
Пра выбар шляху, справы надзённыя і перспектывы развіцця медыцынскай галіны на Пружаншчыне мы пагутарылі з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Юрыем Юзько.
Сустрэліся ў бальнічным калідоры: чакаць журналістаў у кабінеце ў галоўнага ўрача проста не было часу. Юрый Віктаравіч — практыкуючы хірург з дваццаціпяцігадовым стажам. Паўтара года таму ўзначаліў лячэбную ўстанову ў нашым горадзе. Адказнасці і пытанняў дабавілася ў разы. Пра ўласны выбар прафесіі гаворыць з усмешкай:
— Не прайшоў медкамісію ў ваеннае вучылішча і па просьбе мамы паступіў у медыцынскае. Ва ўніверсітэце вучыўся ўжо свядома.
Пачынаў санітарам, потым быў фельчарам хуткай дапамогі. Прызнаецца, што заўсёды падабаліся складаныя накірункі: рэанімацыя, «хуткая», хірургія — калі вынік урачэбнай дапамогі бачны адразу. Канчатковы выбар прыпаў на апошняе. На рашэнне паўплывалі выкладчыкі, хто сваім прыкладам яшчэ раз даказаў, што ў хірургіі выпадковых людзей не бывае.
— Дапамагчы чалавеку ў любы час дня і ночы пры любых абставінах — галоўны дэвіз жыцця, — падкрэслівае доктар. — Выбіраючы прафесію ўрача, ты ўжо сабе не належыш. Спачатку сніліся аперацыі, потым абвык, а зараз у сне «вырашаю» глабальныя пытанні, — з яскравай усмешкай кажа Юрый Віктаравіч.
Сумяшчаць прафесію практыкуючага хірурга і кіраваць райбальніцай не так проста. У яе структуру ўваходзяць Ружанская і Шарашоўская гарадскія бальніцы, Сухопальская бальніца сястрынскага догляду, сем амбулаторый агульнай практыкі і дваццаць восем ФАПаў. Арганізаваць работу на месцах, павысіць якасць медыцынскіх паслуг дапамагае каманда аднадумцаў, для якіх і ў аддаленых кутках ствараюцца ўсе ўмовы для аказання неабходнай дапамогі пацыентам.
— У жніўні мінулага года з дапамогай Брэсцкага аблвыканкама мы займелі перасоўны ФАП, — з гонарам кажа Юрый Юзько. — Цяпер прайсці поўную дыспансерызацыю вяскоўцам стала значна прасцей. Сучаснае медыцынскае абсталяванне дазваляе ўзяць неабходныя аналізы, зрабіць кардыяграму, прайсці абследаванне гінеколага, пракансультавацца з фельчарам і памочнікам урача, а таксама на месцы набыць неабходныя лекавыя прэпараты.
Медыцына нават у невялікіх райцэнтрах імкнецца ўпэўнена крочыць у нагу з часам. Але, каб укараніць новыя тэхналогіі ў медыцынскую практыку, трэба добра пастарацца. За папярэдні год значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база Пружанскай бальніцы, і ў гэтым вялікая заслуга кіраўніка, а таксама тых, хто глядзіць з ім у адным напрамку.
— Работы заўсёды хапае, — гаворыць Юрый Віктаравіч. — Значна пашырыўся спектр медыцынскіх паслуг, паўнацэнна працуюць кабінеты ультрагукавой дыягностыкі, уведзена ў строй эндаскапічная служба. Новая методыка забору ў донараў плазмы крыві ў аддзяленні трансфузіялогіі дазваляе скараціць час працэдуры ў разы, што немалаважна для якаснага папаўнення запасаў, а значыць, своечасовага аказання дапамогі. У аддзяленні рэанімацыі праведзены рамонтныя работы, закуплена сучаснае дыягнастычнае абсталяванне, чатыры кардыяманіторы, апарат ШВЛ (штучнай вентыляцыі лёгкіх). Аўтапарк бальніцы папоўніўся дзвюма новенькімі карэтамі хуткай дапамогі.
— Усе ФАПы ў сельскай мясцовасці прыведзены ў належны стан, — з гонарам падкрэслівае галоўны ўрач і, карыстаючыся момантам, выказвае шчырыя словы падзякі Пружанскаму раённаму выканаўчаму камітэту, галоўнаму ўпраўленню аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама за аказаную дапамогу і падтрымку ў плане пашырэння памяшканняў, правядзення рамонтных работ і мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы.
У медыцыне заўсёды ёсць куды расці. Галоўны ўрач бальніцы падзяліўся з намі планамі на бліжэйшую будучыню і нават на перспектыву. Загараючыся новай ідэяй, ён заўсёды імкнецца давесці справу да лагічнага завяршэння. І гэта не пустыя словы. Мы самі ў гэтым пераканаліся, убачылі ўсё на свае вочы.

— На сённяшні дзень вядуцца будаўнічыя работы ва ўнутраным двары бальніцы. Закончана прыбудова, дзе размесціцца паўнацэннае прыёмнае аддзяленне, сюды закуплена абсталяванне для аказання экстраннай дапамогі пацыентам, апарат камп’ютарнай тамаграфіі. Завяршаюцца работы па ўладкаванні тут аглядных кабінетаў, працэдурнай, інфекцыйнага блока, малой аперацыйнай, асобнай палаты назірання, стацыянарныя пакоі для дзяжурнага персаналу. У перспектыве плануецца перапланіроўка кабінетаў часовага прыёмнага пакоя, адкрыццё будынка дзіцячай кансультацыйнай паліклінікі і жаночай кансультацыі.
Юрый Віктаравіч захоплена гаварыць пра медыцыну, здаецца, можа бясконца. Аб выбары прафесіі не шкадуе, удзячны лёсу за нечаканы паварот, які даў магчымасць знайсці сябе і сваё прызначэнне. Словы начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкай вобласці Віктара Міхалоўскага, сказаныя перад сваім назначэннем на кіруючую пасаду, цытуе да гэтага часу: «Ты хірург, ты дапамог аднаму. Калі атрымаецца быць упраўленцам — дапаможаш сотням!». Менавіта у такім накірунку жыве і працуе доктар Юзько.
Напярэдадні прафесійнага свята галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ выказвае словы ўдзячнасці ўсім медыцынскім работнікам:
— Паважаныя калегі, урачы, медыцынскія сёстры, санітаркі, ветэраны медыцынскай службы! Выказваю словы падзякі ўсім, з кім разам робім адну вялікую справу, стаім на варце жыцця і здароўя нашых пацыентаў. Як урач жадаю самага галоўнага — здароўя вам і вашым сем’ям. Міру і дабрабыту, спакою ў душы і на сэрцы. Заставайцеся заўсёды вернымі абранаму шляху і сапраўднай справе, якая аднойчы і назаўжды выбрала вас!
Гутарыла Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны МАСІК