Четверг, 12 июня 2025

Ікону Маці Божай «Апякунка лясоў» асвяцілі ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта другі з дванаццаці каштоўных абразоў

1 362

Беларусь – зялёнае сэрца Еўропы. Спакон вякоў наша краіна славіцца лясным багаццем. Амаль палову тэрыторыі Пружаншчыны таксама займае лес. Але любое сэрца можа балець. Зялёнае – не выключэнне. Яму балюча, калі лясы высякаюцца, гараць падчас пажараў ці становяцца смеццязвалкай…


Цяпер у зялёнага багацця краіны і раёна з’явілася свая заступніца – ікона Маці Божай «Апякунка лясоў». Аналагаў ёй не знайсці ва ўсім свеце. Абраз, які мае ўсе шанцы стаць нацыянальнай рэліквіяй, асвяцілі ў суботу ў пружанскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

«Сястра» ружанскай іконы
Работа над унікальнай іконай, якая атрымае пастаянную прапіску ў Пружанах, пачалася летась. На стварэнне абраза па арыгінальным эскізе заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь, аўтару копіі Крыжа Еўфрасінні Полацкай Мікалаю Кузьмічу спатрэбілася сем месяцаў.

Вырабляць яе мастак-ювелір пачаў адразу пасля заканчэння работы над іконай Святой Барбары. У лютым абраз з выявай гэтай заступніцы ад бед і няшчасцяў, які да гэтага паспеў паездзіць па храмах краіны і выслухаць сотні малітваў, заняў пачэснае месца ў ружанскім касцёле Святой Тройцы.

Новая ікона ад знакамітага майстра – «сястра» іконы Святой Барбары. Абодва абразы невялікія, 20 на 30 сантыметраў, і выкананы ў тэхніцы старажытнавізантыйскай перагародкавай эмалі. Наколькі карпатлівай была работа над іконай Маці Божай, гаворыць таўшчыня перагародак залатога сплаву – ад 0,03 да 0,08 мм. Абраз важкі і ў прамым, і ў пераносным сэнсе: амаль паўтара кілаграма, яго ўпрыгожваюць каштоўныя камяні. На іконе ёсць выявы дзвюх архітэктурных каштоўнасцей Пружан – палацыка і касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Па словах мецэната, без падтрымкі якога ў касцёла не было б такога абраза, зроблена гэта, каб падкрэсліць пастаяннае месцазнаходжанне іконы, яе геаграфічную прывязку.

Малітва за загінулых і ахвяр войнаў
На ўрачыстую імшу з нагоды перадачы іконы пружанскаму касцёлу прыехалі каталікі і святары з усіх куткоў Беларусі. Мазыр, Бялынічы, Лепель, Валожын, Стоўбцы, Мінск… Прыхаджан у касцёле сабралася намнога больш, чым нават на Вялікдзень.

Урачыстасці пачаліся каля музея-сядзібы «Пружанскі палацык». Сюды з Ружан была дастаўлена ікона Святой Барбары. Працэсія са святыняй рушыла ў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

На шляху вернікаў быў адзін прыпынак – помнік «Спаленым вёскам». На месцы, якое сімвалізуе пакуты, боль і стойкасць беларускага народа, пралілася малітва. Каталікі прасілі Бога даць спакой загінулым жыхарам 58 спаленых вёсак раёна і ўсім, чые жыцці забрала вайна. А яшчэ маліліся аб спакоі для Беларусі сёння. Да помніка, як сімвал чысціні, веры і малітвы, ляглі белыя ружы…

Месца сустрэчы – пружанскі касцёл
Калі працэсія ішла ад помніка «Спаленым вёскам», насустрач ёй з парафіяльнага дома на другім баку вул.Савецкай галоўны ляс-нічы ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Д.М.Козел вынес абраз Маці Божай «Апякунка лясоў». Дзве іконы-сястры сустрэліся ў касцёле. Падчас імшы ікону Святой Барбары размясцілі па правы, а Маці Божай – па левы бок ад алтара.

Затым была яшчэ адна сустрэча. Асвяціць абраз ювелірнай работы ў Пружаны прыехаў апостальскі нунцый Антэ Ёзіч. Для прадстаўніка Ватыкана ў Беларусі наш касцёл стаў першым, які ён наведаў па-за межамі Мінска. Шаноўнага госця сустракалі хлебам-соллю, а маленькія дзеткі і маладыя пары імкнуліся атрымаць ад нунцыя блаславенне.

Напачатку святой імшы Дзмітрый Козел папрасіў Антэ Ёзіча асвяціць ікону. Супрацоўнік лясгаса і адначасова прыхаджанін касцёла вельмі спа-дзяецца, што абраз будзе аберагаць лясы ад прыродных катаклізмаў, а яшчэ ахоўваць работнікаў лясной галіны і ўсіх, хто сумленна карыстаецца прыродным багаццем.

Упэўненасць у гэтым пасля імшы выказаў і апостальскі нунцый. «Калі я першы раз сутыкнуўся з назвай іконы, зразумеў, што нідзе і ніколі не сустракаў такога абраза. Вельмі важна, што ікона будзе знаходзіцца ў Пружанах, бо Пружанскі раён адзін з самых лясістых у вобласці. Веру, што па малітвах вернікаў, дзякуючы іконе, будуць адбывацца цуды. Самае галоўнае, што праз Маці Божую мы стано-вімся бліжэй да Езуса», — адзначыў Антэ Ёзіч.

Сімвалічна, што перадача іконы адбылася напярэдадні свята Спаслання Духа Святога. А яшчэ ў гэты дзень было не спыніць слоў удзячнасці. І ішлі яны ад чыстага сэрца. Падзяка мецэнату і мастаку-ювеліру Мікалаю Кузьмічу прагучала ад намесніка старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіча. Ён падкрэсліў, што да храма мы ідзём тады, калі адчуваем патрэбу ў дапамозе і абароне. Дзве святыні абавязкова будуць бараніць нашу Пружаншчыну – упэўнены Руслан Васільевіч.

Ад імя вернікаў падзякавала ўсім, хто меў дачыненне да стварэння абраза, і прыхаджанка Адэля Чабай. Таксама ў знак падзякі Антэ Ёзіч уручыў знак пашаны Папы Рымскага мецэнату. Памятны медаль атрымаў таксама Мікалай Кузьміч. А пружанскаму касцёлу і яго настаяцелю Паўлу Ярашэвічу быў уручаны ружанец ад Папы Францішка.

Радасць для ўсіх
Каб як мага больш людзей магло далучыцца да ўрачыстасці, каля касцёла і побач з прыходскім домам усталявалі два вялікія экраны. На іх супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі вялі прамую трансляцыю богаслужэння. А ў бліжэйшы час на «Беларусь 1» выйдзе праграма «Існасць» з аповедам пра пружанскі касцёл.

Падзяліць радасць з вернікамі і гасцямі вырашылі рамеснікі раёна. Насупраць касцёла, каля бібліятэкі імя М.Засіма, разгарнулася іх выстава.

Спяшаліся прыхаджане і госці храма і ў прыходскі дом. Тут таксама працавала выстава. Свае вырабы прадставіў мастак, які даў жыццё іконе, – Мікалай Кузьміч.

Стварэнне нацыянальных рэліквій працягваецца
Святая Барбара і ікона Маці Божай – гэта толькі пачатак вялікай справы. Як абяцае мецэнат, каштоўных абразоў будзе 12. Менавіта столькі паясоў выткала майстрыха з Барысава. Іх фрагменты размяшчаюць з адваротнага боку кожнай іконы.

Ужо зараз ідзе работа над наступнай іконай для касцёла Святой Тройцы ў г.п.Шарашэва.

Такім чынам, кожны з трох асноўных касцёлаў раёна набудзе сваю святыню. Ці стануць яны нацыянальнымі рэліквіямі і сімваламі пружанскага краю, залежыць, у першую чаргу, ад веры, малітвы, сілы духу людзей, іх нязломнасці і ўдзячнасці Богу за ўсе моманты жыцця.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.