Пятница, 5 декабря 2025

Інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА сумесна з беларускай епархіяй запусцілі новы праект «Воіны духу» да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, удзельніцай якога стала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ружанскай СШ Наталля Шэпырова

309
Наталля Шэпырова падчас прэзентацыі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

На базе школы была створана дыялогавая пляцоўка, цэнтральнай фігурай якой стаў выхадзец з Ружан Іаан Наўроцкі, аб нязломнай сіле духу якога трэба ведаць землякам.

У 1941 годзе ён служыў протаіерэем Петрапаўлаўскай царквы. Гэта быў цяжкі год для ўсяго раёна, які з першых дзён вайны знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У дасканаласці валодаючы нямецкай мовай, Іаан адправіўся да фашыстаў з просьбай аб тым, каб па-хрысціянску пахаваць загінуўшых салдатаў, а параненым аказаць медыцынскую дапамогу. Яму аб усім удалося дамовіцца.

Сярод ваеннапалонных быў доктар Лекамцэў, які праводзіў аперацыі на алтары пад абразамі ў мясцовай царкве, а протаіерэй разам з матушкай Лідзіяй былі яго асістэнтамі. І гэта не адзін подзвіг «воіна духу», які змагаўся за жыццё кожнага чалавека як за сваё ўласнае.

Калі быў забіты адзін з нямецкіх салдатаў, паліцаі сагналі ўсіх мужчын пасёлка, ад «малога да вялікага», каб за адно жыццё расстраляць сотні ні ў чым не вінаватых людзей. Тады пастыр зноў накіраваўся да акупантаў, запэўніваючы, што ніхто з жыхароў не мае дачынення да гэтай гібелі. У якасці гаранта спакою прапанаваў узяць яго разам з сям‘ёй у заложнікі. Здарылася неверагоднае: фашысты адпусцілі ружанцаў. Іаан Наўроцкі не раз рызыкаваў сваім жыццём, дапамагаючы хавацца чырвонаармейцам, якія збеглі з палону, праводзіў іх да партызан.

У канцы вайны протаіерэю давялося пакінуць Ружаншчыну. Але ў пасляваенныя гады ён зноў вярнуўся на малую радзіму, каб разам з жыхарамі адрадзіць гэтыя землі, амаль поўнасцю спаленыя падчас вайны, і ўзняць дух кожнага верніка. У пачатку 60-х трагічная выпадковасць абарвала жыццё пастыра, навечна ўпісаўшы ў летапіс Ружан яго імя.

Сёлета вынікам маштабнага праекта стаў выхад кнігі «Воіны духу». Наталля Міхайлаўна як адна з удзельнікаў яе стварэння была запрошана ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для прэзентацыі раздзела, прысвечанага знакамітаму земляку. У пошуку матэрыялаў і зборы інфармацыі таксама ўдзельнічалі протаіерэй Ружанскай царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла Аляксандр Сень і ўнучка Іаана Наўроцкага Кацярына Міцянок. Яна і зараз падкрэслівае, што подзвіг яе дзядулі зусім не гераічнасць, а стан душы, паколькі ён па-іншаму проста не мог. І гэта не час быў іншы, а проста чалавек быў такім.

Дзякуючы неабыякавым людзям і пішацца наша агульная гісторыя. Сёння яна працягваецца ў сэрцах тых, каму дарагая памяць аб родным краі. Краязнаўцы, педагогі і простыя жыхары па крупінках аднаўляюць праўду аб вайне, іх праца — проціяддзе ад забыцця.

Важна памятаць сваіх герояў не для таго, каб жыць мінулым, а для таго, каб здабываць з яго мудрасць у сучаснасці. Ведаць, праз якія выпрабаванні прайшлі нашы продкі, — значыць разумець сапраўдную цану міру. Памятаючы аб іх мужнасці і сіле духу, мы вучымся супрацьстаяць злу ў любым яго праяўленні і берагчы далікатны дар жыцця, які яны для нас адстаялі.

Ірына Велясевіч. Фота з архіва школы