Напэўна, самым жорсткім чынам вайна абыходзіцца з мамамі. Дзевяць месяцаў вынасіць дзіця пад сэрцам, песціць і галубіць немаўля, выхоўваць годнага чалавека — і ў момант яго згубіць… Немагчыма нават уявіць, якую горыч зведалі Соф’я-Марыя Чарнак і Марыя Кудравец — матулі загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў.
15 лютага намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гарахавіцкі наведалі жанчын, якія шмат гадоў таму панеслі незаменную страту.
Апроч падарункаў, мамы атрымалі ўвагу з боку кіраўніцтва раёна, і, здаецца, менавіта апошняе аказалася для іх важнейшым.
— Традыцыйна прыйшлі выказаць вам спачуванні ў гэты журботны дзень. Ведайце, што можаце разлічваць на нашу падтрымку, — звярнуўся Руслан Васільевіч да Соф’і-Марыі Чарнак (на здымку).
На жаль, людзі хутка забываюць пра наступствы ўзброеных канфліктаў, пра жах, які яны прыносяць, і зноў становяцца на сцежку братазабойства.
— За сваё жыццё я бачыла войны, але не думала, што ў адной з іх згублю сына. Яна ж, сяброўка, такая: забірае і старых, і малых — без разбору. Як жа хочацца, каб людзі жылі ў міры! — заўважыла Соф’я-Марыя Антонаўна.
Асабліва кранальным стаў момант, калі Валерый Мікалаевіч на развітанне абняў жанчыну, а яна са слязамі на вачах узрушана сказала: «Дзякуй, мой мілы «афганец», дзякуй, што вярнуўся! Майму Вовачку не давялося…»
Калі машыны з наведвальнікамі пад’ехалі да дома Марыі Кудравец (на здымку), яна была на двары, завіхалася па гаспадарцы. Жанчына адзначыла, што паважаны ўзрост не з’яўляецца нагодай для гультайства.
Намеснік старшыні райвыканкама звярнуўся да мамы мужнага воіна са словамі спачування, уручыў падарунак, пажадаў моцнага здароўя, радасці ў кожным дні, дабрабыту і мірнага неба над галавой.
Дарэчы, Марыя Іванаўна асабіста прысутнічала на мітынгу, прысвечаным загінулым воінам-інтэрнацыяналістам. Штогод яна прыязджае ў сквер воінаў-інтэрнацыяналістаў, каб ускласці кветкі да гранітнай пліты з выявай сына Мікалая і трошкі пастаяць каля фотаздымка свайго дзіцяці…
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік