Летась пажарны аварыйна-выратавальны пост у г.п.Шарашэва быў рэарганізаваны ў часць. Такое ўзбуйненне было выклікана аптымізацыяй колькасці пастоў на тэрыторыі раёна. У выніку зона адказнасці шарашэўскіх пажарных істотна павялічылася. Як расказвае начальнік часці №2 С.М.Дзеранчук, самай далёкай кропкай іх адказнасці на поўдні з’яўляецца хутар Вежнае, на поўначы — вёска Янаўшчызна. Гэта адна з частак раёна, якая найбольш пакрыта лесам, што, як і параўнальна вялікія адлегласці паміж населенымі пунктамі, накладае свае асаблівасці на службу шарашэўскіх пажарных. У дзень, калі мы наведалі часць, значная частка дзяжурнай змены раз’ехалася па сваіх месцах нясення службы: адны ахоўвалі тэхніку ў палях мясцовых гаспадарак, другія выехалі на дапамогу вяскоўцам у дэзынсекцыі гнёздаў небяспечных насякомых, трэція сачылі за сітуацыяй у лясах, дзе ў той момант быў абвешчаны пажаранебяспечны перыяд. Зразумела, чаму службоўцы падраздзялення лічаць лета самым гарачым перыядам: не толькі з-за спякотнага надвор’я, але і з-за напружанай службы, якую часта даводзіцца несці нават без выхадных. Акрамя таго, нярэдка выязджаюць выратавальнікі на пошукі тых, хто заблукаў у лесе.
Паралельна з пашырэннем кола абавязкаў у часці адбылося нямала змен арганізацыйнага, матэрыяльна-тэхнічнага і кадравага характару. Адразу была павялічана колькасць асабовага саставу падраздзялення, у штаце якога цяпер 17 службоўцаў.
— Пакуль яшчэ няпоўны камплект,— паведамляе Святлазар Міхайлавіч.— Але з дня на дзень чакаем маладое папаўненне.
Машынны парк часці папоўніўся двума спецыяльнымі аўтамабілямі, і цяпер на трывожнае рэагаванне могуць адначасова выехаць чатыры пажарныя машыны. Дзякуючы гэтаму істотна скараціўся час на прыезд пажарных на месца выкліку, асабліва ў тых сітуацыях, калі трывожных паведамленняў паступае не адно ці два, а значна больш.
— У асноўным тут служаць работнікі з сур’ёзным вопытам,— расказвае начальнік часці.— Самы старэйшы, В.Л. Кабылкевіч, служыць у Шарашэве літаральна з таго моманту, як быў створаны пажарны пост. А самы малодшы, А.А. Кунах, прыйшоў сюды на службу два гады таму.
Для таго, каб удасканаліць баявую зладжанасць калектыву, каб кожны ведаў сваю зону адказнасці і дзейнічаў узгоднена з калегамі, перыядычна ў часці праводзяцца вучэнні, падчас якіх адпрацоўваецца алгарытм дзеянняў у розных сітуацыях.
Каб стварыць належныя ўмовы службы, пры абласным фінансаванні шарашэўскія пажарныя ўласнаручна зрабілі рамонт будынка часці, які вельмі змяніўся: адведзены асобныя пакоі для адпачынку асабовага саставу і прыёму ежы, ёсць кухня з адпаведным начыннем, гардэроб, уцеплены санвузел. А ў кацельні стары кацёл быў заменены на больш прадуктыўны агрэгат, які ў мінулую зіму забяспечыў у памяшканнях больш утульную тэмпературу.
На здымках: пажарны спецаўтамабіль у пастаяннай гатоўнасці; начальнік ПАВЧ №2 г.п.Шарашэва С.М.Дзеранчук; на пульце сувязі Ю.У. Кабылкевіч.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).