
Аграрыі Пружаншчыны, як і ўся краіна ў цэлым, з усёй разважлівасцю і скрупулёзнасцю прыступаюць да веснавых работ. Гэта і падкормка, праполка азімых збожжавых, і, зразумела, сяўба яравых.
Усе да адзінага — ад трактарыста да галоўнага агранома — настроены толькі на станоўчы рэзультат, правесці пасяўную кампанію ў сціснутыя тэрміны, якасна, з захаваннем агратэхнічных тэрмінаў.
Не выключэнне і нашы працавітыя земляробы. Ужо на 100% справіліся з падкормкай азімых збожжавых на зерне, рапсу на 13.04. — на 93%. На гэтую ж дату на зялёны корм азімыя збожжавыя падкармілі на плошчы 2766 га пры плане ў 3317 га. Цёплае сакавіцкае надвор’е дазваляе работы праводзіць без надрыву, з задавальненнем, пад ласкавым сонейкам і свежым ветрыкам. Паступова гаспадаркі распачынаюць сяўбу шматгадовых траў, план для раёна — 4100 га, на чацвер бягучага тыдня лічба складае 639 га. Не застаецца па-за ўвагай і перазалужэнне, 34% на 13 сакавіка.
Заўсёды рады вітаць вясну, быць пры любімай справе і трактарыст-машыніст ААТ «Роўбіцкае» Мікалай Папко, які аддаў сельскай гаспадарцы больш за 20 гадоў і з упэўненасцю сцвярджае, што лепшай працы, чым на зямлі, і быць не можа. Вось і сёлета Мікалай Мікалаевіч задзейнічаны на сяўбе шматгадовай травы. На «Беларусе» з дапамогай пнеўматычнай універсальнай сеялкі «СПУ-6 МВ» па палетку з-пад былога азімага трыцікале механізатар за дзень высявае цімафееўкі лугавой на 30 га. Дадзены від работы хоць і выводзіць сельгаставарыства з агульных плошчаў пад збожжавыя на 3-4 гады, але ў той жа час павялічвае кармавую базу і, што немалаважна, дае зямлі адпачыць, так сказаць, набрацца сіл. Разумны падыход да справы, ды потым жа можна правесці перазалужэнне.
Каля аг. Роўбіцк на гэтым тыдні з веданнем справы займаўся падкормкай азімых збожжавых на зерне азотнымі ўгнаеннямі трактарыст-машыніст Сяргей Зірко. Трактар «Беларус 82.1» у счэпцы з апырсквальнікам «Мекасан 2500», жаданне механізатара працаваць на сумленне, без непатрэбных прастояў — і дзённая выпрацоўка ў 120 га (агульная плошча — 810 га). Падкармілі, што станоўча паўплывае на рост раслін пасля зімоўкі і фарміраванне наземнай масы. Гэта ўжо даўно не сакрэт, што без догляду нічога проста так не вырасце і не парадуе багатым ураджаем.
Жыццё не стаіць на месцы, як не маюць спакою і працавітыя рукі земляробаў, асабліва цяпер, падчас пасяўной кампаніі. І спакойна ад таго, што ў любым выпадку гэтыя людзі зробяць усё магчымае, каб жытняя скарбонка краіны была поўная да верху
Вадзім Раўнейка
НА ЗДЫМКУ: трактарыст-машыніст Сяргей Зірко падчас падкормкі азімых каля аг. Роўбіцк.
Фота Кацярыны Масік