Калі заходзіць гутарка пра лётчыкаў, якія пачыналі вайну ў Пружанах у складзе 33-га знішчальнага авіяпалка, чые прозвішчы мы ўзгадваем у першую чаргу? Сцяпана Гастэлы, які здзейсніў адзін з першых падчас Вялікай Айчыннай вайны паветраных таранаў. Фёдара Мачалава, што збіў першы фашысцкі самалёт. Івана Лавейкіна, які геройскі прайшоў усю вайну, атрымаў званне Героя Савецкага Саюза, пазней даслужыўся да генерал-маёра авіяцыі. Пра гэтых людзей неаднойчы змяшчаліся публікацыі ў раённай газеце. У гонар Гастэлы і Мачалава названы вуліцы ў Пружанах.
Але сёння я хачу расказаць пра іншага лётчыка — Канстанціна Вішнявецкага, імя якога таксама носіць адна з вуліц нашага райцэнтра. Сорамна прызнацца, але толькі нядаўна я даведалася, што ён таксама быў Героем Савецкага Саюза.
Канстанцін Рыгоравіч Вішнявецкі нарадзіўся 8 чэрвеня 1914 года ў Херсонскай губерні, у сям‘і рабочага. Скончыў школу фабрычна-заводскага навучання, але, як многія хлопцы тых часоў, «захварэў» небам. Вучыўся ў Адэскай ваеннай авіяцыйнай школе пілотаў, у Магілёўскім двухгадовым лётным вучылішчы, дзе прайшоў навучанне за адзін год. Пачаў службу ў 33-м знішчальным авіяпалку Беларускай (пазней перайменавана ў Заходнюю) асобай ваеннай акругі, які быў сфарміраваны ў Магілёве ў маі 1938 года. Праз год полк — і лейтэнант Канстанцін Вішнявецкі ў яго складзе — прыняў удзел у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь.
У ліпені 1940 года полк перабазіраваўся на аэрадром каля Пружан. А амаль праз год, 22 чэрвеня 1941 года, як мы памятаем, авіятары 33-га знішчальнага авіяпалка прынялі на сябе першы гітлераўскі ўдар і нават здолелі атрымаць першыя перамогі: героямі-лётчыкамі былі збіты чатыры нямецкія бамбардзіроўшчыкі.
Пасля адступлення і перафарміравання палка Канстанцін Вішнявецкі за два месяцы здзейсніў 76 баявых вылетаў, удзельнічаў у 15 баях. Пасля ранення і лячэння ў шпіталях быў накіраваны на работу інструктарам па навучанні лётнага саставу палётам на замежных тыпах авіатэхнікі. Лётчык адказна і прафесійна выконваў гэтыя абавязкі, але імкнуўся на фронт. І напачатку 1943 года яго рапарт быў задаволены…
Вясной 1943 года на плечы эскадрыллі, у якой ваяваў К. Вішнявецкі, лягла супрацьпаветраная абарона Сталінграда. Пасля паражэння пад Сталінградам фашысты паспрабавалі замацавацца на Кубані. Для падтрымкі гэтага плацдарма фашысцкае камандаванне сканцэнтравала тут лепшыя сілы авіяцыі, узброенай найноўшай авіяцыяй. У бітвах над кубанскімі стэпамі Вішнявецкі быў адным з лепшых байцоў 298-га знішчальнага авіяпалка, збіў асабіста 10 і ў групе 13 нямецкіх самалётаў. Яго голас у эфіры разам з галасамі іншых савецкіх асаў распазнавалі нямецкія «слухачы», каб папярэдзіць сваіх лётчыкаў. У адным з баёў над «блакітнай лініяй» быў цяжка паранены, сцякаючы крывёй, прывёў і пасадзіў сваю «кобру» на аэрадром. 24 мая 1943 года ў газеце «Правда» з’явіўся фотаздымак чатырох лётчыкаў — герояў кубанскіх баёў. Сярод іх быў і камандзір эскадрыллі, а потым штурман палка капітан Вішнявецкі.
Званне Героя Савецкага Саюза ён атрымаў 24 жніўня 1943 года, у той жа дзень, калі полк за поспехі ў баях на Кубані атрымаў званне гвардзейскага (перайменаваны ў 104 гзап). Таксама сярод узнагарод лётчыка — ордэны Леніна, Айчыннай вайны І ступені, тры ордэны Чырвонага Сцяга.
Усяго больш чым у 200 паветраных баях штурман 104-га гзап гвардыі маёр К.Р. Вішнявецкі збіў асабіста 20 і ў групе 15 самалётаў саперніка (па дадзеных сайта «Савецкія асы» — 17 і 14).
Пасля чарговага цяжкага ранення ён быў прызначаны начальнікам службы пнеўматычных стралкоў дывізіі, якой камандаваў легендарны лётчык Аляксандр Пакрышкін. З таго часу ў шлемах лётчыкаў гучаў голас Канстанціна Вішнявецкага: ён наводзіў іх на цэль, папярэджваў аб небяспецы.
Загінуў падчас баёў за вызваленне горада Львова 30 ліпеня 1944 года. У Львове, на Кургане Славы, і быў пахаваны.
P.S. Сумна і балюча, але гісторыя на Украіне актыўна перапісваецца. І мемарыяла ў памяць пераможцаў над нацызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны, дзе пахаваны шмат выбітных украінцаў, тут ужо няма: яго некалькі гадоў таму знішчылі нашчадкі фашыстаў з «Галічыны».
Ірына Сядова
Фота з адкрытых крыніц