Святочная дэманстрацыя ў Дзень Перамогі — бадай, адзін з самых яркіх успамінаў з майго дзяцінства. Шмат гадоў таму ў Ружанах вялікая парадная калона рухалася ад мясцовага стадыёна праз увесь пасёлак і ажно да самага кургана, які знаходзіцца на шашы, што вядзе на Ваўкавыск. Менавіта тут, побач з велічным танкам, які і сёння не перастае прыцягваць увагу праезджых, праходзілі ўрачыстыя мітынгі ў гонар Вялікай Перамогі. У тым ліку з-за таго, што ў іх удзельнічалі дзясяткі пераможцаў, гэтыя штогадовыя мітынгі каля танка, напэўна, назаўсёды застануцца для мяне самымі відовішчнымі…
ГІсторыя гэтага памятнага месца паблізу Ружан бярэ пачатак у першыя дні вайны. Паводле гістарычных звестак, пасёлак быў заняты 47-м нямецкім механізаваным корпусам арміі Гудэрыяна ўжо вечарам 23 чэрвеня — на другі дзень вайны. У баі за вызваленне пасёлка вялікую стойкасць праявілі байцы 22-й і 25-й танкавых дывізій. Нягледзячы на колькасную перавагу ворага, яны ў шматлікіх месцах здолелі прарваць абарону ворага і нанесці яму значныя страты.У ваенна-гістарычнай літаратуры пазней з’явяцца ўнікальныя дзённікавыя запісы, успаміны непасрэдных відавочцаў і ўдзельнікаў тых падзей.
«У маі ў часці былі арганізаваны 45-дзённыя зборы… У летніх лагерах каля Зэльвы, у маёнтку Халстова… Каля 12 гадзін дня 22 чэрвеня малодшыя камандзіры Пахомаў, Паняеў і я пастроілі байцоў і аддалі каманду для прагулачнага маршу. Насустрач нам з Ружан ішоў батальён пяхоты ў поўным баявым зборы. Салдаты спявалі і ігралі на гармоніку. Пра тое, што ўжо ідзе вайна, мы не падазравалі, хаця і чулі грукат выбухаў. Думалі, што гэта манеўры пачаліся… Мяне паслалі на чале групы з васьмі чалавек прыняць каравул штаба палка ў Дзярэчыне. Салдаты зброі не мелі, толькі ў мяне была дзесяцізарадная вінтоўка. У небе пачалі з’яўляцца фашысцкія самалёты. Яны бамбілі і расстрэльвалі ва ўпор усё, што рухалася» («У чэрвені 1941», з успамінаў Панцялея Баклана, памочніка камандзіра ўзвода 311 гаўбічнага артылерыйскага палка).
«Мост каля Зэльвы быў разбураны, і мы павярнулі больш на поўдзень. Бераг Зяльвянкі паўсюль быў узараны бомбамі і снарадамі. А што рабілася на пераправе пад Караліна, жудасна ўспамінаць. Падыходы і пад’езды да пераправы былі запоўнены машынамі, вазамі, зброяй. Каля броду сабраліся салдаты ўсіх родаў войскаў. Рака кіпела ад выбухаў снарадаў. Шмат параненых, на якіх ніхто не звяртаў увагі. Паўсюль — забітыя. Па рэчцы разносіліся крыкі звар’яцелых людзей» (з успамінаў Васіля Калеснікава, механіка-вадзіцеля танка Т-34 7 танкавага палка 4 танкавай дывізіі).
«27-га перасяклі франтавую тады дарогу Гродна-Брэст. І ўпёрліся ўсёй мехкалонай у Ружанскі лес. Што рабіць?… Вырашылі раніцай рухацца на Ружаны, разбіць фашыстаў і выйсці на шашу Брэст-Баранавічы. Наіўныя, мы не падазравалі, што немцы ўжо ўвайшлі ў Мінск… Бой цягнуўся ўвесь дзень. Біла па нас артылерыя, бамбіла авіяцыя, з узгоркаў палівалі аўтаматчыкі… Ад нашай мехкалоны 13 мехкорпуса 10-й арміі засталося толькі… тры паўжывыя байцы» (з успамінаў Аляксандра Цітова, курсанта 148 танкавага палка 31 танкавай дывізіі).
…Поле бою пад Ружанамі было ўсеяна трупамі. 127 савецкіх воінаў і камандзіраў, якія тут загінулі, трымаючы абарону Ружан, былі пахаваны ў брацкай магіле. У кастрычніку 1966 года мясцовыя жыхары перазахавалі астанкі мужных танкістаў і побач з магілай насыпалі курган. На пліце, якую ўстанавілі перад насыпам, дванаццаць з пахаваных пералічаны па імёнах, астатнія сто пятнаццаць запісаны як невядомыя. Праз год, у 1967-м, каля падножжа кургана быў усталяваны баявы танк Т-34.
Марына Вакульская.
Фота з архіва Юрыя Малышэўскага.