Сталіцай ХХХІ Дня беларускага пісьменства ў мінулыя выхадныя стаў горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Было шмат гасцей. У іх лік уваходзіла і дэлегацыя Пружанскага раёна, узначальваў якую намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.
Два дні свята закружылі ў віхуры падзей. На плошчы каля Івацэвіцкага райвыканкама размясцілася галоўная сцэна, а ўздоўж цэнтральнай вуліцы горада працягнуліся разнастайныя павільёны кінастудыі «Беларусьфільм», выдавецтваў краіны, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, публічных бібліятэк Берасцейшчыны, перасоўная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музея гісторыі беларускай літаратуры, замкавага комплекса «Мір», літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, літаратурнага музея Янкі Купалы, гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» і многіх іншых.
Запамінальным і аб’ёмным быў фестываль кнігі і прэсы.
У першы дзень свята ў гарадскім Доме культуры адбылася творчая сустрэча з Народным пісьменнікам Беларусі, ганаровым старшынёй грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Мікалаем Чаргінцом. Удзел у сустрэчы таксама прынялі народная артыстка БССР Марыя Захарэвіч і заслужаны дзеяч культуры, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок.
Увечары на галоўнай пляцоўцы свята прайшло ўрачыстае адкрыццё ХХХІ Дня беларускага пісьменства. Старшыня аргкамітэта свята, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка зачытаў прывітальны адрас удзельнікам і гасцям свята ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. З віншавальнай прамовай выступіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веніямін звярнуўся з пастырскім благаславеннем.
Затым Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў і старшыня Саюза пісьменнікаў краіны Аляксандр Карлюкевіч уручылі Нацыянальныя літаратурныя прэміі.
Быў яшчэ і святочны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады: Вікторыі Алешка, ансамбля «Песняры», Ірыны Дарафеевай, Руслана Аляхно, арт-гурта «Беларусы» і многіх іншых.
Другі дзень свята быў не менш насычаным.
На закрыцці ХХХІ Дня беларускага пісьменства вымпел сталіцы свята 2025 года быў урачыста перададзены гораду Ліда.
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_303989910 і https://ok.ru/budni/album/982876450696