Другі месяц, як у Брэсцкую епархію для пакланення прыбылі ікона і каўчэг з часцінкай мошчаў святой блажэннай Матроны Маскоўскай. Яны здзяйсняюць своеасаблівае падарожжа па благачыннях, а ўвесь мінулы тыдзень знаходзіліся ў Свята-Аляксандра-Неўскім храме г. Пружаны.
Падобная да няспыннага ручая чарга вернікаў да святыняў. Натоўпу няма, ніхто не абмяжоўвае час малітвы, але людзі ўсё падыходзяць і падыходзяць, каб сказаць Матронушцы пра сваё, патаемнае, папрасіць дапамогі, падзякаваць…
— Часцінкі мошчаў святой блажэннай Матроны Маскоўскай мы прывозім у Пружаны не першы раз. Тры гады таму былі тут, — кажа паслушніца Ксенія Парамзіна, якая суправаджае святыню, што належыць Юстыніану, архіепіскапу Элісцінскаму і Калмыцкаму. — І сёння многія людзі падыходзяць ужо з падзякамі, бо ажыццявіліся іх просьбы пра дапамогу. Зразумела, дапамагае сам Гасподзь, але робіць гэта па малітве ўгодніцы Божай. Гасподзь надзяліў Матрону незвычайнай сілай малітвы і дарам прадбачання. Магчыма, скажу банальную ісціну, але гэта так: да пустога калодзежа людзі не ідуць. Яны нясуць свае беды, свае просьбы туды, дзе могуць спадзявацца на цудоўную дапамогу. Калі б яе людзі не адчувалі, то ў Пакроўскім жаночым манастыры ў Маскве не стаялі б да Матроны суткамі, каб памаліцца.
Настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскага храма ў Пружанах протаіерэй Міхаіл Носка расказвае, што ў жыцці гэтай святой было шмат нягод, але жыццёвы цяжар яна несла пакорліва.
— Цудатворная сіла блажэннай Матроны напрамую звязана з яе пакутамі. І мала хто можа вытрымаць столькі выпрабаванняў не са слязьмі, са скаргамі на хваробы і цяжкасці, але з пакорай. Людзі просяць у яе не толькі, каб малітвамі сваімі яна аблегчыла боль, вырашыла складаныя праблемы, але і навучыла па сваім прыкладзе годна несці свой крыж, дала сілы для гэтага.
За час майго настаяцельства гэта ўжо трэцяе наведванне мошчаў святой блажэннай Матроны Маскоўскай. І нашы вернікі знаходзяць у гэтым вялікае духоўнае ўмацаванне і суцяшэнне, бо звяртаюцца да святой з рознымі сваімі бедамі, з малітвамі пра дапамогу. Як Гасподзь сказаў: калі будзеце мець веру з гарчычнае зерне, то Ён дасць па заступніцтве і малітве такіх святых, якой была і ёсць святая блажэнная Матрона.
Вельмі задаволены, што з‘явілася магчымасць пакланіцца рэліквіям, многія вернікі Пружаншчыны. Святая блажэнная Матрона Маскоўская лічыцца галоўнай абаронцай сям‘і, ёй моляцца жанчыны, якія не могуць зацяжарыць, дзяўчаты пра ўдалае замужжа, хворыя людзі.
— Я тры гады не прыязджала ў царкву: ногі моцна баляць, — шчыра прызнаецца немаладая жанчына. — Але сёння раптам сабралася. Мне вельмі хочацца памаліцца святой Матроне Маскоўскай, папрасіць здароўя.
Малітва ля іконы — нібы споведзь, лішнія вушы тут не патрэбны, кожны звяртаецца з вельмі асабістым, патаемным. Некаторыя суразмоўцы прызнаваліся, што ездзілі ў паломніцкія паездкі ў Маскву, цікавіліся жыццём блажэннай Матроны і знаходзілі ў яе біяграфіі нешта важнае для сябе, што дае надзею, духоўнае падмацаванне.
— Словамі немагчыма выказаць сённяшнія пачуцці, — усміхаецца прыхаджанка Зінаіда Бондар. — Лепш за словы кажуць душа, сэрца. Я дала ўнучцы кнігу з апісаннем жыцця блажэннай Матроны, і малая была проста ўражана стойкасцю, жыццёвым подзвігам жанчыны, якая нарадзілася поўнасцю сляпой, а ў юнацкім узросце страціла і здольнасць хадзіць. Тым не менш яна здолела несці людзям Божае слова, падтрымліваць кожнага, хто звяртаўся да яе.
Прасіла пра здароўе і жыхарка Пружан Ніна Сімановіч:
— І не толькі пра сваё, сваіх дзяцей і ўнукаў, але і пра здароўе ўсяго нашага свету беларускага, нашага Прэзідэнта, таму што ад гэтага залежыць наша жыццё. Малілася, каб у рэспубліцы было спакойна і ціха і ўсе мы былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Пра гэта — самае галоўнае — і просіш у Матронушкі, і спадзяешся на яе дапамогу.
Магчыма, асоба блажэннай Матроны настолькі блізкая людзям таму, што яе можна назваць нашай сучасніцай.
— Жывыя яшчэ канкрэтныя людзі, якія памятаюць яе, якіх прыводзілі да яе ў дзяцінстве, — кажа паслушніца Ксенія. — І гэта ўспрымаецца па-іншаму, чым звяртанне да святых, што жылі ў незапамятныя часы. А гэты прыезд яшчэ і ў своеасаблівую юбілейную дату: 25 гадоў таму, 8 сакавіка 1998 года, адбылося перанясенне мошчаў святой спачатку ў Данілаў манастыр, а потым у храм на тэрыторыі Пакроўскага жаночага манастыра ў Маскве.
Святыя рэліквіі на сённяшні дзень аб‘ехалі ўжо амаль усю Брэстчыну, яны знаходзіліся ў Пружанах да канца мінулага тыдня, з 1 па 3 мая — у Спаскім жаночым манастыры ў г. Кобрыне, а адтуль накіроўваюцца ў Маларыцкі храм свяціцеля Мікалая Цудатворцы, дзе ім можна будзе пакланіцца да 12 мая.
Падрыхтавалі Ірына Сядова, Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом глядзіце тут: https://ok.ru/budni/album/960327970952
«Я буду дапамагаць і маліцца, як і пры жыцці маім»
Матрона Дзмітрыеўна Ніканава нарадзілася ў Тульскай губерні Расіі па розных дадзеных у 1881, 1883 або 1885 годзе ў вялікай сялянскай сям‘і. Ад нараджэння дзяўчынка была невідушчай — не мела вочных яблыкаў, і бацькі, ужо немаладыя на той час, хацелі адправіць яе ў прытулак. Але маці ўбачыла сон: белая птушка з чалавечым тварам, сляпая, села ёй на руку. Жанчына вырашыла, што сон прарочы і пакінула дзіця.
Ужо ў дзяцінстве Матрона мела глыбокую веру, была надзелена прарочым дарам, а таксама магла ацаляць хворых. Дачка мясцовага памешчыка брала яе з сабой у паломніцтвы. Згодна з паданнем, падчас аднаго з іх дзяўчынка сустрэлася са святым праведным Іаанам Кранштацкім, які загадаў прыхаджанам у храме расступіцца перад ёй і сказаў: «Вось ідзе мая змена — восьмы стоўп Расіі». У 17 гадоў у Матроны адняліся ногі, прычым сама яна прадказвала гэта, гаварыла, што прычына — духоўная. «Я не пазбягала гэтага, такая была воля Божая».
Пасля рэвалюцыі Матрона жыла ў Маскве, людзі чарадою ішлі да яе па парады і прадказанні. Існуе нават гісторыя, нібыта кіраўнік СССР Іосіф Сталін наведаў блажэнную падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі з‘явілася пагроза ўзяцця фашысцкімі войскамі Масквы. Яна прыведзена ў «Сказанні пра жыціе блажэннай старыцы Матроны», напісаным Зінаідай Жданавай, хаця і не знайшла пацвярджэння ні ў гісторыкаў, ні ў кананічным жыціі святой.
Нягледзячы на антырэлігійныя ганенні тых часоў, Матроне ўдалося нейкім чынам пазбегнуць арышту. Яна пайшла з жыцця 2 мая 1952 года. Прыводзяцца словы блажэннай, якая ведала і дату свайго скону: «Прыходзьце на магілку, я там заўсёды буду, я вам таксама буду дапамагаць і маліцца за вас, як і пры жыцці маім…»
Яе магіла на Данілаўскіх могілках у Маскве з‘яўляецца месцам паломніцтва нават пасля таго, як астанкі Матроны былі перанесены ў Пакроўскі манастыр. Кананізавана Праваслаўнай царквой 2 мая 1999 года як мясцова ўшаноўваемая святая Маскоўскай епархіі, а ў кастрычніку 2004 года далучана да ліку агульнацаркоўных святых.