Вторник, 13 мая 2025

Каб адпачынак не прынёс бяды

324

Вадалазная група Кобрынскай выратавальнай станцыі ў прысутнасці работнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, раённай арганізацыі ТВВАД і навучэнцаў сярэдніх школ №3 і №5 правяла штогадовае абследаванне і ачыстку дна акваторыі гарадскога возера.

Напачатку супрацоўнік РАНС Іна Хаваўка нагадала дзецям аб правілах паводзін на вадзе падчас купальнага сезона. Пасля гэтага школьнікі пазнаёміліся з вадалазнай амуніцыяй: яны не толькі ўбачылі абмундзіраванне, але і змаглі яго патрымаць у руках, што зрабіла мерапрыемства асабліва наглядным і пазнавальным.

Вадалазы Дзмітрый Бондар і Андрэй Кірычкоў прадэманстравалі на практыцы работу па абследаванні дна Пружанскага возера. Яны вынялі два буйных каменя і іншае небяспечнае смецце, даказаўшы важнасць рэгулярнай праверкі стану вадаёмаў перад летнім адпачынкам людзей.

— Перад кожным купальным сезонам спецыялісты Кобрынскай выратавальнай станцыі пад кіраўніцтвам начальніка Сяргея Родзькіна праводзяць пільнае абследаванне зон адпачынку, падымаюць прадметы, якія могуць пагражаць бяспецы. У Пружанскім раёне налічваецца дзесяць такіх зон. Дзве з якіх знаходзяцца пад кантролем ТВВАД, а астатнія замацаваны за рознымі арганізацыямі. Усе работы па абследаванні плануецца завяршыць да пачатку купальнага сезона, які стартуе ў нашым рэгіёне з 1 мая, – адзначыў старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Юрый Амельянчук.

Вынік мерапрыемства пацвярджае яго значнасць: нават калі знойдзена толькі некалькі небяспечных аб’ектаў, работа вадалазаў не праходзіць дарма. Ачыстка дна гарантуе камфорт і бяспеку для ўсіх аматараў адпачынку ля вады.

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік