Понедельник, 9 декабря 2024

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Брылевіч з рабочай паездкай наведаў Пружанскі раён

561

На мінулым тыдні старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Брылевіч з рабочай паездкай наведаў Пружанскі раён і прыняў удзел адразу ў некалькіх мерапрыемствах.

Мікалай Кудравец узнагароджвае сярэбраных прызёраў конкурсу «Лепшы падворак-2024» — сям‘ю Рудчыкаў.

Пачаткам яго работы стала пасяджэнне Пружанскага райвыканкама. Падчас яго прайшло ўзнагароджанне прызёраў і пераможцаў штогадовага конкурсу «Лепшы падворак-2024». Па выніках агляду на ІІІ месцы размясцілася сям’я Клішэвічаў з Ружанскага сельсавета, ІІ месца дасталася адразу дзвюм сем’ям – Баранчукоў (Ружанскі сельсавет) і Рудчыкаў (Сухопальскі сельсавет). Пераможцай жа конкурсу стала сям’я Велікасельцаў (Велікасельскі сельсавет). Усе гэтыя сем’і атрымалі з рук старшыні Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кудраўца дыпломы і падарункавыя сертыфікаты.

Таксама на нарадзе былі разгледжаны пытанні аб гатоўнасці гаспадарчага комплексу раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2024-2025 года і аб выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва» пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур і рабоце са зваротамі грамадзян па выніках работы за дзевяць месяцаў 2024 года.

Па першым пытанні намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук адзначыў, што ўсімі суб’ектамі гаспадарання праведзены работы па тэхнічным абслугоўванні абсталявання, трубаправодаў, сістэм рэгулявання і ўліку, знешніх і ўнутраных камунікацый. У дадатак заказаныя цвёрдыя віды паліва на 2024 год забяспечваюць магчымасць закрыцця наяўных заявак ад насельніцтва. Пры далейшым паступленні заявак прагназуюцца дадатковыя пастаўкі.

У сваю чаргу старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Брылевіч закрануў тэмы электраацяплення, капітальнага рамонту жыллёвага фонду і якасці пітной вады на тэрыторыі нашага раёна. Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч звярнуў асаблівую ўвагу дарожных службаў на падрыхтоўку да зімовага перыяду. Таксама Міхаіл Міхайлавіч вынес на разгляд тэму прыбыцця аўтакрамаў у сельскія населеныя пункты ў зімовы час, дзе адзначыў, што яны павінны прыязджаць не позна ўвечары, а куды раней.

Па другім пытанні з дакладам выступіла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Алена Хатулева. Яна ў сваім дакладзе адзначыла, што за дзевяць месяцаў 2024 года ў райвыканкам паступіла больш за 400 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. За аналагічны перыяд кіраўніцтвам раёна было арганізавана і праведзена больш за 100 прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях. Таксама Аленай Уладзіміраўнай была закранута тэма работы па інфармаванні насельніцтва. Было агучана, што ў Пружанскім раёне працуе шэсць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама, у складзе якіх больш за 40 чалавек.

Пасля пасяджэння Ігар Брылевіч правёў нараду са старшынямі сельвыканкамаў, на якой асноўнай тэмай з’яўлялася работа з насельніцтвам. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец расказаў аб рабоце дэпутацкага корпуса з грамадзянамі, а таксама надаў увагу тэме добраўпарадкавання тэрыторый раёна. Падчас нарады Ігар Максімавіч адказаў на пытанні і прапановы, якія ўзніклі з боку старшыняў сельвыканкамаў.

А ў завяршэнне рабочай паездкі старшыня абласнога Савета дэпутатаў са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам, членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандрам Пішчом і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом наведалі некаторыя сацыяльныя аб’екты раёна, сярод якіх было новае прыёмнае аддзяленне і кабінет камп’ютарнай тамаграфіі Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Высокага госця асабліва цікавіла, якую карысць новы аб’ект прынясе жыхарам горада і раёна, якія пытанні аховы здароўя ён дазволіць вырашаць на месцы.

Руслан Басак

Фота Кацярыны Масік