Четверг, 12 марта 2026

Інтэлектуальная гульня «Дзе логіка?»

279

Восеньскі тур інтэлектуальнай гульні «Дзе логіка?» прайшоў на днях у гарадскім Палацы культуры. Арганізатарам выступіла ўзорная кантакт-студыя тэатралізавана-інтэлектуальнай гульні «Teens-фармат».

Трэба аддаць належнае кіраўнікам студыі Анастасіі Ціхановіч і Наталлі Іванцовай у тым, што яны ўмеюць зацікавіць моладзь сваімі нестандартнымі падыходамі да любога мерапрыемства, асабліва калі трэба ўключыць не толькі веданне пытання, але і логіку. Паверце, некаторыя заданні ставілі ў тупік дарослых. Нас уключаць лагічнае мысленне навучыла жыццё. Дзеці пакуль яшчэ гэтаму не навучыліся. Але ці так гэта? Усё з лагічным мысленнем у нашых вучняў школ і гімназіі ў парадку.

Не буду пералічваць назвы раўндаў, скажу адно: юнакі і дзяўчаты нядрэнна з гэтым з усім спраўляліся. Нават нягледзячы на тое, што многія з «мазгавых штурмавікоў» некалькі гадзін таму ўдзельнічалі ў прадметных алімпіядах.

Падлічваючы балы, кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі аўтар гэтага матэрыяла як старшыня, а таксама галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Юлія Пасько і метадыст гарадскога Палаца культуры Вячаслаў Краўчук, прыйшло да высновы, што дзве каманды «Мы не гуглім» з гімназіі і «Бліцкрыг» з СШ № 5 набралі роўную колькасць балаў. Давялося разыгрываць дадатковыя раўнды. У выніку перамогу атрымала каманда гімназіі «Мы не гуглім», каманда з СШ № 5 «Бліцкрыг» заняла другое месца і трэцімі сталі гульцы з каманды «Дзеці асфальту» з СШ № 3. Каманды «Цягнем, як можам» з Параслянскай СШ і «Сябры» з СШ № 1 імя ЧБВА г. Пружаны былі ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў. Пераможцы атрымалі прызы.

Ведаеце, было прыемна бачыць адных з лепшых прадстаўнікоў моладзі Пружаншчыны. Іх жа ў нас вельмі многа. З такімі хлопцамі і дзяўчатамі можна смела ісці ў будучыню, адкрываць новыя гарызонты і перспектывы.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара