Творчая група канала «Беларусь 2» у жніўні пабывала ў вёсцы Аранчыцы. На аснове мясцовага фальклору стваральнікі тэлепраекта «Наперад у мінулае» падрыхтавалі перадачу, у якой прынялі ўдзел народны фальклорны гурт Аранчыцкага сельскага Дома фальклору «Бабіна лета», а таксама народныя майстры з вёскі Аранчыцы — Аляксандр Дзмітрыевіч Голубеў, Ніна Леанідаўна Андрыенка, сям’я Мікалая Лявонцьевіча і Вольгі Пятроўны Мароз.
Ніколькі не прымяншаючы заслугі аранчыцкіх майстроў, хочацца аддаць належнае ў першую чаргу калектыву «Бабіна лета», які вось ужо шмат гадоў захоўвае для нашчадкаў самабытную песенную спадчыну.
Свой творчы шлях «Бабіна лета» пачало ў 1989 годзе. Нямала сіл, энергіі і любові да народнай творчасці аддала гэтаму гурту Таццяна Піліпаўна Пушко, якая з’яўляецца яго нязменным кіраўніком. У рэпертуар народнага калектыву ўвайшлі аўтэнтычныя песні, якія жанчыны запісвалі ад мясцовых жыхароў. Сярод іх нямала абрадавых: нярэдка, дзякуючы «Бабінаму лету», у Аранчыцах святы народнага календара пераўтвараюцца ў абрадавае выступленне-відовішча. Дарэчы, песні гурта зацікавілі супрацоўнікаў Беларускага інстытута праблем культуры, і яны ўключылі сабраны матэрыял у шасцітомнае выданне «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў», якое ўбачыла свет у 2008 годзе.
Магчымасць пазнаёміцца з творчасцю народнага фальклорнага гурта «Бабіна лета» была прадастаўлена гледачам тэлеканала «Беларусь 2» у верасні. Варта адзначыць, што ў перадачы прагучала новая версія народнай песні «Гуляла дзяўчына» ў арыгінальнай сучаснай аранжыроўцы беларускага гурта «J:МОРС».
Паглядзець гэты кліп з экрана тэлевізара магчыма і сёння: на сайце канала «Беларусь 2» створаны архіў перадач «Наперад у мінулае» — трапіўшы ў раздзел «Праекты», можна паслухаць песню нашых зямлячак.
Нізкі паклон народнаму фальклорнаму гурту «Бабіна лета» за тое, што захоўвае і развівае добрыя мясцовыя традыцыі, беражэ нацыянальны каларыт.
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў сувязі з Днём пажылых людзей адрасуе гэтым жанчынам словы падзякі: «Мы ўдзячны вам — за мудрасць, дабрыню, спагаду, за тое, што вы ёсць у нашым жыцці. Здароў’я, цеплыні, клопату з боку навакольных. Мы шануем і паважаем вас».
Вольга Шэпель, дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра.