Чэрвень вызначыўся ў метэаназіраннях бягучага года тэмпературнымі рэкордамі. Яны зарэгістраваны ў многіх раённых цэнтрах Беларусі, у тым ліку і ў Пружанах.

Але ўзровень спёкі можна было ацаніць не толькі па слупку тэрмометра, але і па колькасці адпачываючых у афіцыйна дазволеных зонах для купання ля вадаёмаў. Напрыклад, для гарадскога возера наплыў жадаючых адчуць прахалоду ля вады ў колькасці 300 і больш чалавек не здзіўляў. Па словах матроса-выратавальніка Віктара Кудраўца, у асобныя дні на вадаёме каля аграгарадка Кабылаўка збіралася да 120 чалавек. Яшчэ больш людзей у выхадныя дні можна было назіраць на возеры Паперня каля г.п.Ружаны. Аднак разам з метэарэкордамі чэрвень вызначыўся і трагічнай статыстыкай. У Беларусі толькі за месяц патанула больш за 160 чалавек, кожны пяты з іх — на Брэстчыне.
Ці можна было б пазбегнуць трагедый на вадзе?

Каб ацаніць зробленае ў плане бяспекі адпачываючых, інфармавання насельніцтва з намерам папярэдзіць трагедыі, на мінулым тыдні па шэрагу вадаёмаў праехаў прафілактычны патруль у складзе намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча, намесніка начальніка райаддзела міліцыі Аляксандра Семаковіча і старшыні раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрыя Амельянчука. Трэба сказаць, што інспектаванне праводзілася для высвятлення не толькі хібаў, але і карыснага вопыту для пераймання. Справа ў тым, што кожны афіцыйна прызначаны для адпачынку вадаём замацаваны за адказнай арганізацыяй. Устаноўлены агульны спіс нарматыўнай інфраструктуры, якая павінна быць зроблена на пляжы. Але кожная арганізацыя не мае абмежаванняў для ўкаранення ўласных ідэй.
Напрыклад, на возеры каля в. Носкі, якое замацавана за лясгасам, на выратавальным пасту пастаўлены кулер для забеспячэння адпачываючых пітной вадой. Тут жа зроблены альтанкі, у цяні якіх можна схавацца ад пякучага сонца. А тыя, каго яно не палохае, могуць правесці час за спартыўнымі гульнямі на спецыяльнай пляцоўцы. І гэта прыцягвае сюды нямала людзей, нават у будні на стаянцы налічвалася больш за дзясятак машын.

Належную падрыхтоўку Руслан Супрыновіч адзначыў і на беразе возера аг. Кабылаўка. Асабліва парадавала спартыўная пляцоўка, якую сёлета падрыхтавалі належным чынам. Хаця тут ёсць сэнс задумацца над размяшчэннем аўтамабільнай стаянкі, магчыма, перагледзець яе перанос бліжэй да месца адпачынку.

А вось на беразе Паперні з тым бязладдзем, што стварылі адпачываючыя, трэба грунтоўна разбірацца. Побач з пляжам знаходзіцца стаянка, на якой спакойна размесцяцца некалькі дзясяткаў аўто. Толькі падчас нашага прыезду яна была ўвогуле пустая. А машыны стаялі… непасрэдна на пляжы, заезд на які абмежаваны шлагбаўмам і дарожным знакам «Рух забаронены». Праўда, апошні прадугледжвае некаторыя акалічнасці, напрыклад, не дзейнічае для транспарту з інвалідамі або для службовай тэхнікі. Толькі ж упэўнены, што шыкоўныя «Гелендвагены» і «БМВ» наўрад ці належаць мясцоваму агратаварыству, якое да пачатку купальнага сезона наводзіла парадак на пляжы. Нумар кожнай трэцяй машыны пацвярджаў гэта, паказваючы прыезджых з Расіі, нямала было аўто і з іншых рэгіёнаў Беларусі. Наўскідку можна было налічыць больш за некалькі дзясяткаў аўтамабіляў, некаторыя нават раз’ехацца не маглі.
Можна было б паўшчуваць праваахоўнікам, якія павінны забяспечыць парадак, але ім такое пад сілу толькі пры арганізацыі кругласутачнага дзяжурства. Бяда ў саміх адпачываючых, дакладней, у іх паводзінах, неахайным стаўленні да чужой працы.
На маю думку, трэба для парушальнікаў прымяняць не штрафныя санкцыі, а грамадска-карысныя работы па аднаўленні сапсаванай коламі іх аўто тэрыторыі пляжа.
Узніклі ў інспектуючых пытанні і да акваторыі. Нават у будні дзень было відавочна, што яна ўдвая меншая за колькасць адпачываючых. А што робіцца ў «пікавыя» гадзіны? Бясспрэчна, трэба паклапаціцца аб павелічэнні бяспечных зон для купання.
Калі падводзіць вынікі, то становіцца відавочным, што бяспека на афіцыйна дазволеных вадаёмах прысутнічае на належным узроўні, да таго ж яна пастаянна падтрымліваецца. Гэта тычыцца і азёр у аграгарадках Клепачы і Магілёўцы, каля аг. Лінова і г.п. Шарашэва.

З-за чаго ж тады гінуць людзі? Адказам можна назваць трагедыю, што адбылася ў нашым раёне 2 ліпеня на вадаёме каля в. Бакуны (Велікасельскі сельсавет). 63-гадовы гараджанін, які даглядаў тут сваю састарэлую маці, вырашыў адпачыць на беразе мясцовай сажалкі. Ды не адзін, а ў кампаніі з жыхаром в. Ліхасельцы.
Як высветлілася падчас папярэдняга следства, мужчыны распілі на беразе спіртныя напоі, пасля чаго пружанец вырашыў пакупацца.
Праз нейкі час сябар не ўбачыў на вадзе напарніка і пачаў шукаць яго ў вадзе. Гэта яму ўдалося, але позна: выкліканыя медыкі канстатавалі смерць мужчыны. Трэба сказаць, што на гэтым вадаёме якраз на месцы падыходу да вады стаіць шыльда «Купанне забаронена»…
Алег Сідарэнка, фота аўтара