Урачыстае адкрыццё першага ў нашым раёне іміджавага пакоя МНС адбылося ў дзіцячым садку № 3 г. Пружаны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі Пружанскага РАНС, а таксама начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.
Гасцей на парозе садка сустрэлі дзеткі, якія вельмі чакалі ўрачыстага адкрыцця новага і вельмі ўтульнага пакоя. У вершаванай форме малыя запрасілі гасцей перарэзаць сімвалічную стужку і даць афіцыйны старт новаму этапу жыцця садка, які будзе асацыіравацца з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях.
Выхаванцы садка падрыхтавалі для гасцей казачнае прадстаўленне пад назвай «Прыязджайце ў церамок, патушыце агеньчык». Казка аказалася не толькі цікавай, але і павучальнай: у гульні малыя запаміналі правілы карыстання агнём.
Аляксандр Пішч адзначыў важнасць гэтай падзеі: тэма бяспекі дзяцей з’яўляецца актуальнай і найважнейшай, а стварэнне падобных пакояў у дзіцячых установах будзе садзейнічаць засваенню неабходных ведаў.
У сваю чаргу работнікі РАНС Дзмітрый Казлоў і Іна Хаваўка адзначылі, што падобныя пра екты выклікаюць цікавасць у дзяцей, а значыць, атрымліваць важныя веды яны будуць з задавальненнем.
Загадчыца дзетсада Наталля Пашкевіч падзякавала ўсім, хто дапамог у адкрыцці першага ў раёне іміджавага пакоя МНС. Тут сапраўды ёсць усё для таго, каб дзеці маглі атрымліваць новыя веды, якія спрыяюць захаванню бяспекі. На тое, што новы пакой цалкам адпавядае сучасным стандартам, указвае той факт, што тут ёсць усё неабходнае для навучання асновам бяспекі, нават вялікі тэлевізар і планшэты.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік
Глядзець больш фота: https://vk.com/album-23306785_303399117 і https://ok.ru/budni/album/981094794888