Понедельник, 2 декабря 2024

Іна Жыеўская з Ружан любіць, калі навокал прыгожа, і разам з мужам стварае прыгажосць на ўласным падворку

373

«Люблю, калі прыгожа». Нехта можа вымавіць гэтыя словы, не прыкладаючы для пацвярджэння сказанаму канкрэтных дзеянняў. Прайшоў па вуліцы каля клумбы, палюбаваўся цудоўнымі кветкамі — і дастаткова, ужо неймаверны эстэт. А што каля ўласнага плота можа расці крапіва ў рост чалавека, на двары пануе поўны хаос, гэта не страшна.

У жыхаркі г.п. Ружаны Іны Жыеўскай якраз наадварот. На падворак да яе завітваюць нават незнаёмыя людзі з адной просьбай: ці можна сярод гэтай прыгажосці сфатаграфавацца?

У бягучым годзе арыгінальнае афармленне падворка сям‘і Жыеўскіх было адзначана на раённым узроўні. Гаспадыня была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені падчас правядзення раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і кветкавае афармленне тэрыторый Пружанскага раёна.

Пра Валерыя Жыеўскага — майстра на ўсе рукі — «раёнка» ўжо пісала. Нагадаем, што мужчына сам сабраў трактар і аснасціў яго розным навясным абсталяваннем. Аказалася, што ў плане канструявання не адстае ад яго і жонка. Вось дзе ідэальная пара падабралася! Дзецішча Іны Андрэеўны — гэта цудоўны і незвычайны падворак, які яна разам з мужам і сынам ператварыла ў месца, што прываблівае вока і грэе душу.

Усё, скажам так, пачыналася з прыгожай і арыгінальнай альтанкі, да якой вядзе сцежка, абсаджаная ўжо даволі высокімі туямі. Вось вам і месца для чаяпіцця, душэўных размоў і абмеркавання планаў на будучае, якіх, як упэўніліся карэспандэнты, у Іны Жыеўскай з лішкам. У пацвярджэнне сказанаму: вельмі хочацца гаспадыні, каб у альтанцы з’явілася арыгінальная свяцільня — кола на ланцугах. Прыемна ж цёплым вечарам пры святле адпачыць на свежым паветры.

А хто з жанчын можа пахваліцца тым, што ўмее займацца такой, здавалася б, «мужчынскай» справай, як бетаніраванне? Калі што, Іна Жыеўская гатова расказаць усё пра гэтую работу. Таму што самастойна рабіла бетонную аснову для плота каля альтанкі, пасля чаго ўжо падключыўся муж. А чаго каштуе басейн перад домам, які сама выкапала, змацавала бетонам каменне па перыметры і выслала дно плёнкай! Пасля такога задумаешся: а ці правільна ўсіх жанчын суадносіць са слабым полам?

Два гады таму на падворку з’явіліся арэлі. Іх насамрэч змайстраваў Валерый, але пагадзіцеся, галоўнае ж ініцыятыва, ідэя! Чыя — вы ўжо зразумелі. А побач яшчэ і хатка Бабы-ягі, і калодзеж. У гэтым годзе з’явіўся млын, які гаспадыня канструявала з дапамогай мужа і сына. Змаглі выбраць для яго ўдалае месца, на скразняку, таму лопасці круцяцца, як у сапраўднага млына.

Што да кветкавага афармлення, то карэспандэнты паспелі атрымаць эстэтычную асалоду ад разнастайнасці пахучага букета яшчэ ўлетку. І ён таксама ўразіў!

Жанчына сцвярджае, што ў першую чаргу займаецца гэтым для сябе, для ўтульнасці на сваім участку. А калі б так паспрабаваў зрабіць кожны? Уявіце, якая бы прыгажосць нас акружала!

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі