
Завяршылася вайна, і людзі, якія ўпэўнена трымалі зброю ў руках, сталі запатрабаванымі ў мірным жыцці. Тым, хто вярнуўся з палёў бітваў, давялося аднаўляць гарады і вёскі, будаваць не проста мірнае — дастойнае і заможнае жыццё для сваіх нашчадкаў. І яны працавалі шчыра, самааддана, таму што не ўмелі інакш. Былыя франтавікі, партызаны пэўны час былі самай актыўнай і працаздольнай часткай усіх галін народнай гаспадаркі. Не стаў выключэннем і раённы друк. Фактычна, журналісты-ветэраны так і засталіся на пярэднім краі: друкаванае слова заўсёды было той жа зброяй.
Я пачала працаваць у пружанскай «раёнцы» ў сярэдзіне 1980-х, калі асноўная частка салдат Вялікай Айчыннай падышла да пенсіённага ўзросту.
Толькі што пайшоў на заслужаны адпачынак рэдактар нашай «Зары камунізму» Мікалай Майсеевіч Кавалевіч – былы камандзір разведвальна-дыверсійнай групы, намеснік камісара па камсамоле партызанскага атрада «За Радзіму». Незадоўга перад ім завяршыў працу адказны сакратар Іосіф Аронавіч Хазан – былы загадчык падпольнай друкарні Брэсцкага антыфашысцкага камітэта. Пасаду намесніка рэдактара займала Аляксандра Васільеўна Казакова, якая падчас вайны служыла сувязісткай у Дняпроўскай флатыліі. Аддзелам сельскай гаспадаркі загадваў Аляксандр Мікалаевіч Ліповіч – у свой час камандзір узвода разведкі партызанскага атрада. Абавязкі адказнага сакратара ўсклалі на Аляксея Васільевіча Марціновіча, таксама былога партызана, кулямётчыка.
Варта сказаць, што толькі праз даволі працяглы час я даведалася пра гераічнае мінулае старэйшых калег: ніякіх размоў пра вайну яны не падтрымлівалі і героямі сябе зусім не лічылі. Франтавое ці партызанскае жыццё, удзел у баях сталі для іх цяжкім, небяспечным, але вельмі патрэбным на той час Радзіме абавязкам, які з гонарам выконвалі.
Аляксей Васільевіч і Аляксандр Мікалаевіч сталі аднымі з першых маіх настаўнікаў журналісцкай справы. Былі яны вельмі рознымі па характарах, але, як аказалася, у жыццёвым шляху абодвух было нямала падобнага.
Аляксей Марціновіч нарадзіўся 1 студзеня 1920 года ў вёсцы Барборава Глускага раёна на Магілёўшчыне ў беднай сялянскай сям‘і. Пасля заканчэння сярэдняй школы (а вучыцца ў старэйшых класах давялося на рабфаку, у школе для працуючай моладзі) быў прызваны ў армію. Было гэта ў 1940-м. Служыў у артылерыйскіх войсках разведчыкам-назіральнікам.
З успамінаў А.В. Марціновіча:
«Вайна з фашысцкімі захопнікамі заспела нас у Крыму, у летніх лагерах пад Сімферопалем. Адтуль нас у канцы ліпеня перакінулі ў Беларусь для правядзення рэйду па тылах праціўніка. Для гэтай мэты быў сфарміраваны кавалерыйскі корпус. На занятай ворагам тэрыторыі біліся за Парычы, Азарычы, Акцябр, Глуск, Асіповічы, Старыя Дарогі, на нядоўгі час вызвалілі гэтыя гарады і шмат вёсак. Але затым немцы сабралі сілы і пад Старымі Дарогамі нанеслі нашаму корпусу моцны ўдар, пачалі цясніць. Мы адыходзілі з баямі, непадалёк ад Лоева фарсіравалі Днепр і рушылі да Чарнігава… Рабілі некалькі спроб прарваць варожае акружэнне, але гэта не атрымалася. Камандаванне вырашыла прабівацца невялікімі групамі ў тыл ворага, удзельнічаць у партызанскай барацьбе».
Пасля многіх выпрабаванняў, у тым ліку палону, байцу ўдалося трапіць у свой родны Глускі раён, далучыцца да партызанскага атрада. Праз два месяцы сюды прыйшлі яго маці і сястра. Бацьку спалілі немцы, а ім удалося выратавацца. Брат трапіў у іншы атрад.
У атрадзе Аляксей Марціновіч быў кулямётчыкам, працяглы час знаходзіўся ў дыверсійнай групе. У прадстаўленнях да ўзнагароджання характарызуецца як смелы, адважны баец: «Як кулямётчык, заўсёды знаходзіцца на галоўных напрамках бою. У баі 7.10.1942 з карніцкім атрадам выбраў зручную пазіцыю, падпусціў немцаў на 10 метраў і тады пачаў стральбу з кулямёта. Калі частка немцаў кінулася ва ўцёкі, першым рушыў наперад».
Дарэчы, ён быў узнагароджаны баявымі медалямі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» І ступені, а ў 1948-м атрымаў ордэн Айчыннай вайны І ступені.
Але ўжо ў тыя часы праявіліся журналісцкія здольнасці Марціновіча. Адначасова ён выконваў абавязкі радыста і памочніка начальніка штаба атрада.
З успамінаў А.В. Марціновіча:
«Мне па начах даводзілася запісваць перадачы ТАСС па радыё, а раніцай зачытваць іх партызанам, прымаць зводкі Саўінфармбюро, абагульняць іх за тыдзень і друкаваць у падпольнай раённай газеце Глускага РК КПБ «Сацыялістычная вёска». Таксама вёў дакументацыю на партызан і сувязных атрада. Рабіліся падвоеныя спісы: з сапраўднымі прозвішчамі, датамі і месцам нараджэння і з выдуманымі дадзенымі. Сапраўдныя спісы захоўваліся ў строгім сакрэце, ілжывыя знаходзіліся ў штабным партфелі. Напрыклад, маё партызанскае прозвішча было Альхоўскі».
Пасля вызвалення роднага Глуска, у якім прымаў непасрэдны ўдзел, Аляксей Марціновіч прысвяціў сваё жыццё журналістыцы. Вучыўся завочна, працаваў на розных пасадах і ў розных гарадах, нарэшце асеў з сям‘ёй у Шарашэве. У 1951-54 гадах узначальваў Шарашоўскую палітаддзельскую газету «Калгасны шлях». Пружанскай «раёнцы» аддаў з некаторымі перарывамі больш за чвэрць стагоддзя, працаваў да 1987 года.
Магчыма, памятаюць сталыя пружанцы не толькі артыкулы, але і яго голас: працяглы час А.В. Марціновіч быў карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання, агучваў па радыё мясцовыя навіны.
Аляксандр Мікалаевіч Ліповіч, у адрозненне ад рэзкага ў сваіх меркаваннях і выказваннях іранічнага калегі, быў чалавекам вельмі добрым, спагадлівым. Да маладых работнікаў ставіўся нібы да ўласных дзяцей, з цяплом і ласкай, хоць, прызнаюся, не заўсёды мы гэтага заслугоўвалі.
У яго быў свой графік, адладжаны гадамі: прыходзіў у рэдакцыю вельмі рана і да пачатку працоўнага дня паспяваў падрыхтаваць запланаваныя ў нумар артыкулы. Потым здаваў напісанае машыністцы (было ўсё гэта задоўга да з‘яўлення камп‘ютараў) і накіроўваўся ў чарговую камандзіроўку на поле ці калгасную ферму.
Варта сказаць, што напісаны ім тэкст можна было нават не вычытваць і не пераправяраць: памылак не было ніколі. Хаця адукацыю атрымаў зусім не гуманітарную: закончыў Пружанскі саўгас-тэхнікум.
Аляксандр Мікалаевіч таксама нарадзіўся ў 1920-м, 25 сакавіка, у Астанкавічах Гомельскай вобласці. Бацька яго быў чыгуначнікам. У 1940-м пайшоў у армію, але трапіў на Поўнач, у Мурманск. Тут і застала салдата вайна.
Карэльскі фронт, раненне, шпіталь… Пасля лячэння байца накіравалі на падрыхтоўку ў штаб беларускага партызанскага руху ў Маскве, адтуль у чэрвені 1942 года з дыверсійнай групай — у тыл ворага.
Два гады ў партызанскім атрадзе «Гвардзеец» Ліповіч быў кулямётчыкам, начальнікам разведкі, камандзірам дыверсійнай групы, прымаў удзел у баявых аперацыях. За свае подзвігі атрымаў медалі, баявы ордэн Чырвонага Сцяга. Яго называлі лепшым кулямётчыкам атрада. Адзначалі, што некалькі разоў са сваімі байцамі трапляў у складаныя сітуацыі, але праяўляў смеласць і вытрымку і з гонарам выходзіў з іх.
Адной з такіх сітуацый было 15-дзённае блуканне па лесе з двума байцамі. Без ежы, з пастаяннай небяспекай трапіць у рукі гітлераўцаў, якія акружылі партызан. Калі шмат гадоў пасля Аляксандру Мікалаевічу задавалі пытанне пра гэтыя падзеі, ён не мог стрымаць слёзы і толькі махаў рукой: «Не варта вам такія жахі ведаць, вайна – гэта вельмі страшна».
У партызанскім атрадзе Ліповіч атрымаў афіцэрскае званне, але пасля вайны ў арміі не застаўся, пачаў працаваць у палітаддзельскай газеце. Праўда, некаторы час узначальваў калгас у Драгічынскім раёне: у сярэдзіне 1950-х партыя імкнулася ўмацаваць адстаючыя гаспадаркі і накіроўвала сюды камуністаў (Аляксей Марціновіч нават пазбавіўся свайго партбілета за тое, што адмовіўся прымаць калгас).
А ў 1960 годзе Аляксандр Ліповіч, што называецца, узяў у свае рукі сельгасаддзел пружанскай «Зары камунізму». І годна працаваў на гэтай пасадзе ажно 35 гадоў!
У рэдакцыйным архіве захаваліся старыя фотаздымкі са святкаванняў Дня друку і юбілеяў газеты, але ні на адным з іх не знайшла нашых ветэранаў з усімі рэгаліямі. Сціплыя былі людзі. І вельмі дастойныя, якімі сапраўды варта ганарыцца.
На здымках: 1. У кабінеце рэдактара «Зары камунізму». Стаяць А.М.Ліповіч і А.В. Марціновіч, сядзяць — другі злева рэдактар М.М. Кавалевіч, А.В. Казакова, справа ад яе ўсміхаецца І.А. Хазан.
Ірына Сядова
