Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Палацы Незалежнасці паставіў задачы па выніках замежных візітаў. Кіраўнік дзяржавы патрабуе, каб урад і іншыя адказныя аператыўна падключыліся да рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Хацеў бы з вамі сёння абмеркаваць вынікі нашай камандзіроўкі — урадавай дэлегацыі і маёй па далёкай дузе, як мы яе часта называем. Думаю, што ў людзей і ў вас сёння не павінна ўзнікаць пытанняў, што такое далёкая дуга», — сказаў Прэзідэнт.
Фактычна геаграфія візітаў расцягнулася ад Ціхага да Атлантычнага акіянаў. «Мы намалявалі рэальна гэту далёкую дугу, па якой мы павінна працаваць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт растлумачыў, што ў кола блізкай дугі супрацоўніцтва — суседзяў і партнёраў Беларусі — уваходзяць краіны СНД.
«Расія і КНР — дзве дзяржавы, з якімі мы маем найбольш развітыя адносіны, — гэта асобная гісторыя. Вы ведаеце, што прыняты і рэалізуюцца адпаведныя рашэнні Прэзідэнта асобна па гэтых дзяржавах, — падкрэсліў беларускі лідар. — А далёкая дуга — вось яна абазначана. На поўнач, на поўдзень размешчаны дзяржавы, якія нас вельмі цікавяць».
Аб рабоце з Індыяй
Аляксандр Лукашэнка згадаў аб развіцці супрацоўніцтва з Індыяй, хоць на гэты раз ні на вышэйшым, ні на ўрадавым узроўні ў гэту краіну візітаў не было.
«Асобнае пытанне, ніяк не можам выйсці на яго прынцыповае вырашэнне, — гэта работа з індыйскай дзяржавай. У свой час былы міністр замежных спраў пачаў прынцыпова займацца гэтым пытаннем», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён даручыў цяперашняму кіраўніку МЗС Сяргею Алейніку ў бліжэйшы час, не пазней за першы квартал будучага года, унесці свае прапановы па гэтым пытанні. «План работы з Індыяй. Менавіта план. Як гэта мы рабілі ў Афрыцы з Экватарыяльнай Гвінеяй. Нам не патрэбны турыстычныя паездкі. Нам патрэбны рашэнні канкрэтных пытанняў», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Аб кантролі за рэалізацыяй дамоўленасцей у Афрыцы
«Што датычыцца Афрыканскага кантынента, я хачу ўсіх папярэдзіць. Віцэ-прэм’ераў я запрасіў, хоць яны і не былі паглыблены ў дэталі гэтых падрыхтоўчых візітаў нашых спецыялістаў, міністраў. Яны ведаюць гэта. Я вас запрасіў для таго, каб вы ўзялі на асаблівы кантроль вынікі гэтых камандзіровак», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з Экватарыяльнай Гвінеяй работа вялася па-новаму: «Усё ішло пад маім вельмі строгім кантролем. Там пабываў міністр замежных спраў, устанавіў кантакты з гэтай дзяржавай, затым спецыялісты працавалі. І міністры, напярэдадні майго візіту наведаўшы гэту краіну, выпрацавалі асноўныя напрамкі (іх 15) нашай работы і 74 канкрэтныя праекты, якія мы дамовіліся ажыццявіць разам з нашымі сябрамі ў Экватарыяльнай Гвінеі. І іх трэба рэалізаваць. Я проста катэгарычна на гэтым настойваю і папярэджваю».
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы паставіў задачу памочніку Прэзідэнта Аляксандру Косінцу ўзяць на кантроль у Адміністрацыі Прэзідэнта работу з Экватарыяльнай Гвінеяй і Кеніяй — краінамі ў Афрыцы, дзе на гэты раз пабываў кіраўнік дзяржавы. «Вы наверсе, пазначце сабе і кантралюйце, вывучыце ўсе гэтыя пытанні. Гэта тут, у Адміністрацыі Прэзідэнта, павінна быць на кантролі. Каб не было, як у нас часам бывае, што мы праводзім рэвізіі нашых адносін з тымі або іншымі дзяржавамі, нешта выключаем, нешта дабаўляем. Мы дамовіліся, і нам трэба рэалізоўваць гэтыя праекты», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што, знаходзячыся ў Экватарыяльнай Гвінеі, адкрыта там сказаў, што з боку Беларусі гэта не дабрачынная дапамога. «Мы не Амерыка, якая друкуе грошы. І не Кітай, у якога велізарная колькасць рэзерваў. І нават не Расія. Мы павінны дамаўляцца за грошы і выключна добрасумленна працаваць. Там вельмі добрыя перспектывы. Там трэба ўсё, што мы ўмеем рабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра Кенію, Прэзідэнт звярнуўся да Віктара Шэймана: «Я вам ужо гаварыў у час палёту: вазьміце і займайцеся Афрыкай, як некалі вы пачыналі. Яна павінна быць пад кантролем у вас як спецыяльнага пасланніка Прэзідэнта. Па Кеніі вы ведаеце пытанні, па якіх нас папрасіў Прэзідэнт дапамагчы ім: тры глабальныя выгадныя для нас пытанні. Ну і іншыя. Таму Афрыка і Кенія асобна — гэта ваша пытанне. Афрыканскі кантынент. Вы пачыналі там, вы за яго адказваеце».
Аб плённым візіце ў Кітай
Што датычыцца Кітайскай Народнай Рэспублікі, то за работу з гэтай краінай персанальную адказнасць нясе першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, які таксама прысутнічаў на нядаўніх перагаворах у Пекіне на вышэйшым узроўні разам з кіраўніком МЗС.
Аляксандр Лукашэнка назваў візіт у Кітай вельмі карысным і плённым, і кітайскі бок гатовы да сумеснай работы па абмеркаваных пытаннях: «Не» — не было чуваць такога слова (у час перагавораў. — Заўвага БЕЛТА). Усе пытанні, якія мы паставілі перад Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, атрымалі адзін адказ: «Так, мы гатовы працаваць, паглыбляцца, давайце разам, давайце па-сяброўску працаваць».
«Кітай — гэта будучыня ўсёй планеты. І тое, што ў нас з ім добрыя адносіны, — гэта наш плюс, наша дасягненне», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аб Эміратах
«Што датычыцца Эміратаў, яны працуюць з намі па асобных пытаннях. Нідзе няма тармажэння. І дамаўляліся, што, магчыма (у іх вельмі вялікая цікавасць), мы можам разам працаваць у Афрыцы. Там для іх вялікі кавалак работы, маючы на ўвазе іх уплыў у свеце і тыя фінансавыя рэсурсы, якія ў іх ёсць. Таму калі ў іх будзе цікавасць па асобных пытаннях працаваць, мы гатовы іх падключаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аб агульных задачах
Кіраўнік дзяржавы настроіў усіх удзельнікаў нарады на эфектыўную, паслядоўную і аператыўную работу па рэалізацыі дасягнутых у розных краінах дамоўленасцей. Для гэтага важна дзейнічаць разам, а не паасобку. «Усё павінна быць сканцэнтравана ў Міністэрстве замежных спраў. Там усё павінна быць. Паглядзім, як новы міністр замежных спраў справіцца з гэтымі пытаннямі. Гэта велізарная колькасць пытанняў. Таму я і даручаю і Шэйману, і Косінцу падключыцца і гэтак далей. Ураду і міністрам давядзецца рэалізоўваць усе дамоўленасці. Я проста катэгарычна вас папярэджваю аб тым, каб не было нейкага тармажэння», — заявіў беларускі лідар.
Як паведамлялася БЕЛТА, за апошнія два тыдні Аляксандр Лукашэнка наведаў з візітамі шэраг замежных краін.
У пачатку снежня ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах ён прыняў удзел у Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату і правёў шматлікія сустрэчы з замежнымі калегамі на палях гэтага форуму.
Пасля гэтага Прэзідэнт пабываў у Кітаі, дзе сустрэўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
Пасля вяртання ў ААЭ кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам гэтай краіны шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.
З ААЭ Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Афрыку. Адбыўся афіцыйны двухдзённы візіт у Экватарыяльную Гвінею і рабочы візіт у Кенію.
У сваю чаргу прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў гэтыя дні наведаў Узбекістан і В’етнам, дзе адбыліся перагаворы і сустрэчы на розных узроўнях.