадарка Беларусі.
І трэба адзначыць, што з года ў год паказваем добрыя рэзультаты па ўсіх накірунках, будуем смелыя планы і нашы працаўнікі вёскі ў плане работы — наперадзе планеты ўсёй. На іх і раўненне.

Усё пад пільным кантролем. Тая ж жывёлагадоўля. Кожны дзень, у спёку ці ў снег усё накормлена і напоена. Кожная карова аблашчана, прывітана добрым словам. Нават цяжка ўявіць, наколькі душэўным чалавекам трэба быць, каб несці ў сабе столькі дабрыні да ўсяго жывога. А праца на тым жа малочнатаварным комплексе вельмі цяжкая, і з самай раніцы ты каля сваіх пястух, і познім вечарам не расстаешся. Але нашым жывёлаводам усё пад сілу, бо няма на свеце народа больш цярплівага, пакладзістага і шчырага, чым беларусы. Пэўна гэта ведаюць і ў ААТ «Ліноўскае».
А раслінаводства? Гэта ж як трэба любіць абраную справу, каб начэй не спаць, думаць аб рабоце, а разам з сонцам ужо быць на палетку, на свае вочы назіраць, як з глебы праклёўваюцца кволыя расткі будучага ўраджаю, хвалявацца аб нарыхтоўцы кармоў. А такія вось яны, нашы земляробы, якімі па праве ганарыцца ўся краіна, у тым ліку і сельгаставарыства «Ліноўскае». І Беларусь кожны год паказвае сваёй стваральнай працай, што жыць на роднай зямлі можна мірна і ў згодзе, есці свой духмяны хлеб, пячы смачныя пірагі, дыхаць самым гаючым паветрам у свеце. І, як паказвае практыка, зерня ў нас штогод усё больш, і кармамі (сенажом, сіласам, сенам) забяспечаны ў
поўнай меры. Проста, відаць, у крыві нашых сельскіх працаўнікоў закладзена заўсёды жыць сумленна, у згодзе з сабой і суседзямі.

ААТ «Ліноўскае» ў гэтым плане вельмі пашанцавала. Не сказаць, што гаспадарка вялікая, але людзі тут працуюць адменныя, галоўнае, свае, такія знаёмыя і родныя. Кожны ведае свой участак работы, сур’ёзна ставіцца да працоўных абавязкаў. Дый не будзе на зямлі працаваць чэрствы чалавек, які гоніцца толькі за выгадаю, бачыць сябе і грэбуе астатнімі. Таму ў сельгаставарыстве заўсёды вітаюцца і шануюцца людзі справы, а не пустасловы, тыя, хто можа весці за сабой, быць прыкладам сапраўднага беларуса, гасціннага і працавітага. З такой упэўненасцю і ідзём у будучыню, на тым і трымаемся, чаго жадаем у новым годзе ўсім сельгаставарыствам нашай краіны.
Старонку падрыхтаваў Вадзім РАЎНЕЙКА. Фота Кацярыны Масік
З наступаючым Новым годам! Удачы вам, дарагія і блізкія, сябры і проста знаёмыя!
Дабра і здзяйснення жаданняў, міру і ўзаемаразумення, цвёрдай глебы пад нагамі, грошай і дабрабыту. Працягвайце захоўваць свае жыццёвыя каштоўнасці, будзьце спагадлівымі і любіце адзін аднаго, нягледзячы ні на што. Няхай усе беды застануцца ў мінулым годзе, а новы прынясе толькі станоўчыя эмоцыі і многа светлых радасных дзён. Жывіце ў багацці і гармоніі з сабой, захапляючыся кожнай секундай, праведзенай з роднымі. Адпусціце ўсе крыўды і шкадаванні, імкніцеся толькі да лепшага, пастаянна самаўдасканальвайцеся. Будзьце велікадушнымі і справядлівымі, здаровымі і вельмі пазітыўнымі! З Новым годам, з непарушнай верай у будучыню!
Васіль Казмярчук, дырэктар ААТ «Ліноўскае»