Суббота, 12 октября 2024

І грэчка таксама будзе!

328

Для ўсіх сельгаставарыстваў раёна, у тым ліку і для РУП «Брэсцкая АСГДС», ужо каторы год даводзіцца план па грэчцы. Дадзеная культура на Пружаншчыне была пасеяна на 656 га. Надышла чарга ўбраць грэчку і здаць у кошт дзяржаўнага заказу.

На здымку: старшы камбайнер Фёдар Астапчык, камбайнер Алег Месячык і галоўны аграном філіяла Аляксандр Цяслюк — гэта зусім не староннія людзі ў сельскай гаспадарцы.

У нашай Беларусі ўсе мясціны прыгожыя. Усюды знойдзеш нешта сваё, адметнае, што прымушае спыніцца, азірнуцца вакол і парадавацца: вось жа пашчасціла жыць у такой непаўторнай краіне! Чаго толькі каштуе палетак, атулены з усіх бакоў сасновым лесам, які па вясне проста дурманіць саладжавым пахам і прыгожым цвіценнем. Да таго ж над ім не проста бзыкаюць, а безупынна гудуць шматлікія пчолы, збіраюць мёд. Канечне, размова пра поле з грэчкай, якую з мінулага тыдня пачалі ўбіраць у нашым раёне.

На жаль, карэспандэнты «раёнкі» сёлета на свае вочы не змаглі ўбачыць, як цвіце расліна, не палюбаваліся на пчолак. Але не прамінулі паназіраць за яе ўборкай. Для чаго і напрасіліся ў сераду на бягучым тыдні ў філіял «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга».

Гаспадарка сёлета па плошчы пад грэчку займае другое месца ў раёне — 49 га (большыя толькі ў ААТ «Велікасельскае Агра — 130 га). Для сяўбы абралі па вясне сярэдняспелы сорт «купава», які валодае ўстойлівасцю да палягання, асыпання і засухі. Своечасова ўносілі для росту азот і для добрага ўраджаю фосфар і калій. І вось вам рэзультат на гэты чацвер — 17,4 ц/га. Для параўнання: у мінулым годзе па краіне ўраджайнасць культуры складала 15,5 ц/га на круг.

Каля в. Шэйпічы на айчынным камбайне «GS12A1 PRO», у якім на ўборку грэчкі было адрэгулявана матавіла, хуткасць прыёмкі сыравіны, шчыравалі старшы камбайнер Фёдар Астапчык і камбайнер Алег Месячык. Каманда яшчэ тая! Дваццаць чатыры гады Фёдар Мікалаевіч прымае ўдзел у жніве. З іх дванаццаць — разам з памочнікам Алегам, таму лішніх слоў мужчынам не патрабуецца і так разумеюць адзін аднаго. А гэта важна, бо ўборка — ці не самая важная і адказная работа ў любой гаспадарцы. Наогул адказныя працаўнікі, на такіх і трымаюцца таварыствы. Чаго варты Фёдар Астапчык, у працоўнай кніжцы якога стаіць адзін запіс у 1983 годзе аб залічэнні на працу вадзіцелем у родную гаспадарку. Больш за сорак гадоў на адным месцы — значыць любіць свае родныя мясціны, сваю зямлю. З 2010 года ў філіяле «Аграэнерга Зеляневічы» і Алег Месячык. Як працуецца жывёлаводам? Бывае і складана, але галоўнае — старацца, быць неабыякавым да ўсяго, чым займаешся. Тады кожны дзень будзе прыносіць задавальненне ад зробленага. А што яшчэ патрэбна для шчасця?

Ні адна сельскагаспадарчая культура сама па сабе не вырасце. Кожная чакае догляду, ды яшчэ якога! Але пакуль працуюць у гаспадарках сумленныя працаўнікі, то ўсяго ў нас будзе ўдосталь. І грэчкі таксама.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік