З нядаўняга часу ў фірменных магазінах ААТ «Ружаны-Агра» можна набыць не толькі свежае мяса і паўфабрыкаты, але і каўбасныя вырабы ўласнай вытворчасці.
Калі не стаяць на месцы, а ўвесь час быць у руху, ставіць перад сабой задачы і выконваць іх, тады абавязкова цябе будзе чакаць поспех. Гэтак было і будзе заўсёды. І адносіцца прапісная ісціна як да асобнага чалавека, так і да любой арганізацыі, прадпрыемства. А ці можна, напрыклад, сельгаставарыству зарабіць капейку не толькі на малацэ ці збожжы? На дадзенае пытанне могуць даць грунтоўны адказ у ААТ «Ружаны-Агра».
Гаспадарка займаецца вырошчваннем не толькі буйной рагатай жывёлы, але мае свой свінакомплекс. Вырашылі: калі ёсць цэх забойны, то чаму б самім не наладзіць вытворчасць мясной прадукцыі? І распачалі выпуск паўфабрыкатаў. Усё атрымалася на высокім узроўні, палюбілі ружанскую прадукцыю не толькі ў нашым раёне, але і ў Слоніме. Што смачна, могуць пацвердзіць пакупнікі, якія што ні дзень завітваюць у магазін «Ружанскі пачастунак» у г. Пружаны. Заслужылі станоўчую рэпутацыю якасцю і натуральнасцю мясных вырабаў.
Гэта быў першы крок. Яшчэ ў далёкім 2015 годзе з’явілася задума самім вырабляць гатовую мясную прадукцыю, тыя ж каўбасы. Але амаль дзесяць гадоў то была толькі мара. Не, пэўныя зрухі рабіліся, распачынаўся рамонт будынка пад каўбасны цэх у в. Юндзілы. І толькі з прыходам у сельгаставарыства на пасаду дырэктара Андрэя Босака, які да гэтага працаваў у ААТ «Белавежскі», дзе добра развітая мясная вытворчасць, мара паступова перарасла ў рэальнасць.
Каля года займаліся навядзеннем парадку ў цэху, тынкавалі і фарбавалі сцены, клалі плітку, прыхарошвалі тэрыторыю. Пасля было завезена расійскае абсталяванне для вырабу прадукцыі. А яшчэ праект, рэгістрацыя. На ўсё было выдаткавана 450 тыс. рублёў. Сума немалая, але ў ААТ «Ружаны-Агра» вераць, што яна хутка акупіцца, і для гаспадаркі будзе дадатковая крыніца даходаў. Дзякуй вялікі Мікалаю Канановічу, начальніку мясанарыхтоўчага цэха сельгаставарыства, які прыклаў нямала сіл для адкрыцця вытворчасці. Працаваць у цэх таксама абы-каго не паставіш, таму падбіралі скрупулёзна персанал і нават навучалі. Для абучэння рабоце з асноўным абсталяваннем, тэрмакамерай, выклікалі нават спецыяліста з Расіі. На дадзены момант працуюць як свае работнікі, так і са Слонімскага раёна.
Што ўразіла падчас наведвання цэха? Ідэальная чысціня, усе апрануты ў халаты, на галаве — шапачкі, на нагах — бахілы. Пры ўваходзе працуе дэзбар’ер. Так і патрэбна ў дадзеным выпадку. Свежае мяса адразу паступае ў маразільныя камеры, дзе захоўваецца пры вызначанай тэмпературы. Наступны крок — абвальванне — аддзяленне мяса ад косці, жылоўка. І далей: выраб каўбаснай эмульсіі, вакуумнае шпрыцаванне абалонкі і… прыгатаванне. Даволі складаны працэс, на выхадзе якога атрымліваюцца ружанскія каўбасы з непаўторным пахам. Чаму такія смачныя (самі спрабавалі)? Бо гатуюцца з мінімальным ужываннем стабілізатараў і кансервантаў, па рэцэптуры, згодна з нарматывамі Міністэрства аховы здароўя.
Асартымент пакуль што складае больш за 20 найменняў. Вывучаецца попыт, што будзе больш да спадобы аматарам мясных вырабаў. Мяркуецца, што пакупнікі змогуць рабіць заяўкі на прадукцыю каўбаснага цэха. Цяпер жа вашай увазе сасіскі, сардэлькі, сервелат, паўвэнджаныя каўбасы, прадукты са свініны і ялавічыны вэнджаныя і яшчэ шмат чаго. Пахі на складзе гатовай прадукцыі стаяць неймаверныя, здаецца, усяго з’еў бы і многа.
Ужо цяпер ёсць прыхільнікі каўбасы з ААТ «Ружаны-Агра». Для астатніх паведамляем: фірменныя магазіны гаспадаркі запрашаюць усіх пакаштаваць розныя гатовыя мясныя вырабы. Парадуйце сябе духмянай прадукцыяй.
Планку ўзялі ў ААТ «Ружаны-Агра» высокую, і яе абавязкова трэба ўтрымаць. Ды з талковым кіраўніцтвам і адказнымі працаўнікамі гаспадаркі гаворка павінна весціся не пра ўтрыманне, а ўзняцце планкі. І гэта ружанцам пад сілу.
Вадзім Раўнейка.
Фота Алега Сідарэнкі.