Пятница, 6 марта 2026

І пракаціцца на «Берасцейскіх санях»

560

На Брэстчыне чарговы фестываль «Берасцейскія сані» ў гэтыя выхадныя прымаў старажытны Кобрын.

На свята з’ехаліся госці са ўсіх куткоў Брэсцкай вобласці, а таксама з суседніх абласцей. Не ведаю, можа, было шмат і замежных. Прадстаўнічую дэлегацыю Пружанскага раёна ўзначальваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

У сталіцы фестывалю святочныя мерапрыемствы праходзілі на розных пляцоўках. Напрыклад, на Набярэжнай старт сямейнаму лёгкаатлетычнаму вадохрышчанскаму забегу на 1 км даў старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык. А на лядовай арэне Пётр Аляксандравіч уручыў Дзеду Марозу сімвалічны ключ ад фестывалю. Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік вобласці сказаў:

— Новая традыцыя — праводзіць на Брэстчыне зімовае свята — нарадзілася ў 2022 годзе. У нас ёсць свой Дзед Мароз з маёнткам у Белавежскай пушчы, і лагічна, што павінны быць і «Берасцейскія сані». Сёння чацвёрты фестываль праводзіцца ў Кобрыне. Гэта выдатны падарунак раёну да 85-годдзя, якое ўчора адзначылі жыхары Кобрыншчыны. Паважаныя кабрынчане! Я ад душы віншую вас са святам і жадаю ўсім атрымаць зарад добрага настрою на ўвесь год! Уручаю вам ключ ад «Берасцейскіх саней»! Будуць сані — паедзем і самі! — вітаў удзельнікаў Пётр Пархомчык.

На лёдзе разгарнулася казачнае прадстаўленне з удзелам зімовых герояў. А галоўнае дзейства фестывалю прайшло на цэнтральнай плошчы горада, куды таксама прыбыў атрыбут свята — «Берасцейскія сані».

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Брылевіч зачытаў прывітанне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай.

Затым святочным парадам па цэнтральнай вуліцы Кобрына прайшлі навагоднія персанажы — Дзядулі Марозы са Снягуркамі, сняжынкі са снегавічкамі, затым — стылізаваныя калоны прадпрыемстваў Кобрыншчыны, Брэста, Баранавіч і Мікашэвіч. Хто жадаў, той мог паласавацца рознымі прысмакамі, набыць сувеніры, адпачыць па поўнай праграме.

Быў і святочны канцэрт. Сярод выступоўцаў былі артысты і з нашага раёна.

Віктар Ільюшчанка