Вторник, 18 февраля 2025

Игровая площадка «Территория твоего детства» отметила свой первый День рождения!

800

Дзе цікава, весела і з карысцю правесці дзіцячы дзень нараджэння? Цяпер гэтае пытанне для кожнай мамы вырашана. Вядома ж, у гарадскім Палацы культуры!

У распараджэнні малых тэрыторыя, якая складае 360 квадратных метраў, з двухпавярховым лабірынтам, батутам, скаладромам, арэлямі і тарзанкай, гульнёвымі і творчымі зонамі, з мячамі і цацкамі, танцавальным дыванком і, самае галоўнае, з «салодкім» пакоем, дзе можна ўтульна адпачыць і пакаштаваць усе смачнасці, якія прыгатавала мама. А на працягу трох гадзін дапамагаць весяліцца будзе аніматар.

 Вось ужо цэлы год  у Палацы культуры працуе гульнёвая пляцоўка для дзяцей пад назвай «Тэрыторыя твайго дзяцінства», разлічаная на дзяцей да 12 гадоў. Больш за 250 дзён нараджэння адзначылі за гэты год на «Тэрыторыі».

А вось на свой першы дзень нараджэння «Тэрыторыя твайго дзяцінства» запрасіла незвычайных гасцей. У гэты дзень на гульнёвай пляцоўцы сабралася каля 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, большасць з якіх з’яўляюцца выхаванцамі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Многія дзеткі наведалі гэтую цудоўную пляцоўку ўпершыню. Менавіта да гэтага мерапрыемства былі пашытыя новыя касцюмы для аніматараў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю бавіліся з любімымі мультыплікацыйнымі героямі. Напрыканцы свята на кожным тварыку ззяла ўсмешка, а ў руках усе трымалі падарункі.

«Тэрыторыя твайго дзяцінства» —  гэта не проста месца, дзе можна з карысцю і весела правесці час і адсвяткаваць знамянальную дату. За першы год тут прайшоў шэраг майстар-класаў, дзе дзеткі разам з мамамі ўпрыгожвалі яйкі на Вялікдзень, ляпілі з цеста птушак на народнае свята «Саракі».

Пра ўсе новыя мерапрыемствы «Тэрыторыі» можна даведацца ў групе Палаца культуры https://vk.com/dvoreckultury_pruzhany.

Кацярына ПАШКЕВІЧ,                Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)