Суббота, 18 января 2025

К профессиональному празднику рассказываем об одной из десяти династий железнодорожников Оранчицкой станции

996

Ці можна выбраць прафесію чыгуначніка па прызванні душы? Сцвярджаючы гэта, прадстаўнікі адной з самых вялікіх дынастый чыгуначнікаў Пятрушка-Жуковіч-Меляшэвіч дадаюць: без асаблівых якасцей чалавеку няма што рабіць у гэтай прафесіі. Менавіта адказнасць і ўменне захоўваць дысцыпліну — першае, што патрабуецца ад таго, хто мяркуе працаваць на чыгунцы не адзін год.
Такія адносіны да працы заклаў яшчэ пачынальнік дынастыі Аляксандр Аляксандравіч, калі ў 1958 годзе прыйшоў працаваць электраманцёрам на Баранавіцкую дыстанцыю сігналізацыі сувязі. Там жа ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Лідзіяй Мікалаеўнай, таксама электраманцёрам. Больш за 40 гадоў А.А.Пятрушка адпрацаваў на чыгунцы, на станцыі Бяроза-Картузская, за добрасумленную працу і бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў ён быў узнагароджаны знакам «Ганаровы чыгуначнік». Амаль 20 гадоў таму Аляксандр Аляксандравіч пайшоў з жыцця, але яго наказы родныя памятаюць, раз-пораз і старэйшая цяпер у дынастыі Лідзія Мікалаеўна Пятрушка з «чыгуначным» стажам больш за 35 гадоў нагадвае пра гэта дзецям і ўнукам. Дарэчы, адзін з іх — не толькі працаваць на чыгунцы, але і жыць побач з ёй.
Прыклад бацькоў моцна паўплываў і на дачку Святлану, якая таксама выбрала жыццёвы шлях пад грукат колаў вагонаў: на працягу больш за 30 гадоў яна працуе на Аранчыцкай чыгуначнай станцыі электрамеханікам. Працы на чыгунцы некалі прысвяціў сваё жыццё і яе муж, Віктар Міхайлавіч Жуковіч.
— Ці можна назваць нашу прафесію цікавай? А вы паглядзіце на гэтыя вагоны. Яны прайшлі тысячы кіламетраў, яны пабачылі многае на зямлі, звязваючы народы і краіны ў адно цэлае. І да гэтага вялікага дзейства мы таксама маем дачыненне,— зазначае Святлана Аляксандраўна.— Хто адказвае за бездакорнае энергазабеспячэнне рухомага саставу, хто — за працу прыбораў светлавой сігналізацыі на лініі, а хто дапамагае людзям як мага хутчэй дабрацца да патрэбнага пункта.
Сямейныя традыцыі захаваліся і ў наступным пакаленні: літаральна з таго моманту, як пачала ўсведамляць сябе, дачка Жуковічаў Юля адразу вырашыла ў будучым стаць чыгуначнікам. Ці адгаворвалі яе бацькі? Не, толькі зазначалі, што прафесія не церпіць людзей гультаяватых і непастаянных.
— Для нашай сям’і знакаміты выраз «Чыгунка — зона павышанай небяспекі і не месца для гульняў» мае своеасаблівы сэнс,— гаворыць Святлана Жуковіч.— Гэта — аксіёма нашага жыцця, неад’емнае правіла навакольнай рэчаіснасці.
У такой атмасферы і вырасла будучая чыгуначніца Юлія Віктараўна, якая пасля школы адразу падала свае дакументы ў чыгуначнае вучылішча, а потым скончыла яшчэ і Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. Гэтую жанчыну бачылі, напэўна, усе жыхары нашага раёна, бо яна працуе на станцыі білетным касірам.
Калі скласці ўсе гады, якія адпрацавала на чыгунцы гэтая дынастыя, то атрымаецца амаль 130 гадоў. Але сёння лічбу неабходна зноў мяняць, бо Юлія выйшла замуж за чыгуначніка Аляксандра Віктаравіча Меляшэвіча, які таксама свой род вядзе з дынастыі чыгуначнікаў, яшчэ ад свайго прадзеда. У дадатак, пляменнік Святланы Аляксандраўны Жуковіч таксама выбраў такі жыццёвы шлях. Вось і атрымліваецца, што такое жыццёвае спалучэнне ўпэўнена падтрымлівае сямейную дынастыю чыгуначнікаў, дзе прафесійныя якасці і стаўленне да службовых абавязкаў перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Юля і Аляксандр Меляшэвічы гадуюць дзвюх дачок, старэйшая з якіх Аліна таксама выказвае думку прыйсці працаваць на Беларускую чыгунку. Калі ж так і здарыцца ў будучым, то старэйшыя з роду толькі адобраць выбар дзяўчыны. А значыць, дынастыі чыгуначнікаў жыць!
*
Толькі факт
На Аранчыцкай чыгуначнай станцыі працуе больш за 10 сямейных дынастый чыгуначнікаў.

На здымку: нядаўна ў дынастыі нарадзілася яшчэ адна дачка, з якой і бабуля Святлана Аляксандраўна, і маці Юлія Віктараўна любяць прагульвацца побач з чыгункай. Кажуць, што грукат цягнікоў заспакойвае немаўля.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *