Першамай у Пружанах азнаменавала ўрачыстае ўшанаванне лепшых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, а таксама лепшых працаўнікоў, занесеных на раённую Дошку гонару. Святочнае мерапрыемства ў іх гонар прайшло напярэдадні Дня працы на цэнтральнай плошчы горада.
Адкрываючы мерапрыемства, старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч адзначыў, што работнікі Пружаншчыны могуць ганарыцца вынікамі сваёй працы: наш раён уносіць годны ўклад у развіццё як Брэстчыны, так і краіны. Асобныя словы ўдзячнасці ён адрасаваў перадавікам — работнікам, з якіх могуць браць прыклад астатнія. «Людзі, якія дасягнулі высокіх вынікаў, заўсёды карысталіся асаблівай павагай. Так было, ёсць і будзе», — запэўніў Міхаіл Мікалаевіч.
Першымі заслужаныя ўзнагароды атрымалі прадстаўнікі Пружанскага КУВП «Камунальнік», ААТ «Мурава» і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама — пераможцы агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю па ахове працы.
Больш за дзясятак узнагарод кіраўнік раёна ўручыў лепшым прадпрыемствам, арганізацыям і ўстановам раёна, якія сталі пераможцамі штогадовага спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці Пружаншчыны ў мінулым годзе. Сярод іх — Ліноўскі сельскі выканаўчы камітэт, ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей», ААТ «Агра-Калядзічы», ПМК-21, ААТ «Жураўлінае», СШ №5, яслі-сад №9, Навазасімавіцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі… Заслужана быў адзначаны і народны драматычны калектыў «Сейбіты» Пружанскага гарадскога Палаца культуры. Удзельнікі калектыву пад кіраўніцтвам Васіля Курачынскага шырока заявілі пра сябе не толькі на галоўнай сцэне горада, але і падчас выязных гастроляў па раёне.
Старанныя працаўнікі, перадавікі вытворчасці — людзі, якія шчыра працавалі не толькі на працягу мінулага года, але і, без перабольшання, з першага дня сваёй працоўнай дзейнасці, зрабілі вялікі асабісты ўклад у развіццё раёна. Права быць занесенымі на Дошку гонару ўдастоены і вадзіцелі, і настаўнік, і трактарысты-машыністы, і санітарка, і заатэхнік, і грузчык, і ляснічы, і будаўнік, і птушкавод, і электраманцёр, і культработнік… Сярод іх — начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №18 РАНС Мікалай Пятрашка, які зрабіў вялікі асабісты ўклад у ліквідацыю і папярэджанне надзвычайных сітуацый. Як запэўніваюць калегі, у інтарэсах службы гэты работнік, які, між іншым, вылучаецца творчай ініцыятывай, не лічыцца з цяжкасцямі і асабістым часам, на яго рахунку дзясяткі выратаваных жыццяў.
Неаднойчы заяўляў пра сябе на міжнародных сцэнах народны ансамбль танца «Спадчына» — усё дзякуючы яго таленавітаму кіраўніку Валянціне Іскаліевай. Міхаіл Калодзіч, напрыклад, у Пружанскім лясгасе прайшоў шлях ад лесаруба да ляснічага Бярозаўскага лясніцтва, зрабіў важкі ўклад у развіццё сацыяльна-эканамічных паказчыкаў лясной гаспадаркі. Альбо ўзяць фельчара Кляпацкай амбулаторыі агульнай практыкі Алу Жукоўскую, якая працуе ў сістэме аховы здароўя Пружаншчыны з 1991 года і вось ужо больш за чвэрць стагоддзя ўдасканальвае аказанне меддапамогі насельніцтву. Па заслугах адзначаны стараннасць і прафесіянальныя якасці настаўніка фізікі і астраноміі Шарашоўскай СШ Міхаіла Хвісюка, трактарыста-машыніста ААТ «Радзіма» Аляксандра Прусака, грузчыка ААТ «Пружанскі льнозавод» Сяргея Кавалевіча, вязальшчыцы ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей» Вольгі Янушкевіч і многіх іншых.
Каля дзясятка чалавек: ветэранаў працы, работнікаў сельскай гаспадаркі — атрымалі граматы і падарункі ад прафсаюзных арганізацый. «Не першы год свята аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў і прафесій, а разам з тым увасабляе мірную, стваральную працу», — адзначыла ў сваёй прамове старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, якая асабліва цёпла звярнулася да людзей працы — тых, хто стаў своеасаблівым залатым фондам арганізацый Пружаншчыны. Да ліку такіх працаўнікоў у гэты дзень аднеслі і медсястру Пружанскай ЦРБ Т.П.Барылка, якая на працягу многіх гадоў узначальвала прафкам бальніцы, а таксама прадстаўнікоў дынастыі Барысевічаў, агульны стаж якіх у галіне культуры складае больш за 120 гадоў.
Лепшых аграрыяў чакалі ўзнагароды ад райкама прафсаюза работнікаў АПК, педагогаў і ветэранаў педагагічнай працы — ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Нельга забыць і пра артыстаў: народны ансамбль «Спадчына», салістаў Марыну Кадука, Кацярыну Цяжолаву, Ірыну Курусь, Ганну Гараніну, Паліну Жукоўскую, вакальныя калектывы «2+2» і «Жамчужыны» — ім апладысментаў дасталося не менш, чым тым, каго славілі за працу.
НА ЗДЫМКУ: на сцэне —лепшыя працаўнікі раёна.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).