Четверг, 16 января 2025

Яго ведаюць, памятаюць і заўсёды чакаюць у Пружанах! Маy Lian даў інтэрв’ю «Раённым будням»

462

Інтэрв’ю з ім атрымалася спантанным: напярэдадні фестывалю мы сустрэліся з Юрыем у пружанскім двары, каля дома, дзе ён некалі жыў. Музыкант толькі што пад‘ехаў сюды пасля саўндчэку, так сказаць, невялікай рэпетыцыі, падчас якой музыкі наладжваюць свае інструменты і правяраюць гучанне на новай сцэне. Даведаліся, што мінулым летам музыкант ужо выступаў у родным горадзе падчас «Пружаны Фэст», і яго выступленне прымалі «на ўра». Ды і наогул музыкант-віртуоз такога ўзроўню выклікае гонар у землякоў.

Падчас выступлення Юрыя Маіляна (May Lian) на рок-фестывалі «Сонцастаянне» ў Пружанах, 28 чэрвеня 2024 г.

— Мой бацька быў ваенным лётчыкам і спачатку мы жылі ў Новых Засімавічах, дзе размяшчалася верталётная база ВПС Беларусі, а недзе ў васьмігадовым узросце я апынуўся ў Пружанах, таму ўсе гэтыя мясціны для мяне родныя. Вучыўся ў трэцяй школе, а ў двары вечарамі збіраліся старэйшыя хлопцы. Мне было гадоў 11, калі я ўпершыню пачуў гітару і так захапіўся, што вырашыў здабыць першыя тры акорды. У той час гэта было вельмі складана, і я выменяў іх на калекцыю філатэлістычных марак, — усміхаючыся, кажа музыкант. — Потым пачаў сам паступова асвойваць інструмент, нават свае акорды прыдумваў, так хацелася хутчэй навучыцца іграць.

Будучы віртуоз нават асвоіў асновы ігры на акардэоне, але займаўся ў музычнай школе толькі да трэцяга класа: гітара ўзяла верх над іншымі жаданнямі. І зараз, гледзячы на тое, якога ўзроўню дасягнуў, цяжка сабе ўявіць, што музычнай грамаце ён нідзе больш не вучыўся. Гітарыст-самавучка дасягнуў вяршынь дасканаласці адзін, без якой-небудзь дапамогі. Нашмат пазней Юрыя Маіляна запрасілі выкладаць у Маскоўскую «Гнесінку». Гэта ўнікальны выпадак у гісторыі вучылішча, калі педагог, не маючы спецыяльнага дыплома, вучыў ігры на гітары на працягу двух гадоў.

— Сваёй гітары ў мяне доўга не было, я збіраў сам па частках, шукаў дэталі ў гаражы, нешта ў сяброў прыглядаў. Першы «заводскі» інструмент купіла мама толькі ў 10-ым класе, калі сапраўды зразумела, што ў мяне ўсё сур’ёзна. Мы з сябрамі стварылі свой школьны ансамбль, выступалі на вечарах і нават давалі канцэрты ў Доме культуры. На той момант лічылі сябе ўжо сапраўднымі музыкантамі, — смяецца Юрый.

Калі ён закончыў школу, сям’я Маілян пераехала ў Ерэван, затым жылі ў Інгушэціі, Грозным, дзе юны віртуоз працягваў займацца любімай справай. Будучы ў Арменіі, ён дасягнуў высокага ўзроўню майстэрства, пісаў уласныя інструментальныя кампазіцыі для сола-гітары, і там яго таксама заўважылі.

Прыкладна праз чатыры гады Юрый пераехаў у Маскву, і яго адразу запрасілі ў тэатр Алы Пугачовай, таксама выступаць у гурце Вольгі Кармухінай. Гэтая падзея ў жыцці і стала адпраўной кропкай у вялікае плаванне.

Але пасля падзей у праславутыя 1990-я, калі пасля развалу СССР уся творчая эліта засталася практычна «за бортам», музыкант прыняў рашэнне на некаторы час пераехаць за мяжу. Першым прыпынкам стала Югаславія.

— На той час у нашых колах я ўжо быў вядомым рок-гітарыстам, і ў Бялградзе мяне адразу выхапілі ў папулярны рок-гурт «Вікторыя». За паўгода дасканала авалодаў сербскай мовай і акрамя выступленняў у гурце пачаў займацца студыйнай работай, пісаў сольныя партыі для электрагітары, рабіў аранжыроўкі і на гэтым добра зарабляў. Грошы ўкладваў у модную на той час банкаўскую піраміду, а пасля ўсё павалілася, я застаўся без граша ў кішэні.

Губляць сродкі, заробленыя ўласнай працай, заўсёды няпроста, але музыкант перажыў гэта. Ды толькі да выпрабаванняў падключылася настальгія па Радзіме. Юрый па вечарах проста па даведніку набіраў любы маскоўскі нумар, каб банальна пачуць рускае: «Алло, я слушаю, ну что вы молчите?» — і яму станавілася лягчэй.

Бацькі за гэты час памянялі кватэру ў Ерэване на Брэст (і жывуць там дагэтуль). Таму з Югаславіі ён вярнуўся спачатку ў Брэст, а праз месяц паехаў зноў у Маскву. За час яго адсутнасці ўсе сувязі былі страчаны і давялося пачынаць з нуля.

— Я па некалькі гадзін мог ляжаць на канапе, глядзець у адну кропку і разважаць, што рабіць. І раптам нібы прыйшло азарэнне: я вырашыў зрабіць першую ў краіне відэашколу ігры на гітары, аналагаў якой тады не было. Рабіў відэазапісы ўрокаў, а відэакасеты разносіў па музычных крамах. Калі першыя асобнікі разышліся і я атрымаў за іх грошы, ведаеце, купіў на ўсе морапрадуктаў.

Таксама гітарыст-віртуоз стаў частым госцем музычнай праграмы «Джэм» з вядучым Дзмітрыем Куліковым. Пасля выступленняў у эфіры пра яго даведалася ўся краіна. Юрый пачаў сур’ёзна займацца сольнай творчасцю і працягваць пісаць аўтарскія музычныя творы. Акрамя гэтага, больш за 30 гадоў ён дае прыватныя ўрокі ігры на гітары, выпрацаваў уласную методыку выкладання.

May Lian выступае на «Пружаны Фэст», 15 ліпеня 2023 г.

Абсалютную напоўненасць і новыя сілы, як ён ужо казаў і падчас «Сонцастаяння», даюць Юрыю выступленні ў родным горадзе, дзе прайшло яго дзяцінства, дзе ўпершыню ўзяў у рукі гітару. Тут яго ведаюць і памятаюць, тут яго любяць і заўсёды чакаюць.

Ірына Велясевіч.

Фота Кацярыны Масік