Суббота, 12 октября 2024

Іваноў: прагаласаваўшы на рэферэндуме, беларусы вызначаць лёс краіны

294

Прагаласаваўшы на рэферэндуме па змяненнях у Канстытуцыю, беларусы вызначаць далейшы лёс краіны. Такое меркаванне выказаў сёння кіраўнік спраў Прэзідэнта — упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў на сустрэчы з калектывам Пружанскага малочнага камбіната, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Кожны павінен разумець, што ад яго рашэння і голасу будзе залежаць лёс краіны. Абноўлены Асноўны закон будзе вызначаць далейшую стратэгію развіцця нашай дзяржавы, гэта значыць нашай агульнай будучыні, — сказаў Валерый Іваноў. — Абмеркаванне праекта Канстытуцыі ідзе ўжо каля месяца. Самае галоўнае, што цікавасць людзей расце. Шмат пытанняў задаюць па некаторых раздзелах Канстытуцыі: аб паўнамоцтвах Прэзідэнта, Усебеларускага народнага сходу, іншых органаў улады. Людзі цікавяцца станам спраў у эканоміцы, пытаюць пра прыярытэты ў развіцці дзяржавы».

Паводле слоў кіраўніка спраў Прэзідэнта, у беларускім грамадстве наспела патрэбнасць ва ўнясенні паправак у Канстытуцыю. «Жыццё не стаіць на месцы. У свядомасці грамадзян фарміруецца запатрабаванне на захаванне нацыянальнага суверэнітэту. У актыўнае жыццё ўступае новае пакаленне беларусаў, з’яўляюцца новыя для краіны галіны эканомікі і віды прамысловасці. Стаіць задача — захаваць і прымножыць назапашаны вопыт», — адзначыў ён.

Валерый Іваноў лічыць, што Канстытуцыйная камісія выпрацавала варыянт паправак, якія захоўваюць «фундаментальныя прынцыпы пабудовы Рэспублікі Беларусь». У праекце Канстытуцыі прапануецца змяніць прэамбулу і 82 артыкулы, выключыць два артыкулы, дапоўніць тэкст адной главой аб Усебеларускім народным сходзе і 11 новымі артыкуламі.

«Сёння як ніколі абвострана праблема нацыянальнай ідэнтычнасці, існавання моцнай нацыі і суверэннай дзяржавы. Для Беларусі гэта пытанне з-за гістарычных перадумоў таксама актуальнае. У абноўленай прэамбуле Канстытуцыі мы разам жадаем сваёй краіне міру, народу — працвітання, кожнаму чалавеку — дабрабыту. Гатовы разам рэалізаваць гэтыя мэты, развіўшы іх у асноўных палажэннях Канстытуцыі», — дадаў упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці.

БелТА