Калі спяшаўся на чарговыя спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе, падумаў, што зноў сустрэнуся з ужо знаёмымі бабулямі. Калі ж турнір пачаўся, зразумеў: называць гэтых жанчын так — проста недаравальна.

Месцам правядзення акцыі «Галоўны рэкорд — здароўе» быў абраны гарадскі стадыён. Адразу адзначым, што праходзіла мерапрыемства ў рамках праекта «Пружаны — здаровы горад». Другі год запар наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія на ўласным прыкладзе даказваюць, што пенсія — не прыгавор, паказалі сапраўдную вытрымку і мэтанакіраванасць.

У чым гэта праяўлялася? Перш за ўсё, у настойлівасці і жаданні прайсці дыстанцыю. Не перашкодзіў планам нават даволі моцны восеньскі дождж.

Перад турнірам, як і заўсёды, правялі традыцыйную размінку. А пасля — палкі ў рукі і наперад! Нейкіх абавязковых дыстанцый арганізатары не ўстанаўлівалі, кожны ўдзельнік прайшоў столькі, колькі яму па сілах. У гэтым і мэта акцыі, якая пакладзена ў яе назву. Напрыканцы мерапрыемства, нягледзячы на надвор’е, на тварах удзельнікаў былі ўсмешкі. Усе яны атрымалі граматы і зарад энергіі і даказалі, што актыўнымі можна і трэба быць у любым узросце.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
