Вторник, 5 ноября 2024

І на пенсіі запатрабаваны! Уладзімір Хілько падчас жніва працуе на КЗС у «Агра-Калядзічах»

435

Саступаць месца моладзі — не такая ўжо і дрэнная справа. Кожнаму з нас у любым выпадку калісьці давядзецца пайсці на заслужаны адпачынак, перадаўшы вопыт маладым спецыялістам. І ўжо яны будуць шчыраваць дзеля роднай Беларусі, праслаўляць свой народ. Але з іншага боку, калі ты і на пенсіі запатрабаваны, твае рукі цэняцца… То чаму б і не папрацаваць?!

Не дае сабе расслабляцца і Уладзімір Хілько, які вось ужо трэці год знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ураджэнец в. Скорцы Пружанскага раёна і ў свае 70 гадоў усё яшчэ ў страі, гатовы дапамагаць роднай гаспадарцы ААТ «Агра-Калядзічы», якой аддаў 45 гадоў свайго сумленнага жыцця.

Дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Субота віншуе Уладзіміра Хілько з юбілеем.

А здаецца, пачынаўся працоўны шлях зусім нядаўна. Вось яна, перад вачыма вучоба ў Пружанскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе юнак атрымаў кваліфікацыю «Тэхнік-механік». А далей… праца, не заўсёды лёгкая, але, галоўнае, па душы. Пачынаў Уладзімір Хілько працаваць на пасадзе майстра-наладчыка ў тады яшчэ калгасе «Рассвет», затым выконваў абавязкі механіка па сельскагаспадарчых машынах. Наступная працоўная прыступка — інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка. Апошнія 12 гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак займаў пасаду галоўнага інжынера. І слова дрэннага падчас працы ад кіраўніцтва гаспадаркі ў свой адрас не чуў, бо знаходзіўся на сваім месцы, умеў знайсці падыход да людзей, быў проста чалавечным.

І сельгаставарыства не забывае пра Уладзіміра Міхайлавіча. Чаму б не скарыстацца паслугамі паважанага пенсіянера? Таму кожны год, падчас жніва, Уладзіміра Хілько па дагаворы падраду запрашаюць папрацаваць на КЗСе. І для гаспадаркі падмога, і чалавек пры справе, не сумуе без працы. Ёсць жа яшчэ такія, што без работы ні дня не могуць! Жывы прыклад сапраўднага працаўніка.

Канечне, не маглі ў гаспадарцы пакінуць без увагі і 70-годдзе Уладзіміра Міхайлавіча. У панядзелак бягучага тыдня дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Субота і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Гук прама на рабочым месцы ўручылі Уладзіміру Хілько прыгожы букет кветак і пажадалі юбіляру здароўя, працоўнага запалу і невычэрпнай энергіі.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік