Воскресенье, 19 января 2025

І дзецям, і ветэранам

584

З навагоднімі святамі па Беларусі ўжо не першы год побач крочаць акцыі «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы». Як тут абмінеш увагай наша падрастаючае пакаленне, якому жыць і працаваць на роднай зямлі, і людзей старшага пакалення, якія сваёй працай мацавалі краіну, уздымалі яе прэстыж?! Абавязкова трэба да іх наведацца з падарункамі і з найлепшымі пажаданнямі.

З гэтай нагоды член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч і старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец наведалі сям’ю Нежаўцоў.

Хай Бог дасць здароўя на многія гады тым людзям, якія адважыліся на выхаванне дзяцей з прытулкаў, адарылі іх ласкай і пяшчотай. Каб усе хлопчыкі і дзяўчынкі былі здаровыя, разумныя, годныя сваёй Радзімы. Такія цёплыя словы гучалі ад Аляксандра Іванавіча і Мікалая Пятровіча ў доме сямейнага тыпу Аляксандра і Лірыны. Вельмі пастараліся стварыць сапраўднае навагодняе свята з Дзедам Марозам і Снягуркай для дзяцей намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяна Асіпчук, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Таццяна Максімовіч, сакратар пярвічкі РГА «БРСМ» Ангеліна Шэлест з ААТ «Жураўлінае». Без салодкасцей нікуды, закон Новага года! А яшчэ ўласныя сакавітыя яблыкі, мясная прадукцыя і падарункі ад сельгаставарыства. Няхай жа ўсё збудзецца ў жыцці нашага маладога пакалення!

Без увагі і, канечне, падарункаў не засталіся і пацыенты Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду. Моцнага здароўя, яшчэ доўгіх гадоў жыцця жадалі Аляксандр Пішч і Мікалай Кудравец людзям паважанага ўзросту.

Такія акцыі — адзін з сімвалаў бескарыслівасці і яднання людзей у сучаснай гісторыі Беларусі. Дарыць дабро вельмі проста, галоўнае — мець жаданне. Няхай жа яно ніколі не знікае ў кожнага беларуса.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік