Среда, 19 февраля 2025

І было на кірмашы ўсё, што хочаш для душы

1 056

Традыцыйныя сельскагаспадарчыя кірмашы са шчодрым бойкім гандлем і народным каларытам ніколі не згубяць сваёй папулярнасці: заўсёды будзе чым пахваліцца руплівым гаспадарам. У мінулую нядзелю такое свята прайшло ў аграгарадку Мокрае. Яго арганізавалі аддзелы маркетынгу і гандлю ААТ «Жураўлінае».

image

Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, бесперапынны дождж і халодны вецер, гандлёвая плошча каля грамадска-культурнага цэнтра «Мікалаеўскі» была расквечана яркімі фарбамі.

Жыхары гарадка і суседніх вёсак запасліся на зіму сельгаспрадукцыяй па больш нізкіх, чым у магазінах, цэнах, ацанілі асартымент і якасць прадукцыі, прапанаванай вытворцамі навакольных фермерскіх гаспадарак, і, зразумела, сталі ўдзельнікамі прыгожага і вясёлага дзейства, якім заўсёды суправаджаецца кірмашовы гандаль.

Як і меркавалася, асаблівым попытам карысталіся танныя наліўныя яблычкі, агародніна і мяса –  прадукцыі палёў, садоў і ферм сюды прывезлі ўдосталь. Людзі таўкліся ў прыўзнятым настроі, гаманілі са знаёмымі пра хлеб надзённы, а дакладней, пра бульбу (які сорт лепш падыходзіць для дранікаў) і капусту (абмяркоўвалі рэцэпты яе квашэння), перац, цыбулю і моркву (як лепей захоўваць), цэны на іх і сытную зімоўку…  Сеткі і торбы развозілі на машынах і веласіпедах, цягнулі на плячах — наколькі дазвалялі кашалькі і сілы.

Гасцінныя гаспадыні “Мікалаеўскага” тут жа пяклі румяныя беляшы і духмяныя чабурэкі, смажылі катлеты і шашлык. А для тых, хто аддае перавагу есці дома, падрыхтавалі свежыя паўфабрыкаты: фарш,  галубцы і каўбасы…

Побач была ўладкавана імправізаваная сцэна, на якой артысты з Мокраўскага сельскага Дома культуры (зразумела, на такім свяце яны не маглі застацца ў баку), узнімалі настрой прысутных добрымі песнямі, весялілі жартамі і забаўлялі гульнямі. Шмат прыемных хвілін  падарыла  гасцям вакальная группа “Дзявочнік” і яе гучнагалосыя салісткі  Святлана Бабій, Зінаіда Курулюк і Людміла Паспелава, заклікаў весяліцца і Сцяпан Калмагораў.

vakalnaya-grupa-devishnik

salistki-zinaida-kurulyuk-i-lyudmila-paspelava

scyapan-kalmagora%d1%9e

Усіх артыстаў віталі шчырымі апладысментамі – з іх песнямі сапраўды было цяплей.

Мокраўскае свята яшчэ раз даказала, што халады не перашкодзяць таму, каб працягвалася жыццё і песня.

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *