Четверг, 13 февраля 2025

К годовщине аварии на ЧАЭС. «Родина сказала: «Надо», — милиционер ответил: «Есть!»

856

26 красавіка — Дзень памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф
У беларускім заканадаўстве вызначана такая катэгорыя грамадзян, як ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС, для якіх прадугледжаны шэраг сацыяльных льгот. Але пад абагульняючым тэрмінам маюцца на ўвазе прадстаўнікі самых розных прафесій. Ёсць сярод іх і будаўнікі, якія прымалі ўдзел ва ўзвядзенні першаснага саркафага або разбіралі пакінутыя збудаванні, і тыя, хто дапамагаў у адсяленні жыхароў населеных пунктаў з зямель, што трапілі ў зону адчужэння. Ёсць і супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія ахоўвалі межы небяспечнай тэрыторыі ад аматараў пажывіцца тым, што пакінулі людзі, ратуючыся ад бяды.


У лік апошніх па волі лёсу і загаду кіраўніцтва трапіў А.А.Шыманчык. Родам Аляксандр Антонавіч з Пружаншчыны, з в.Кавалі. Пасля службы ў арміі вырашыў пайсці на службу ў міліцыю і асвойваў яе ў Баранавіцкім гарадскім аддзеле ўнутраных спраў на пасадзе міліцыянера-вадзіцеля.

-Вясной 1988 года прыйшоў загад аб накіраванні шэрагу супрацоўнікаў у зводны атрад міліцыі на ахову межаў зоны адчужэння,— успамінае Аляксандр Антонавіч.— Зразумела, што нашага жадання ехаць у небяспечнае месца ніхто не пытаў, усё вырашалася за нас.


На той час Шыманчыку было 23 гады, ён яшчэ не паспеў стварыць сям’і, не меў дзяцей. Але ж хто тады звяртаў увагу на пагрозу нанесці шкоду будучаму генафонду. Радзіма сказала: «Трэба», — міліцыянер адказаў: «Ёсць!». Напрыканцы мая каманда з дзясятка чалавек спачатку адправілася ў Брэст, дзе збіраўся ўвесь атрад для цэнтралізаванага адвозу на вызначанае месца. Ніхто не праводзіў якіх-небудзь заняткаў па навучанні правілам паводзінаў на забруджанай тэрыторыі. Не выдавалася ніякіх індывідуальных сродкаў абароны. З сабой у Шыманчыка быў толькі ўласны «трывожны чамаданчык» са сродкамі гігіены, зменай адзення і некаторымі асабістымі рэчамі.
— Мы нават не ведалі, куды нас адвязуць. Толькі калі прыехалі ў Нароўлю, нам расказалі, дзе будзем размяшчацца наступны месяц і якія задачы выконваць.

Адзінае, што выдалі кожнаму супрацоўніку, быў лічыльнік Гейгера з функцыяй вызначэння небяспечных участкаў, а таксама з магчымасцю падліку назапашанай радыяцыі. Гэтыя прыборы неабходна было насіць пастаянна, нават у вольны ад дзяжурства час. Як тлумачылася, для таго, каб па дасягненні нейкай мяжы апраменьвання, якая лічыцца небяспечнай для чалавека, адразу вывозіць работнікаў на «чыстую» зямлю. Праз кожныя два тыдні ўсе апараты забіраліся і выдаваліся новыя, але нікому так і не сказалі пра вынікі даследаванняў: ці назбіралі гэтыя ўстройствы, а разам з імі іх носьбіты небяспечную дозу.

Як успамінае Аляксандр Антонавіч, хутчэй за ўсё назбіралі, таму што трэск лічыльніка за месяц службы ў зоне адчужэння ён чуў неаднойчы.
— Праз два гады паветра там было даволі чыстым, але небяспечныя ападкі назбіраліся ў зямлі, раслінах, збудаваннях. Нам, напрыклад, катэгарычна забаранялася падыходзіць да кустоўя, піць ваду з калодзежаў або збіраць садавіну з пакінутых прысядзібных участкаў. Але ж памятаю, што вельмі часта лічыльнік Гейгера спрацоўваў нават каля нязначных нізінак, ямаў. А яшчэ ажно «заходзіўся» трэскам каля нашай лазні.

Атрад, у складзе якога быў Аляксандр Шыманчык, трапіў у выселеную вёску Цешкаў, непадалёк ад мяжы Гомельскай і Кіеўскай абласцей. Сёння яна не існуе, як населены пункт, а на 1986 год там пражывала 178 сем’яў і вёска лічылася даволі вялікай. Але пасля трагічнай аварыі практычна ўсе жыхары былі адселены. Як расказвае Аляксандр Антонавіч, і праз два гады было бачна, што зборы праходзілі ў вялікай спешцы. Праз вокны пакінутых дамоў ён бачыў пакінутыя дзіцячыя цацкі, рэчы, посуд. На двары засталася маёмасць, якая выкідвалася падчас пагрузкі ў транспарт. Вось усё гэта і даводзілася ахоўваць ад тых, хто меркаваў разжыцца. Бо ўсё несла на сябе адбітак радыяцыі і стварала вялікую пагрозу для тых, хто, няведаючы гэтага, мог стаць чарговым уласнікам.


А яшчэ супрацоўнікі міліцыі арганізоўвалі выязныя пасты для аховы навакольнага асяроддзя. Не ад шкоды, якую можна нанесці прыродзе, а ад аматараў палявання і рыбалкі на пакінутых землях. І апошніх хапала, асабліва рыбакоў-браканьераў з сеткамі.
— Не думаю, што лавілі для сябе, хутчэй, на продаж,— сцвярджае А.А.Шыманчык.— На жаль, нам нікога не ўдалося злавіць, бо зламыснікі былі значна лепш аснашчаныя за нас.
З тых пастоў у добрае надвор’е ў біноклі можна было ўбачыць станцыю, якая на доўгі час стала крыніцай «чорнага болю» для нашай краіны.

Той месяц, праведзены на бязлюднай тэрыторыі, многае пакінуў у памяці Аляксандра. І праз тры з лішнім дзясяткі гадоў ён успамінае, наколькі жудасна выглядае пакінутая вёска. Праз два гады бязлюддзя прырода яшчэ не паспела схаваць сляды чалавечай дзейнасці і здавалася, што людзі пайшлі на работу, у школу, у дзіцячы садок або магазін. Але гэта толькі днём, ноччу ж яшчэ больш жудасна было глядзець на цёмныя вокны. А навокал стаяла абсалютная цішыня, пабочныя гукі ў якой, напрыклад, працуючы рухавік, былі чутны за многія кіламетры. Зрэдку вясковыя вуліцы ажывалі сабачым брэхам, бо нямногім удалося забраць з сабой чатырохногіх вартаўнікоў. Мы вярталіся ў мясцовую школу, дзе размясціўся міліцэйскі атрад, і ведалі, што там ніколі больш не будуць гучаць дзіцячыя галасы.

Нярэдка Аляксандр Антонавіч бачыў дзікіх жывёл, якія за два гады без чалавека ўвогуле асмялелі.
— Зараз нярэдка даводзіцца чуць спробы абвяржэння таго, што радыяцыя паспрыяла на рост прадстаўнікоў фауны. Хаця я на свае вочы бачыў дзіка ростам з аднагадовае цяля, і той працяглы час бег навыперадкі з «УАЗікам», што рухаўся з хуткасцю 60 кіламетраў у гадзіну. Бачыў пацукоў памерам з добрую кошку і многіх іншых жывёлін.

Па заканчэнні месяца службы ў зоне адчужэння А.А.Шыманчык вярнуўся ў свой гараддзел міліцыі. Потым лёс склаўся так, што ён у 1991 годзе трапіў на родную Пружаншчыну, дзе працягваў служыць у органах правапарадку да выхаду ў 2012 годзе на заслужаны адпачынак.

У цывільным жыцці таксама працягвае весці актыўны лад жыцця, працуе ў райпалівазбыце. З некаторымі саслужыўцамі-ліквідатарамі Аляксандр працягвае падтрымліваць сяброўскія сувязі, але многіх ужо няма на гэтым свеце. Ці не радыяцыя стала прычынай іх заўчаснага зыходу? На гэта пытанне Аляксандру Антонавічу цяжкавата адказаць:
— Ніхто не ведае, як паўплывала на нас і на нашых дзяцей-унукаў «схопленая» падчас службы радыяцыя. Хапае неспрыяльных фактараў і тут, на «чыстай» зямлі, свой «уклад» робіць і ўзрост.


А яшчэ запомнілася Аляксандру адна сустрэча ў далёкім 1988-м. У вёску прыехала сям’я, якую два гады да гэтага адсялілі з зоны адчужэння, з мэтай паглядзець на свой дом. І ў размовах ён высветліў, што людзі мелі намер вярнуцца дадому…
На здымках: вось так выглядаў Аляксандр Шыманчык перад паездкай у Нараўлянскі край; на службе ў Пружанскім РАУС А.А.Шыманчык пазнаёміўся з яшчэ адным міліцыянерам-ліквідатарам В.П.Жуком.
Алег СІДАРЭНКА.