Напрыканцы студзеня гэтага года райцэнтр перажыў некалькі «некамфортных» дзён з-за аварыі на галоўнай каналізацыйна-помпавай станцыі. Пасля ўхілення наступстваў паломкі абсталявання для ўтылізацыі сцёкаў гарадской сістэмы быў праведзены аналіз прычын аварыі.
Ён засведчыў неабходнасць неадкладнай замены састарэлых механізмаў і ўвогуле правядзення мадэрнізацыі існуючай сеткі. Пра планы і крыніцы фінансавання «раёнка» падрабязна расказала літаральна «па слядах» аварыі. Аднак мінуў час, і чытачы газеты пацікавіліся, ці зрушылася справа з месца. З гэтым пытаннем мы звярнуліся ў камунальную службу.

Як паведаміў намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» Віталій Казлоў, для замены напорнага калектара з абласнога бюджэту выдзелена паўмільёна рублёў. Усяго ж на вырашэнне гэтай задачы патрэбна каля 900 тысяч рублёў. Таму ў асноўным фінансаванне было накіравана на набыццё сродкаў і расходных матэрыялаў, а ўсе адпаведныя работы для паніжэння выдаткаў узялі на сябе пружанскія камунальшчыкі.
Што неабходна зрабіць у бягучым годзе? Поўнасцю замяніць адну нітку напорнага калектара, які «злучае» гарадскую забудову з ачышчальнымі збудаваннямі. Ад вуліцы Горына-Каляды, дзе знаходзіцца ГКПС, да ўрочышча Песчына крыху больш за 2,6 кіламетра магістралі, якая пракладвалася ў 80-я гады мінулага стагоддзя. За чатыры дзесяцігоддзі металічныя трубы пазношваліся і перасталі адпавядаць тэхналагічным патрабаванням. Таму зараз былы калектар вымаецца з зямлі, а на яго замену ўкладваюцца поліэтыленавыя трубы, тэрмін службы якіх амаль удвая большы. Дзякуючы гэтаму істотна зменшыцца рызыка ўзнікнення аварый, а таксама знізіцца нагрузка на экалогію.

Актыўныя работы вядуцца ўжо некалькі месяцаў, і паступова фронт набліжаецца да гарадскіх межаў. Па словах Віталія Ігаравіча, ступень выканання работ знаходзіцца ў рамках запланаванага, адпаведна з чым іх фінал прымеркаваны на апошні месяц года.
Паралельна патрабуе ўвагі і тэхналагічнае абсталяванне самой ГКПС, якое, як паказаў студзень 2023 года, таксама не вытрымлівае цяперашніх нагрузак. Неабходна замена асноўных механізмаў аб’екта, у тым ліку трох помп і дапаможных сістэм на больш мадэрнізаваныя, пастаўка якіх пакуль яшчэ чакаецца.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік