Мінуў год, як пры Пружанскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пачало працаваць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.
Папулярнасць, якой яно карыстаецца з першых дзён, толькі пацвярджае правільнасць рашэння падтрымаць людзей, што маюць у гэтым найбольшую патрэбу. Як паказала жыццё, непадробную цікаўнасць у пружанскіх пенсіянераў выклікала вывучэнне італьянскай мовы і асваенне камп’ютарнай тэхнікі. Гэта і падштурхнула кіраўніцтва аддзялення прыняць удзел у праекце ЕС/ПРААН «Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Так была распрацавана мясцовая ініцыятыва «У нагу з часам». У ЕС заяўку прызналі адной з лепшых і прынялі рашэнне выдзеліць фінансавую падтрымку на яе рэалізацыю.
Пра асноўныя ідэі, якія былі пакладзены ў мясцовую ініцыятыву, расказвае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Марына Кавальчук:
— Ініцыятыва накіравана на адукацыйную падтрымку пажылых. Людзі «залатога» ўзросту, як правіла, не ўмеюць працаваць з сучаснымі сродкамі камунікацыі: большасць пенсіянераў ніколі не мела вопыту работы за камп’ютарам, не знаёма з інтэрнэтам, электроннымі сэрвісамі. Каб пазбегнуць інфармацыйнай і сацыяльнай ізаляцыі, і была распрацавана праграма для правядзення камп’ютарных заняткаў. Зразумела, для гэтага аднаго толькі памяшкання не дастаткова — патрабуецца адпаведная тэхніка.
Дапамагчы пажылому чалавеку быць у кантакце са светам, павысіць інтэрнэт-граматнасць людзей старэйшага пакалення — задача выкладчыка камп’ютарнага гуртка Аляксея Карымава.
— Вучэбная праграма распрацавана з улікам таго, якія прыкладныя праграмы і сэрвісы могуць спатрэбіцца пенсіянерам у паўсядзённым жыцці, — зазначае ён. — Напрыклад, праз інтэрнэт аплачваць паслугі ЖКГ, рабіць пакупкі, ажыццяўляць банкаўскія аперацыі, заказваць талоны да ўрача і білеты на чыгуначны транспарт, мець зносіны з роднымі і сябрамі, выкарыстоўваючы электронную пошту, скайп, сацыяльныя сеткі.
Дарэчы, заняткі гуртка камп’ютарнай граматнасці даступны не толькі гараджанам, але і жыхарам сельскіх населеных пунктаў: Белавусаўшчыны, Шанёў, Арабнікаў, Новых Засімавічаў, Вялікіх Якавічаў і інш.
Навукова даказана, што вывучэнне замежнай мовы ў сталым узросце стымулюе разумовую дзейнасць, паляпшае работу галаўнога мозгу і развівае памяць. Таму невыпадкова ініцыятыва «У нагу з часам» мае на ўвазе ўдасканаленне дзейнасці гуртка па вывучэнні італьянскай мовы, які паспяхова функцыянуе ўжо больш года. Але для правядзення больш цікавых і змястоўных урокаў не хапае метадычных матэрыялаў і абсталявання. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрасаюза заняткі выйдуць на больш якасны ўзровень: будуць выкарыстоўвацца новыя інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, пенсіянеры змогуць пазнаёміцца з культурай, славутасцямі, традыцыямі Італіі, у тым ліку дзякуючы зносінам з носьбітамі італьянскай мовы праз скайп.
Але самае галоўнае, чаго хацелася ініцыятарам задумкі, — палепшыць якасць жыцця пажылых людзей, павысіць інфармаванасць, граматнасць, навучыць карыстацца «сродкамі цывілізацыі». Адным словам, дапамагчы заставацца сучаснымі незалежна ад узросту.
Марына Вакульская