Як зазначае дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» А.М.Бурдук, многае з таго, што мае зараз гаспадарка, атрымана і дасягнута толькі дзякуючы працавітым жаночым рукам.
— Калі паглядзець на кадравы састаў нашага акцыянернага таварыства, то з 705 чалавек толькі трэць работнікаў жанчыны,— расказвае Андрэй Міхайлавіч.— Аднак заняты яны практычна ва ўсіх галінах эканомікі нашага прадпрыемства, вырашаюць самыя складаныя задачы, і менавіта на іх мы разлічваем, калі бярэмся за новыя справы або ўкараняем тэхналогіі вытворчасці.
Сапраўды, жанчынам у ААТ «Ружаны-Агра» давяраюць найбольш адказныя справы. Безумоўна, ёсць нямала такіх спецыяльнасцей, дзе справіцца могуць толькі мужчыны. Але і тады кіруючую пазіцыю давяраюць жанчыне, бо яна ніколі не парушыць працоўную дысцыпліну, а за дасягненне пастаўленых вынікаў можна быць спакойным. Аб чым сведчаць і эканамічныя паказчыкі акцыянернага таварыства.
Многія словы ў нашым слоўніку, напрыклад, такія, як «адказнасць», «працавітасць», «акуратнасць», «добрасумленнасць», маюць жаночы род. І ўсе яны характэрны для жывёлагадоўчай галіны ААТ «Ружаны-Агра». Як расказвае намеснік дырэктара таварыства А.С.Бурак, які курыруе гэту сферу дзейнасці гаспадаркі, менавіта ў жывёлагадоўлі пераважная частка работнікаў — жанчыны. А на буйных малочнатаварных комплексах, якія ў немалой ступені фарміруюць фінансавы дабрабыт прадпрыемства, у асноўным толькі работніцы. Мужчыны адказваюць за тыя ўчасткі, дзе патрэбна сіла.
Практычна ва ўсіх кабінетах канторы гаспадаркі справамі запраўляюць жанчыны. Тут маладая энергія цесна супрацоўнічае з жыццёвым вопытам. Кожны дзень праходзіць пад кантролем пільнага жаночага вока, міма якога не можа праскочыць ніводная дробязь.
На здымках: тэхнік па ўліку і ідэнтыфікацыі жывёлы Г.А.Харытонік, тэхнік па племуліку А.А.Петраневіч і вядучы заатэхнік-селекцыянер Я.У.Якута; вядучы дыспетчар Т.А.Аўдзейчык, спецыялісты аддзела кадраў Т.Ю.Кудашава і С.С.Белавус; галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Т.М.Харута.
МТК “Варанілавічы”
На карце гаспадаркі МТК «Варанілавічы» знаходзіцца вельмі далёка ад цэнтра. Але ў градацыі вынікаў вытворчасці ён займае далёка не апошняе месца. І зноў жа дзякуючы жанчынам, якія аддана працуюць тут.
На здымку: начальнік МТК В.М.Паляшук, аператары Н.Р.Галавейка, Т.В.Цяцерская, М.І.Чарнагрэбень і жывёлавод М.В.Блізнюк.
Комплекс — адзін з лідараў жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі па вытворчай і фінансавай аддачы. Штодня адсюль паступае 17 тон малака, з якіх 95% — гатункам «экстра». У выніку выручка складае больш за 10 тысяч рублёў кожны дзень.
На здымках: лабарант Н.І.Касікоўская; начальнік МТК Н.П.Чаргейка і цялятніца М.М.Кувікова.
Адным з першых у раёне і першым у ААТ «Ружаны-Агра» быў адбудаваны МТК «Малочкі». Тут працуе толькі жаночы калектыў, практычна за ўсе аперацыі і работы адказваюць прадстаўніцы «слабой» паловы чалавецтва. Сёння комплекс штодня дае да 13 тон малака. Але зараз такі вынік, які сем гадоў таму лічыўся адным з узорных, ужо не задавальняе. Запланавана маштабнае ўкараненне новых падыходаў, якія дапамогуць дасягнуць не толькі большай прадукцыйнасці, але і павысіць гатунак малака. Зразумела, калі б не жанчыны, то ў кіраўніцтва гаспадаркі былі б вялікія сумненні ў рэалізацыі планаў і задач.
На здымку: начальнік комплексу С.М.Шапавал і загадчыца ветэрынарнай аптэкі Н.М.Кавальчук.
*
Як прызнаецца кіраўнік таварыства, сэрца радуецца, калі сярод маладога папаўнення ёсць дзяўчаты. Менавіта на іх ускладваюцца спадзяванні на будучую працу прадпрыемства. Бо ім наканавана ствараць тут сем’і, а значыць, такім чынам маладыя спецыялісты замацуюцца ў гаспадарцы. Толькі ў мінулым годзе калектыў ААТ «Ружаны-Агра» папоўніўся пяццю новымі сем’ямі, аб вырашэнні жыллёвых пытанняў якіх клапоціцца роднае прадпрыемства.
Варта спадзявацца, што інжынер-тэхнолаг К.С.Жылінская і загадчыца лабараторыі камбікормавага завода Ю.Ю.Гоздзік (на здымку) таксама знойдуць тут свой лёс.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)..