У вялікім калектыве філіяла дарожна-эксплуатацыйнага упраўлення № 25 рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Брэстаўтадар» працуе ўсяго толькі 11 жанчын. У іх лік уваходзіць інжынер па ахове працы Аксана Грышанкова. Яна ўжо 8 год займае гэтую пасаду, але ўвогуле ў фірме працуе 16 год. Як жа яна трапіла ў такую «мужчынскую» прафесію?

Усё з сям’і
— Усё пачалося з майго прадзеда. Ён яшчэ да вайны вызначыўся, што яго прафесія будзе звязана з дарогамі, і ўсё жыццё быў верны абранаму шляху. Прадзед быў шматдзетным бацькам, і ўсе чацвёра дзяцей, у тым ліку мая бабуля Лідзія, бачачы яго шчыры запал працай, таксама прыйшлі ў дарожную сферу.
Аксана Мікалаеўна зазначае, што жыццёвым арыенцірам і прыкладам для яе была менавіта бабуля. Назіраючы развіццё блізкага чалавека, кар’ерны поспех, імкненне да самаўдасканалення, унучка разумела, што сваімі ўласнымі намаганнямі можна дасягнуць значных вяршынь. І пайшла па бабуліных слядах, але не адразу.
Пошук сябе
Аксана скончыла Пружанскі тэхнікум, атрымала спецыяльнасць агранамія, але хутка зразумела, што абраная прафесія не яе. Пазней былі бухгалтарскія курсы — і зноў не тое. І жанчына працягвала пошукі сябе.
— Сітуацыя змянілася ў 2006 годзе, калі я ўладкавалася ў ДЭУ-25. Каб месца ў будаўнічай лабараторыі, якое я чакала 8 месяцаў, дакладна стала маім, прыйшлося спешна выходзіць з другога дэкрэтнага адпачынку. Тут я нарэшце і зразумела, што знаходжуся на сваім месцы.
У 2007 годзе Аксана паступіла ў дарожна-будаўнічы каледж у Гомелі.
— Праз некаторы час я даведалася, што ў БДАТУ адкрылі факультэт кіравання аховы працы. Мяне зацікавіла спецыяльнасць «Ахова працы і эрганоміка». Менавіта туды ў 2015 годзе я падала дакументы і заняла адно бюджэтнае месца з пяці магчымых. Закончыла вучобу і паступіла ў магістратуру. Вельмі люблю вучыцца і ўдасканальвацца. Зараз пішу дысэртацыю, у лютым буду абараняць праект, — дзеліцца жанчына.
Істотныя змены напаткалі Аксану вясной 2015 года: кіраўніцтва прапанавала заняць пасаду інжынера па ахове працы.
— На жаль, многія лічаць, што інжынер па ахове працы — лодар… Але, насамрэч, ахова працы — гэта не фармальнасць, а сапраўдны клопат пра жыццё і здароўе работнікаў. Па сутнасці, я дапамагаю людзям кожны дзень вяртацца да сваіх сем’яў здаровымі і цэлымі. У гэтым мне значна дапамагае калектыў: работнікі сур’ёзна падыходзяць да пытанняў бяспекі, добрасумленна выконваюць усе патрабаванні.
Да слова, у арганізацыі спецыяліст курыруе яшчэ напрамак экалогіі і пажарнага забеспячэння. Сёлета за поспехі ў працы Аксана Грышанкова была ўзнагароджана Ганаровай граматай РУП «Брэстаўтадар». Дарэчы, гэта не першая і не адзіная ўзнагарода інжынера па ахове працы.
Двайное свята
Аксана Грышанкова — фанат-аўтааматар, вадзіцельскі стаж складае 24 гады.
— Тэхнікай я проста «хварэю», люблю аўтапрыгоды. У лепшыя часы пераадоленне адлегласці ў 1500 км для мяне было не праблемай. Падарожнічалі з сям’ёй у Адэсу, Крым, Маскву. Кожны год я старалася завезці дзяцей на адпачынак.
Дарэчы, дзяцей у Аксаны трое. Дзевяцігадовы сын вучыцца ў гімназіі, адна дачка заканчвае Брэсцкі політэхнічны каледж, зусім хутка стане спецыялістам у сферы прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. Жанчына спадзяецца, што «дарожная» дынастыя будзе працягвацца. А старэйшая дачка ўжо замужам, нарадзіла дзіцятка. Зусім не верыцца, што Аксана — бабуля!
Пытаюся, чым жанчына займаецца ў вольны ад працы час:
— З дзяцінства я люблю спяваць і не баюся сцэны. Два гады таму (дарэчы, з «раёнкі») даведалася, што Палац культуры пачынае набор у спеўны гурток і вырашала: «Дакладна пайду!» Так і стала ўдзельніцай гуртка сольных спеваў «SOLO». Творчая дзейнасць пазбаўляе руціны, зараджае энергіяй. А яшчэ ў вольны час люблю займацца кройкай і шыццём.
У фінале нашай размовы Аксана павіншавала калег з прафесійным святам:
— Паважаныя калегі! Няхай праекты будуць паспяховымі, умовы надвор’я — спрыяльнымі, праца — бяспечнай і камфортнай. Жадаю вам дабрабыту, сямейнай утульнасці, радасці і аптымізму!
Юлія Янушка. Фота з уласнага архіву Аксаны Грышанковай.