Пра новыя формы і метады работы з пажылымі людзьмі, рэальныя і перспектыўныя патрэбнасці ў сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама вынікі дзейнасці Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за першае паўгоддзе бягучага года мы пагутарылі з дырэктарам цэнтра Нэлі Педчанка.
— Нэлі Георгіеўна, зыходзячы са свайго шматгадовага вопыту, якія формы працы з насельніцтвам Вы назавяце найбольш запатрабаванымі на сённяшні дзень?
— Як паказвае практыка, самымі запатрабаванымі для людзей сталага ўзросту і інвалідаў былі і застаюцца паслугі сацыяльнага работніка і сядзелкі, якія аказвае наша аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму.
Фактычна, аддзяленне пачало функцыянаваць ужо даўно, яшчэ да стварэння нашага цэнтра і, як бачыце, застаецца актуальным. Цяпер на абслугоўванні сацыяльных работнікаў знаходзяцца 410 жыхароў горада і раёна, 55 атрымліваюць паслугі сядзелкі.
На базе гэтага аддзялення таксама аказваюцца паслугі нянькі для сем’яў з дзецьмі, якія нарадзіліся адначасова (двайнятамі, трайнятамі), і сем’яў, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід. Гэтая паслуга бясплатная і займае 20 гадзін на тыдзень, каб аказаць дапамогу маці па доглядзе дзіцяці.
— Пра прыёмныя сем’і для дзяцей усе даўно ведаюць, а паняцце замяшчальнай сям’і для пажылых людзей з‘явілася адносна нядаўна і не ўсім знаёма. Раскажыце пра гэтую працэдуру падрабязней.
— На падставе заявы аднаго з членаў сям’і, якая жадае прыняць пажылога чалавека або інваліда для паўнацэннага догляду да сябе дадому, мы даём такую магчымасць. Але спачатку вывучаем сацыяльна-бытавыя ўмовы сям’і, магчымасць камфортнага пражывання пажылога чалавека, збіраем усе неабходныя дакументы і толькі пасля гэтага прымаем рашэнне.
Гэтая паслуга аказваецца толькі для адзінокіх людзей. Калі пажылы чалавек або інвалід І групы самастойна не можа перамяшчацца, тады памочніку выплачваецца штомесячная ўзнагарода ў выглядзе бюджэту пражытачнага мінімуму.
Такіх сем’яў на дадзены момант усяго тры, з іх у дзвюх ажыццяўляюць догляд інваліда.
— З 1 ліпеня 2024 года ў законную сілу ўступіла Пастанова Савета Міністраў ад 23.05.24 г. за № 367 аб парадку і ўмовах арганізацыі доўгачасовага догляду. Якія новыя формы работы яна прадугледжвае?
— На базе аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ў рамках міжведамаснага ўзаемадзеяння будзе ўкараняцца дапамога доўгачасовага догляду для пажылых людзей. Узаемадзеянне будзе наладжана з цэнтральнай раённай бальніцай і з грамадскімі арганізацыямі і разлічана на тое, каб пажылы чалавек мог атрымліваць увесь спектр паслуг на пастаянным месцы жыхарства, у звыклых для яго ўмовах. Для кожнага, хто мае патрэбу, будзе распрацавана індывідуальная праграма, па якой ён атрымае ўсю неабходную дапамогу дома.
Паслугі сацыяльнага работніка застануцца ранейшымі, іх дапоўняць медыцынскія паслугі, а таксама дапамога прадстаўнікоў Таварыства Чырвонага Крыжа, сястрынства і інш.
— Вялікім попытам карыстаецца аддзяленне для актыўных пажылых людзей. Якія паслугі гэтага накірунку найбольш запатрабаваны?
— Для арганізацыі вольнага часу і зносін, развіцця творчых здольнасцей у аддзяленні дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту створаны розныя гурткі, клубы па інтарэсах. У агульнай складанасці актыўная работа вядзецца па 16 напрамках і кожны можа выбраць занятак па душы. Гэта і фізкультурна-аздараўленчыя гурткі, і творчыя майстэрні, з больш новых — гурток па вывучэнні італьянскай мовы, клуб «Праваслаўе», «Гімнастыка для розуму» і інш. Сюды могуць прыйсці жадаючыя ва ўзросце ад 60 гадоў, непрацуючыя пенсіянеры. Самая ўзроставая ўдзельніца мерапрыемстваў аддзялення Галіна Канстанцінаўна Немцава, якой споўнілася 96 гадоў.
— Нэлі Георгіеўна, некалькі слоў пра аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі для інвалідаў у пасёлку Сонечны. Наколькі сёння яно запатрабавана?
— На сённяшні дзень гэтае аддзяленне наведвае 32 чалавекі і яшчэ пяцёра абслугоўваюцца на даму. На базе аддзялення працуе сем клубаў па інтарэсах, тры рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні. Вырабы, якія робяць сваімі рукамі гурткоўцы, рэалізуюцца на выставах-кірмашах, выкарыстоўваюцца пры правядзенні розных мерапрыемстваў для ўзнагароджання ўдзельнікаў.
Таксама праводзяцца адукацыйныя, прафілактычныя мерапрыемствы, тэматычныя культурныя праграмы, вечары адпачынку. Па ўсіх напрамках дзейнасці вядзецца маштабная работа, арганізавана экскурсійная праграма, увага надаецца кожнаму чалавеку.
— З улікам патрэб часу, наколькі, Вы лічыце, неабходна аддзяленне кругласутачнага знаходжання для інвалідаў і пажылых людзей?
— Сапраўды, у канцы мінулага года такое аддзяленне адкрылася ў аг. Лыскава. Яно разлічана на 24 ложка-месцы і цяпер там пражывае 19 чалавек, якія самастойна не могуць сябе абслугоўваць. Лічба ўвесь час павялічваецца, таму патрэба ў такім аддзяленні досыць высокая.
Адзначу, што ў аддзяленні спрыяльныя ўмовы пражывання, максімальна набліжаныя да хатніх, арганізаваны ўсе віды сацыяльных паслуг, а таксама вольны час для пражываючых. Будынак былой мясцовай школы поўнасцю рэканструяваны і прыстасаваны для нармальнага перамяшчэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Яны знаходзяцца пад пастаянным наглядам персаналу і ў асяроддзі сваіх равеснікаў, таму не адчуваюць сябе адзінокімі, а гэта на сённяшні дзень — самае галоўнае.
— Якія планы ў тэрытарыяльнага цэнтра на найбліжэйшую перспектыву?
— Перш за ўсё, цяпер трэба наладзіць дакладную работу па ўкараненні міжведамаснага ўзаемадзеяння для аказання доўгачасовага догляду пажылых людзей, пра якую мы ўжо казалі. Гэта новы для нас від дзейнасці і патрабуе педантычнага падыходу да рэалізацыі.
А яшчэ мы працуем над магчымасцю укаранення мабільнага абслугоўвання пажылых грамадзян і інвалідаў, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах, дзе не можам знайсці сацыяльнага работніка. Падрыхтавана і адпраўлена пісьмо дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь для разгляду і ўнясення прапановы па арганізацыі мабільнага абслугоўвання на заканадаўчым узроўні.
Для таго, каб наш цэнтр працаваў на належным узроўні, неабходна прыцягваць інвестараў, пастаянна шукаць спонсараў, а гэта таксама вялізны кавалак працы.
У планах — распрацоўка і рэалізацыя новых гуманітарных праектаў. За першае паўгоддзе бягучага года мы прыцягнулі каля 15 тысяч беларускіх рублёў для развіцця кругласутачнага аддзялення, сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў. У далейшым таксама плануем узмоцнена працаваць у гэтым напрамку.
Дзейнасць нашага цэнтра заўсёды навідавоку, мы бачым яе вынікі, таму яшчэ больш імкнёмся зрабіць свет лепшым і прыгажэйшым для тых, хто мае ў гэтым патрэбу.
Гутарыла Ірына Велясевіч