Вторник, 14 января 2025

Интегрированному фестивалю «Детство без границ» исполнилось 5 лет

1 196

За сваю параўнальна кароткую гісторыю пружанскі Палац культуры паспеў пабачыць нямала мерапрыемстваў: вялікіх і камерных, важных і не вельмі, лірычных і гумарыстычных… Але тая імпрэза, якая штогод праводзіцца тут напярэдадні вялікага хрысціянскага свята Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы і прымеркаваная да Міжнароднага дня інвалідаў, не падобная ні на адно з іх. Інтэграваны фестываль “Дзяцінства без межаў”, якому сёлета споўнілася пяць гадоў, ізноў атрымаўся вельмі кранальным і прасякнутым шчырасцю, пяшчотай і цеплынёй.

Прыгажосць і міласэрнасць свята адчувалася з самага парога. У фае была разгорнута выстава выдатных малюнкаў, аплікацый, сувеніраў, створаных таленавітымі вучнямі Шарашоўскай, Мокраўскай, Ліноўскай, Параслянскай і большасці гарадскіх школ для дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тут яны сустракаліся, знаёміліся, абдымаліся, абменьваліся ўсмешкамі і віншаваннямі і, узяўшыся за рукі, ішлі ў наступную залу, дзе іх чакалі новыя цуды.
Пазнавальныя віктарыны, вясёлыя гульні і танцы з клоўнамі, аквагрым ад педагогаў дадатковай адукацыі цэнтра карэкцыйнага развіцця і арыгінальная фотазона, дзе з дапамогай вусоў, акуляраў, бантаў і цыліндраў можна было ператварыцца ў сапраўдных джэнтльменаў, дадавалі дзецям важкую порцыю пазітыву…

Але галоўнае дзейства – містэрыя моцы чалавечага духу — разгортвалася на вялікай сцэне Палаца. Першы танец з ліхтарыкамі-«светлячкамі» ў цемры, якія сімвалізавалі кропкавы шрыфт Брайля (для чытання невідушчымі людзьмі), нібы перадаваў гледачам зашыфраванае пасланне: «Сустракайце лепшых артыстаў, таму што ўсё лепшае ў гэтым свеце дасягаецца цаной вялікіх намаганняў і пакут».І гледачы, якіх падтрымлівалі прыгожыя вядучыя ў касцюмах казачных фей, на працягу ўсёй праграмы бурнымі апладысментамі сустракалі асаблівых артыстаў, для многіх з якіх кожная праспяваная ў такт фраза, кожны адточаны рух танца даваліся з вялікімі намаганнямі. Для іх кожная ўсмешка ў зале была праменьчыкам святла – сімвалам таго, што ўсё ў іх у жыцці атрымаецца, таму што ім рады, іх чакаюць і з імі гатовы нароўні весяліцца на юбілеі фестывалю!

А які ж дзень нараджэння без сюрпрызаў і прысмакаў? Намеснік старшыні райвыканкама М.П. Кудравец ад Пружанскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” ўручыў дзецям велізарны торт з цукеркамі, упрыгожанымі папяровымі матылькамі.
— Дзякуй вам, дзеці, за цудоўнае свята дабрыні, дзякуй цэнтру карэкцыйнага развіцця за гэтыя хвіліны шчасця… Толькі самы згуртаваны і самы добры калектыў мог падрыхтаваць падобнае мерапрыемства для сваіх выхаванцаў, каб падарыць ім цяпло свайго сэрца, каб падтрымаць іх бацькоў, — сказаў Мікалай Пятровіч і дадаў, што ў нашым раёне робіцца ўсё неабходнае для асаблівых дзяцей: адкрыты дваццаць адзін пункт карэкцыйнай дапамогі, працуе больш за сорак інтэграваных груп ва ўстановах дашкольнай і сярэдняй адукацыі. У знак удзячнасці ганаровы госць атрымаў ад выхаванцаў цэнтра памятны сувенір.

Паступова ад цяпла глядацкіх сэрцаў на сцэне «запальваліся» свечкі, пяць з якіх упрыгожвалі юбілейны торт. Права запаліць першую свечку — «Свечку Дзяцінства» — было дадзена намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С.В. Супрыновіч.— Гэта свята ўсіх дзяцей, якія аднолькава вераць у мару, у казку. Сябруйце, любіце, дапамагайце адзін аднаму і спадзявайцеся на лепшае. Вашы мары абавязкова здзейсняцца. Яны заўсёды спраўджваюцца ў самых выдатных людзей, – павіншавала «асаблівых» дзяцей Святлана Віктараўна і падарыла карэкцыйнаму цэнтру ноўтбук, а таксама ўзнагародзіла Ганаровымі граматамі райвыканкама «За значную шматгранную працу па фарміраванні талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» дырэктара Пружанскага раённага ЦКРНіР Н. П. Красевіч, яе намесніка Н.У. Таўстуху, педагогаў В.І. Крук і Н.М. Пулькоўскую, сакратара А.В. Дайнэка, метадыста М.Р. Філіновіч, настаўніцу-дэфектолага ясляў-сада № 7 г. Пружаны К.Г. Кацэфірка і настаўніцу-дэфектолага Ружанскай СШ Н.М. Барысевіч.
Наступныя свечкі — «Свечкі Дружбы, Радасці, Чараўніцтва і Шчасця» — з цёплымі пажаданнямі запалілі верныя сябры цэнтра карэкцыйнага развіцця: спецыялісты па ахове дзяцінства, прадстаўнікі арганізацыі ААТ «Брэсцкія электрасеткі» і, вядома, бацькі, якія давяраюць сваіх «асаблівых» дзетак спецыялістам установы.
На сцэну падымаліся і новыя сябры карэкцыйнага цэнтра. З радасцю сустракалі гледачы дэбютантаў фестывалю «Дзяцінства без межаў» — навучэнцаў Целяханскай спецыяльнай школы-інтэрната з танцавальным нумарам “Разам мы сіла”, а таксама выхаванцаў Камянецкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з нумарам «Разам мы размалюем гэты свет».
Прыгожыя музычныя нумары падрыхтавалі і навучэнцы СШ № 3 і № 4 г. Пружаны, Шарашоўскай, Кляпацкай, Ружанскай і Ліноўскай сярэдніх школ, а таксама знакаміты «рок-гурт» аддзялення дзённага знахо-джання маладых інвалідаў Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які ўразіў залу нумарам, пастаўленым па матывах мультфільма-мюзікла «Брэменскія музыкі».

Скончыўся фестываль таксама арыгінальна, як і пачаўся: са сцэны ў залу паляцела мноства рознакаляровых паветраных шарыкаў. Дарослыя і дзеці кінуліся за імі, як за даўняй марай, і ціхенька перадавалі тым дзеткам, якія не маглі іх лавіць, таму што абмяжоўвала ў гэтым інва-лідная каляска…Услед за шарыкамі невядома адкуль прыляцеў сапраўдны жывы матылёк, пакружыў, як кіназорка перад сафітамі, і асцярожна сеў на шчаку ўпадабанай яму дзяўчынкі…
Шчаслівыя людзі не стамляліся паўтараць «дзякуй» усім артыстам за неверагоднае чараўніцтва, якое панавала ў зале, за ўпэўненасць у тым, што светам працягваюць кіраваць Любоў, Міласэрнасць і Дабрыня…
P.S. Фестываль праводзіўся ў рамках рэалізацыі праекта «Талерантнасць… пачні з сябе» (кіраўнік Н.У. Таўстуха, намеснік дырэктара ДУСА «Пружанскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі»).

Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).