Што патрэбна для сапраўднага сямейнага шчасця? На гэты конт у кожнай сям’і, вядома, крытэрыі розныя. Ірына і Андрэй Гарусы не задумваюцца над пытаннем — для іх гэта відавочныя рэчы: мір ды згода, узаемаразуменне і павага, цеплыня адносін і падтрымка адзін аднаго, ну, і, як бы гэта банальна ні гучала, дах над галавой. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання, яны лічаць сябе абсалютна шчаслівымі.
Дзве палавінкі
А пачынала пара будаваць сваё сямейнае шчасце больш за дзесяць гадоў таму. Андрэй нарадзіўся і вырас у Ружанах. Іра — у вёсцы Манчыкі, што ў пары кіламетраў ад гарадскога пасёлка. Пазнаёміліся будучыя муж і жонка на дыскатэцы.
— Наогул, пасля танцаў ён паімкнуўся правесці дамоў маю сяброўку…
— Але ж яшчэ тады заўважыў цябе, — прызнаецца галава сям’і. — Адразу падумаў: вось мая другая палавінка. Напэўна, адчуў гэта сэрцам.
Працяглы час маладыя людзі бачыліся толькі па выхадных: Іра вучылася ў Гродне.
— А аднойчы Андрэй патэлефанаваў у той момант, калі мая аднагрупніца побач залівалася слязьмі з-за таго, што ёй ніхто не прапануе руку і сэрца. Пачуўшы пра прычыну рыданняў, ён сур’ёзна пацікавіўся: «А ты пойдзеш за мяне замуж?»
Дзяўчына не бачыла прычын задумвацца над прапановай: у Андрэі яна ўжо разгледзела сур’ёзнага, надзейнага спадарожніка жыцця.
Розныя — і аднолькава любімыя
Іх першынец Кірыл з’явіўся на свет у той жа дзень, калі Ірына здала апошні дзяржэкзамен. Крыху больш як праз год у Гарусаў нарадзілася дачушка Маргарыта. Муж і жонка не думалі, што стануць шматдзетнымі бацькамі, але праз чатыры гады ізноў рашыліся на папаўненне: шчасця шмат не бывае.
— Усе дзеткі розныя, са сваімі характарамі, тэмпераментам. Кіруша сёлета заканчвае чацвёрты клас. Ён у нас хлопчык сціплы і спакойны. Гэта цудоўны мамін памочнік. Сярод яго захапленняў — футбол, — расказваюць муж і жонка пра сваё галоўнае шчасце ў жыцці.
— А вось каму трэба было нарадзіцца хлопчыкам, дык гэта Рыце: яна ў нас дзяўчынка смелая і баявая, сябе ў крыўду не дасць, — зазначае тата пра дачку.
Трэцякласніца займаецца танцамі і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю.
— Самаму маленькаму нашаму шчасцю — гарэзе Ільюшы — ужо чатыры гадкі. Праўду кажуць, што са з’яўленнем кожнага наступнага дзіцяці паводзіш сябе інакш: з першым мітусішся, панікуеш з-за кожнай дробязі, а з малодшым пачынаеш разумець, якія рэчы другасныя і няважныя. Напэўна, па гэтай прычыне гэта наш пястун, — прызнаюцца бацькі.
Будні і святы
Работы па спецыяльнасці мадэльера-канструктара швейных вырабаў Ірыне ў Ружанах не знайшлося. Тым не менш яна ўвішна спраўляецца з работай у буфеце мясцовай гаспадаркі. З мінулага года ў ААТ «Ружаны-Агра» слесарам па рамонце аўтамабіляў працуе і Андрэй.
— Шмат гадоў жылі разам з бацькамі. Менш за год таму занялі адзін з прысядзібных домікаў таварыства. А літаральна праз два месяцы пасля таго, як атрымалі ключы ад службовага жылля, даведаліся, што падышла наша чарга на будаўніцтва кааператыва. І вось не так даўно пачалі ўладкоўваць уласную трохпакаёвую кватэру, — дзеляцца радаснай навіной муж і жонка. — Згадзіцеся, гадаваць і выхоўваць дзяцей значна прасцей, калі ёсць уласныя квадратныя метры.
…Прызнацца шчыра, сабраць разам усіх членаў шматдзетнай сям’і Гарус аказалася не так проста: муж і жонка працуюць, дзеці — хто ў школе, хто ў дзіцячым садку, хто на занятках у гуртку. Тым не менш дэфіцыт часу не перашкаджае Гарусам весці актыўнае грамадскае жыццё. Напрыклад, усе разам яны прымалі ўдзел у конкурсе «Лепшая шматдзетная сям’я», сельскагаспадарчым праекце «Уладар сяла». Акрамя таго, бацькі выкарыстоўваюць кожную магчымасць пабыць разам са сваімі дзеткамі і арганізаваць для іх вясёлае, пазнавальнае баўленне вольнага часу: ездзяць у Лядовы палац, бываюць у гістарычных мясцінах, наведваюць забаўляльныя комплексы.
— Мне з жонкай вельмі пашанцавала, — гаворыць Андрэй. — І гаспадыня яна добрая, і матуля ласкавая.
Ірына дадае:
— Проста для таго, каб сям’я была моцнай, трэба рабіць усё разам, умець саступаць, калі трэба — прамаўчаць, не крыўдзіць адзін другога. Таму шчаслівая сям’я — гэта агульная заслуга.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.