На вуліцы Юбілейнай паміж школьным стадыёнам і дзіцячым садком ужо каторы дзень працуюць рабочыя: ці дарожнае пакрыццё рамантуюць, ці тратуар робяць — незразумела. Можа, рэдакцыя адкажа на пытанне, што тут будзе?
Са званка ў рэдакцыю.
Мы даведаліся, што абнаўленне дарожнага пакрыцця вядзецца зараз не толькі тут, але і каля некаторых іншых устаноў адукацыі раёна. Работнікі камунальнай і дарожнай службаў працуюць, каб у новым навучальным годзе дзецям стала больш камфортна і, вядома ж, бяспечна дабірацца на заняткі.
Разваротную пляцоўку для пад’езду транспарту і высадкі дзяцей уладкоўваюць каля СШ №3 і дзіцячага садка №3 з боку вуліцы Юбілейнай.
Чаму ўзнікла неабходнасць у гэтым? Справа ў тым, што падчас навучальнага года па раніцах каля дзіцячага садка стваралася сапраўды небяспечная дарожна-транспартная сітуацыя. На асабістых аўтамабілях многія бацькі падвозілі сваіх дзяцей на заняткі і высаджвалі на Юбілейнай каля трэцяй школы. Транспарту многа, разварочвацца і выязджаць адтуль нязручна…
— Раніцай там ствараўся калапс, і гэта вельмі небяспечна для дзяцей, — тлумачыць сітуацыю начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз. — У сувязі з гэтым вырашылі ініцыяваць стварэнне пляцоўкі для пасадкі і высадкі пасажыраў праз камісію па бяспецы дарожнага руху, якая дзейнічае пры райвыканкаме.
Спецыяльная зона для транспарту, уладкаваць якую даручылі «Камунальніку», будзе ўяўляць сабой заасфальтаваную пляцоўку, з якой тут жа, па дарожках, праз новыя асобныя ўваходы можна трапіць на тэрыторыю і школы, і садка.
Да слова, гэта будзе вельмі зручна не толькі для мясцовых дзяцей: з новага навучальнага года ў СШ №3 і ў размешчаным па суседстве дзіцячым садку будуць навучацца школьнікі і дашкольнікі з Загорскага ВПК і Белавусаўшчынскага дзіцячага садка, якія сёлета закрываюцца. Для камфортнага падвозу дзяцей на школьным аўтобусе і іх бяспечнай высадкі новая пляцоўка проста неабходная.
На месцы новага ўвахода, які з’явіцца на тэрыторыі дзіцячага садка, ужо ўстаноўлены веснічкі. Для ўваходу на двор школы зроблены акуратны мосцік і пракладзена дарожка, якая вядзе да школы.
Таксама дзеля бяспекі дзяцей новыя невялікія пляцоўкі для пасадкі і высадкі пасажыраў ужо зроблены каля Хараўской школы і Велікасельскага ВПК, куды падвозяць вучняў і дашкольнікаў з суседніх вёсак.
А вось у Слабудцы абнаўляюць пад’язную дарогу да школы. Тут мяняюць не толькі дарожнае пакрыццё, але і тратуары, па якіх дзеці будуць ісці на вучобу.
— Дарога на пад’ездзе да нашай установы адукацыі сапраўды была ў кепскім стане, — кажа дырэктар Слабадской школы Эльміра Токарава. — Мы звярталіся па дапамогу ў сельвыканкам, і цяпер работнікі ДРБУ-140 наводзяць у нас парадак, за што мы вельмі ўдзячныя.
Вядома, усе пачатыя работы, сродкі на якія былі выдаткаваны з раённага бюджэту, павінны завяршыцца да канца жніўня. І ўжо 1 верасня дзеці і іх бацькі змогуць ацаніць зручнасць і хараство абнаўленняў каля сваіх школ і садкоў.
Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік