Паважаныя чытачы, спяшаемся падзяліцца з вамі цікавай навінай! Калі вы памятаеце, сёлета ў адным з нумароў “РБ” у рубрыцы “Гісторыя аднаго фота” быў надрукаваны фотаздымак удзельнікаў рэгіянальных спаборніцтваў па стральбе, які быў зроблены ў 30-х гадах мінулага стагоддзя каля тэрасы Пружанскага палацыка.
Нядаўна мы даведаліся, што адным з галоўных пераможцаў тых спаборніцтваў быў бацька вядомай пружанскай мастачкі, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Марыі Кулецкай – Мікалай Рыгоравіч Клімашэвіч (на здымку-1 ён справа: трымае кубак).
Згодна з дакументамі, якія сёння захоўваюцца ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, Мікалай Рыгоравіч нарадзіўся 3 чэрвеня 1910-га года ў в. Комлішча былога Пружанскага павета Гродзенскай губерні ў сям’і праваслаўных сялян.
Вучыўся ў Комлішчанскай пачатковай школе, потым хадзіў у сямігодку ў г. Пружаны. Пасля смерці бацькі вымушаны быў пакінуць вучобу і заняўся гаспадаркай.
У 1929-1931 гадах Мікалай Клімашэвіч праходзіў практыку ў Белавежскім лясніцтве, пасля якой быў прызваны ў польскую армію. З 15 верасня 1932 года па 10 лютага 1933 вучыўся ў Брэсцкай школе унтэр-афіцэраў на інструктара-сувязіста.
Аднак пасля арміі вярнуўся ў лясную гаспадарку. Дакладна вядома, што ў 1938 годзе Мікалай Рыгоравіч працаваў лесатэхнікам у Ружанскім лясніцтве.
Праз год, у сувязі з нападам Германіі на Польшчу, зноў быў мабілізаваны і ў адным з баёў трапіў у нямецкі палон. Больш за год знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных ва Усходняй Прусіі, адкуль пазней быў вывезены на працу ў памешчыцкую гаспадарку. За ўдзел у забастоўцы супраць нямецкага памешчыка быў заключаны на некалькі месяцаў у турму.
Пасля савецкага вызвалення ўступіў у рады Чырвонай Арміі і прымаў удзел у баях пад Кёнігсбергам, дзе быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталі г. Тула. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся дадому.
Адразу пасля вайны, з 1 верасня 1945 года, пачаў працаваць настаўнікам у пачатковай школе в. Смаляніца. Некалькі гадоў Мікалай Рыгоравіч па сумяшчальніцтве падпрацоўваў настаўнікам фізкультуры і рахункаводам.
Аднак лес вабіў таленавітага педагога. У канцы 50-х Мікалай Клімашэвіч пакінуў школу і ўладкаваўся ў Бярозаўскае лясніцтва. Калі ўзначальваў прафсаюзную ячэйку, выдаваў насценгазету, маляваў плакаты і пісаў лозунгі, і ўжо тады ва ўсім яму дапамагала дачка Марыя, такая ж таленавітая, як і бацька.
Сам Мікалай Рыгоравіч быў вельмі адоранай асобай. Ведаў некалькі замежных моў, добра іграў на мандаліне, прыгожа танцаваў і спяваў. Шмат чытаў і ўсё жыццё выпісваў розныя газеты і часопісы. А яшчэ быў спраўным пчаляром, садаводам і сталяром: уласнымі рукамі вырабіў усю хатнюю мэблю… Здавалася б, жыць яму ды жыць.. Але ў 1975 годзе Мікалая Клімашэвіча не стала (нагадалі пра сябе цяжкія траўмы, якія ён за некалькі гадоў да смерці атрымаў у дарожнай аварыі на ружанскай трасе)…
Сёння вашай увазе мы прапануем іншы, не менш цікавы, фотадымак з Мікалаем Клімашэвічам, які ўдзельнічаў і ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, што праводзіліся ў пружанскім гарадскім парку.
На здымках: 2. Мікалай Рыгоравіч Клімашэвіч у 1931 годзе; 3. Марыя Кулецкая трымае кубак, які быў уручаны яе бацьку падчас рэгіянальных спаборніцтваў па стральбе ў 30-х гадах ХХ стагоддзя.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча і з хатняга архіва М.М. Кулецкай