Вторник, 18 февраля 2025

Каб дакладна выконваўся закон. Сёння работнікі пракуратуры адзначаюць прафесійнае свята

1 464

Загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 1995 года было ўстаноўлена прафесійнае свята работнікаў пракуратуры.
Першае згадванне пра пракуратуру Брэсцкай вобласці ў архіўных дакументах адносіцца да 8 снежня 1939 года. А вось звестак пра тое, калі была ўтворана пракуратура Пружанскага раёна і хто яе ўзначальваў, на жаль, не захавалася. Вядома, што ў пасляваенны перыяд, калі тэрыторыя сучаснай Пружаншчыны падзялялася на тры адміністрацыйныя адзінкі: Пружанскі, Ружанскі і Шарашоўскі раёны, — у кожнай з іх працавала па 2-3 аператыўныя работнікі.


Сёння ў пракуратуры раёна працуе восем чалавек, чатыры з іх — пракурорскія работнікі. З 2018 года пракуратуру ўзначальвае Аляксандр Міхайлавіч Вярбіцкі. Пасаду яго намесніка займае Андрэй Ігаравіч Хвалько, старшага памочніка — Аляксей Андрэевіч Крупскі, памочніка — Вераніка Эдуардаўна Манец.


— У беларускай Канстытуцыі пракуратуры адводзіцца асобны, сёмы раздзел, які рэгламентуе парадак яе дзейнасці. Гэтым і падкрэсліваецца самастойны характар пракурорскага нагляду, — гаворыць пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі. — Рэалізуючы свае паўнамоцтвы па ажыццяўленні нагляду за дакладным выкананнем законаў, пракурорскія работнікі праводзяць значную работу па ўмацаванні законнасці і правапарадку. Нашай першараднай задачай з’яўляецца аднаўленне парушаных правоў грамадзян, таму невыпадкова мы надаём асаблівую ўвагу рабоце са зваротамі заяўнікаў.


Усяго ў бягучым годзе ў пракуратуру паступіла і было разгледжана 72 звароты грамадзян і юрыдычных асоб. У шэрагу выпадкаў звароты былі прызнаны абгрунтаванымі — па іх прыма-ліся адпаведныя меры пракурорскага рэагавання. Трэба зазначыць, што работа вядзецца не толькі з пісьмовымі і электроннымі зваротамі: штодзень пракурорскія работнікі прымаюць грамадзян у пракуратуры, у хо-дзе асабістых прыёмаў тлумачаць заяўнікам патрабаванні заканадаўства, парадак і кампетэнцыю рашэння пытанняў.


Крыху лічбаў і фактаў. Толькі сёлета пракуратура накіравала ў суд для разгляду больш за 80 крымінальных спраў. Пракурорскімі работнікамі падтрымана дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе па 67 крымінальных справах. Па выніках 25 пракурорскіх праверак у сферы нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў, а таксама заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, аб непаўналетніх і моладзі ўнесена 24 прадстаўленні і 31 загад аб скасаванні парушэнняў закона. Па выяўленых фактах парушэнняў дзеючага заканадаўства пракуратура ініцыявала прыцягненне 32 асоб да адміністрацыйнай адказнасці, 85 — да дысцыплінарнай.


Работнікі пракуратуры Пружаншчыны добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі, праяўляюць ініцыятыву. Пацвярджэнне таму — рэгулярныя заахвочванні за дасягнутыя поспехі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Вось і нядаўна, у лютым бягучага года, пракурор раёна А.М.Вярбіцкі быў занесены на Дошку гонару Генеральнай пракуратуры загадам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.


Сёння пракуратура раёна рыхтуецца да святкавання 100-годдзя дзяржаўнага органа: яно будзе адзначацца ў наступным годзе.
Андрэй Хвалько, намеснік пракурора.