Поўны камплект узнагарод — золата, серабро і бронзу — заваявалі пружанскія фігурысты на рэспубліканскіх спаборніцтвах «Алімпійскія дні моладзі Рэспублікі Беларусь».
Мацнейшыя фігурысты краіны з 25 па 27 лістапада спаборнічалі на сталічнай «Малінаўка-арэне». Арганізатарамі турніру выступалі Міністэрства спорту і турызму сумесна з Беларускім саюзам канькабежцаў.
Каб трапіць на гэтыя спаборніцтвы, нашы спартсмены прайшлі праз своеасаблівае сіта адбору, прыняўшы ўдзел у абласным этапе «Алімпійскіх дзён моладзі». Яны, нагадаем, праходзілі ў верасні на базе пружанскай ДЮСШ №2. Такім чынам, за перамогу ў рэспубліканскім этапе змагаліся спартсмены, якія выступаюць у першым спартыўным разрадзе і ў катэгорыі кандыдатаў у майстры спорту як індывідуальна, так і ў парным катанні.
Сямёра фігурыстаў з ДЮСШ №2 выступалі ў складзе каманды Брэсцкай вобласці. Самымі паспяховымі спаборніцтвы сталі для Васіля Барахоўскага, які змагаўся сярод кандыдатаў у майстры спорту. Ужо падчас кароткай праграмы ён захапіў лідарства: адрыў спартсмена ад другога месца складаў амаль 12 балаў. Проста бліскучай была адвольная праграма, у якой Васіль апярэдзіў саперніка амаль на 19 балаў. Такім чынам, 196,81 бала за два дні і перавага ў 30,79 бала дазволілі спартсмену ўпэўнена размясціцца на першым радку.
Таксама сярод кандыдатаў у майстры спорту выступала Злата Амельянюк. Пасля кароткай праграмы яна размяшчалася на чацвёртым месцы, у адвольнай здолела сабрацца і заняла другое. Агульны вынік — 148,22 бала, і гэта бронза турніру.
Ёсць узнагарода і ў першым спартыўным разрадзе. Серабро ў ім заваявала Уладзіслава Чахоўская. Яна ўпэўнена замацавалася на другім радку табліцы па выніках двух відаў праграмы і паднялася на другую прыступку п’едэстала.
Падкрэслім, што сярод кандыдатаў у майстры спорту пятай стала Ганна Калінка. Нядрэнна выступілі тут Соф’я Здановіч і Юлія Пакала, а ў першым спартыўным разрадзе ў сярэдзіне табліцы, на сёмым радку, размясцілася Эліна Цірскіх.
Зборная Брэсцкай вобласці стала другой у камандным першынстве. Трэніруюць спартсменаў Вольга Уважаная, Таццяна Хадаровіч і Юрый Цішкоў.
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена камандай фігурыстаў