Трэба дапрацаваць механізм прыёму ў ВНУ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час наведвання гэтай адукацыйнай установы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб структуры тэхнапарка, напрамках дзейнасці, сістэме работы з адоранай моладдзю і перспектывах развіцця ўстановы адукацыі. Дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко расказаў аб структуры ўстановы, куды ўваходзіць школа, вучэбна-лабараторны корпус і інтэрнат.
Размова ішла таксама і аб правілах прыёму дзяцей у тэхнапарк. Спачатку навучэнцы завочна падаюць заяўкі, затым праходзяць гутарку ў вочнай форме і выконваюць тэставае заданне.
Кіраўнік дзяржавы даручыў вывучыць вопыт тэхнапарка і прапрацаваць механізм паступлення навучэнцаў ва ўніверсітэты: «А чаму мы не можам іх вопыт узяць пры паступленні ў ВНУ? — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да міністра адукацыі Андрэя Іванца. — Тэст, селі, сам-насам пагаварылі, набралі студэнтаў».
«Па вашым даручэнні мэтавікоў мы ў гэтым годзе набіралі менавіта такім чынам», — адказаў кіраўнік Мінадукацыі.
«Астатніх — не?» — удакладніў Прэзідэнт.
«Астатніх не, але мы будзем глядзець і ўносіць прапановы па гуманітарных напрамках», — сказаў міністр.
«Нам трэба выбраць механізм прыёму ў ВНУ. Што лепш — тэсціраванне, гутарка… Трэба выпрацаваць аптымальны варыянт», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Галоўны пасыл Прэзідэнта наконт выпускнікоў тэхнапарка датычыўся іх далейшай дзейнасці — каб гэтыя адораныя, здольныя вучні, якія атрымалі каштоўныя веды і вопыт, былі задзейнічаны на карысць сваёй краіны.
«Глядзіце, каб не прапалі гэтыя хлопцы і дзяўчаты. Гэта ж унікальныя дзеці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым годзе ў час уступнай кампаніі для тых, хто вучыўся ў дзіцячым тэхнапарку, ужо былі асаблівыя ўмовы пры прыёме ў ВНУ — па новых правілах прыёму 23 выпускнікі тэхнапарка залічаны ў ВНУ без уступных іспытаў па рэкамендацыі наглядальнага савета тэхнапарка.
Як адзначыў Сяргей Сачко, адміністрацыя парка ставіць перад сабой задачу ў бліжэйшы час наладзіць сістэму суправаджэння сваіх выпускнікоў да першага працоўнага месца. Рабіць гэта яны маюць намер у цесным супрацоўніцтве з ВНУ.
У планах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка на перспектыву таксама абнаўленне вучэбных праграм і распрацоўка праектаў пад патрэбнасці рэальнага сектара эканомікі.