
Работы на палетках раёна набіраюць абароты, кожны з хлебаробаў гатовы ў чарговы раз паказаць сваю шчырасць у працы і адданасць роднай зямлі.
І робяць усё магчымае, вераць у свае сілы, у тое, што ўсё атрымаецца на вышэйшым узроўні. Бо інакш нельга, гэта ж заклад харчовай бяспекі ўсёй краіны, наша з вамі ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Дык чым жа на сёння займаюцца вясковыя працаўнікі на сваіх зямельных плошчах, ці ўсё ідзе па плане (лічбы ўказаны на 18 сакавіка бягучага года)?
Па-першае, вельмі важна захаваць вільгаць на палетках, таму ў рэгіёне праводзіцца яе закрыццё. Пры гэтым адбываецца рыхленне верхняга слою глебы, скарачэнне страты вільгаці, знішчэнне пустазелля і ўзмацненне біялагічнай актыўнасці зямлі. Пры плане ў 31423 га гаспадаркі справіліся на 53%. ААТ «Пружанскі льнозавод» дадзеную работу завяршыла.
Працягваецца ўзворванне глебы ў вясенні перыяд, па факце 1956 га.
Канечне, абавязковым крытэрыем для аграрыяў з’яўляецца падрыхтоўка зямлі пад сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы, грэчкі і проса). Дадзеную работу патрэбна правесці на 10330 га, пакуль што ў працэнтах гэта 53. На 100% выйшлі ААТ «Шані-аграпрадукт» і «Жураўлінае».
Паціху-памалу прыступаем да сяўбы яравых культур. Агульная плошча для раёна — 41690 га, стартавала палова сельгаставарыстваў, факт — 1618 га. Ячменем засеялі 259 га (5%), аўсом — 80 га (29%), трыцікале пакуль не распачыналі. Зернебабовых заклалі ў зямлю на 16%, або 638 га.
Не застаюцца па-за ўвагай аднагадовыя культуры. Іх пасеялі на 641 га, што складае пятую частку ад запланаванага. А вось ААТ «Мурава» выйшла на паказчык у 228%, поўнасцю адсеяліся і ў гаспадарцы «Шані-аграпрадукт».
А за лічбамі стаіць праца людская. Яна не вельмі бачная збоку, ды і хлебаробы не вельмі стараюцца выстаўляць сваю работу напаказ. Ім галоўнае — рэзультат, які, будзем верыць, не прымусіць сябе чакаць.
Вадзім Раўнейка.
Фота з архіва рэдакцыі