Воскресенье, 14 июля 2024

Інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Руслан Басак: «Навучыўся бачыць каштоўнасць літаральна ў кожным лістку»

399

У пачатку новай справы, напэўна, кожны чалавек перажывае хваляванне і ўзрушанасць перад невядомым. З гэтымі эмоцыямі добра знаёмы маладыя спецыялісты: юнакі і дзяўчыны фактычна пачынаюць самастойнае жыццё, якое часта патрабуе рашэння нялёгкіх задач. Спрасціць гэты пераход, пазбавіцца лішняй трывогі дапамагае шчырае захапленне сваёй справай. Гэта можа пацвердзіць інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Руслан Басак.

Руслан – малады спецыяліст са стажам. Ён працуе ў лясгасе ўжо крыху больш за два гады. У лютым скончыцца яго адпрацоўка, і прывілеяваны статус адыдзе ў мінулае, але юнак з лясгасам развітвацца не збіраецца. Як жа ён трапіў у прафесію?

– Так сталася, што я абіраў спецыяльнаць несвядома. У падлеткавым узросце не падыходзіш да сур’ёзных рашэнняў грунтоўна, а, хутчэй, плывеш па цячэнні, і я вельмі рады, што мяне прынесла менавіта сюды, – усміхаецца юнак.

Падчас вучобы ў 11 класе Руслан захапіўся гісторыяй школьнага сябра, які маляўніча расказваў пра свайго дзеда – на той момант работніка лясгаса – і пра яго цікавую працу. Будучы на ростанях, вырашыў падаць дакументы ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Лясная гаспадарка».

– Вучыцца было даволі проста. Калі своечасова ўсё выконваў і старанна ставіўся да сваіх абавязкаў, праблем не ўзнікала. Студэнцтва было вясёлым і цікавым часам. Асабліва крута было на практыцы ў Негарэльскім навучальна-даследчым лясгасе. Увогуле, мае адносіны з прыродай наладзіліся. Хаця і да паступлення я беражліва ставіўся да наваколля, але альма-матар навучыла мяне бачыць каштоўнасць літаральна ў кожным лістку, – дзеліцца Руслан.

Добрае ці кепскае – усё ўрэшце рэшт заканчваецца. І калі вучоба ва ўніверсітэце падыходзіла да канца, студэнт Басак сам прыйшоў у Пружанскі лясгас і папрасіў, каб арганізацыя аформіла заяўку на размеркаванне. Хлопец родам з райцэнтра, яго вельмі цягнула на малую радзіму.

– У першы працоўны дзень я хваляваўся хіба што з-за недахопу практыкі. А вось веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, былі грунтоўныя. Мяне заспакоілі калегі. Яны – прафесіяналы з вялікім вопытам, таму я з задавальненнем засвойваю іх урокі. Увогуле, у калектыве проста выдатныя людзі, якія падтрымаюць і дапамогуць у неабходны момант, – кажа малады спецыяліст.

Руслан падрабязна расказваў пра свае абавязкі, з захапленнем тлумачыў розныя аспекты сваёй працы. Насамрэч, было бачна, што ён гарыць сваёй справай.

– Нягледзячы на тое, што я інжынер, у лесе бываю часта, асабліва вясной і восенню, калі вядуцца лесааднаўленчыя работы. Менавіта ў гэты час родная прырода набывае надзвычайна прываблівы выгляд.

Таксама юнак падзяліўся, што марыць заснаваць працоўную дынастыю:

– Я жадаю, каб члены маёй сям’і абралі «лясную» прафесію, узялі на сябе адказнасць і клопат за прыроду. Хочацца, каб у будучым мая праца натхніла малодшае пакаленне, стала арыенцірам.

На жаль, у свеце з кожным годам колькасць лесу ўсё меншае, і на сённяшні дзень гэта агульная праблема ўсяго чалавецтва. Прычыны дадзенай сітуацыі разнастайныя, паразважаць на тэму я прапаноўваю самастойна. Але, нягледзячы на ўсе сумныя факты, дыялог з Русланам мяне заспакоіў, узнікла адчуванне, што яшчэ доўга мы будзем на поўныя грудзі ўдыхаць чыстае паветра, якое захавае для нас спрадвечны лес.

– Я ўпэўнены, што мы дасягнём сваёй мэты: зберажом прыроду, пакажам прыклад нашым нашчадкам, – падсумаваў Руслан.

Юлія Янушка. Фота з асабістага архіву Руслана Басака