На Пружаншчыне прайшоў семінар для ідэалагічных работнікаў арганізацый раёна. Як спрацавала ідэалагічная вертыкаль у мінулым годзе, якія задачы пастаўлены перад ёй сёлета — асноўныя пытанні, якія ўзнімаліся падчас мерапрыемства.
Увогуле на парадак дня быў вынесены дзясятак пытанняў. З аналізам работы ідэолагаў выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Канстанцін Панімаш. Накірункі, якія курыруе аддзел, дастаткова шматлікія — ад інфармавання насельніцтва пра палітыку краіны і дзейнасць органаў улады да работы са зваротамі грамадзян, рэалізацыі маладзёжнай палітыкі і ўзаемадзеяння з рэлігійнымі арганізацыямі. Сёння гэтую работу ў працоўных калектывах выконваюць 56 чалавек. Іх абагульнены партрэт — вопытныя спецыялісты ва ўзросце пераважна ад 41 да 60 гадоў, з вышэйшай адукацыяй, прафесіянальнымі навыкамі і камунікатыўнымі здольнасцямі. Граматнай не раз называлі работу ідэолагаў, напрыклад, Пружанскага лясгаса, электрасетак, аўтапарка №11, ільнозавода, каледжа: тут найбольш напрацовак і станоўчых прыкладаў.
«2020 год аказаўся няпростым, — падкрэсліў Канстанцін Іванавіч. — У тым ліку і для ідэалагічнай вертыкалі, работа якой была накіравана на падтрыманне стабільнай сітуацыі ў працоўных калектывах — важнейшага фактара годнага выканання асноўных сацыяльных і вытворча-эканамічных задач. Гэтыя прыярытэты застаюцца і на бягучы год».
Тым не менш, ёсць і праблемы. Гэта паказаў мінулагодні маніторынг ідэалагічнай работы ў раёне. У прыватнасці, як зазначалі ў сваіх дакладах спецыялісты аддзела, не ўсе аналізуюць сваю работу, надаюць належную ўвагу афармленню куткоў з дзяржсімволікай.

Дарэчы, у студзені гэтага года былі ўнесены змяненні ў Закон «Аб дзяржаўных сімвалах»: згодна з імі, у кожнай арганізацыі куткі дзяржсімволікі павінны быць актуальнымі. Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на прыцягненне да ідэалагічнай работы моладзі, ладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне з грамадскімі арганізацыямі. Ідэолагі павінны актыўней уключацца ў працэсы выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў па праблемных пытаннях, абмеркавання рэзанансных тэм, у тым ліку і ў сацыяльных сетках.

Дарэчы, сёння сацыяльныя сеткі для ідэолагаў разглядаюцца як дадатковы інструмент зваротнай сувязі з насельніцтвам. Таму работа ў гэтым інфармацыйным рэсурсе абмяркоўвалася асобна невыпадкова: сацсеткі могуць даць аператыўныя адказы на хвалюючыя людзей пытанні, расказаць пра жыццё рэгіёна і дапамагчы сфарміраваць станоўчы імідж як органаў улады, так і арганізацый. Ідэолагам трэба актыўней прысутнічаць у інфармацыйнай прасторы — такая выснова была зроблена.
Асобна на парадак дня былі вынесены такія пытанні, як работа студатрадаў, стан грамадскай бяспекі і прафілактыка злачыннасці ў раёне, работа з абавязанымі асобамі і абарона дзяцей у нядобранадзейных сем’ях.

Не можа не хваляваць той факт, што вырасла колькасць зарэгістраваных крымінальных злачынстваў: як растлумачыў намеснік начальніка РАУС А.А.Семаковіч, прычына гэтага — актыўная дзейнасць кіберзлачынцаў і празмерная даверлівасць саміх трымальнікаў банкаўскіх плацежных картак.

З трыбуны падзяліліся сваім вопытам ідэалагічнай работы і спецыялісты ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», а таксама ААТ «Велікасельскае Агра»: было акрэслена, якія гарантыі ёсць у работнікаў гэтых калектываў, якім чынам падтрымліваецца дысцыпліна, якія метады прафілактыкі негатыўных сацыяльных з’яў выкарыстоўваюцца і інш. Як падкрэслілі ў ходзе семінара, галоўнае — больш сістэмна і прадметна будаваць гэтую работу.

Менавіта за актыўную грамадзянскую пазіцыю і выніковую работу падчас семінара і было адзначана граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама амаль тры дзясяткі чалавек — гэта жыхары раёна, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, а таксама спецыялісты-ідэолагі.


Маніторынг стану ідэалагічнай работы ў арганізацыях раёна плануецца працягнуць і праводзіць яго ўжо на рэгулярнай аснове. Бо работа з людзьмі, як ні адзін іншы накірунак, не церпіць застою і штампаў у падыходах, патрабуе пастаяннага ўдасканалення і дакладнага рэагавання на бягучыя выклікі.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).